• ru
  • by
  • 27 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Сіла чалавека – у дабрыні

    05.03.2021

    250

    0

    Rate this post

    Вольга Сеген – бібліятэкар Рамельскай сярэдняй школы – асоба цікавая як у асабістым, так і прафесійным плане.
    І гэта пацвярджаюць яе ўзнагароды з розных конкурсаў і выстаВАК.
    Але Вольга Леанідаўна ніколі не ставіла перад сабой мэты – перамагчы. Яна проста вельмі любіць тое, чым зай-маецца, укладвае душу.
    Цікава, што карані Вольгі ў Рамлі. Хаця яна нарадзілася і вырасла ў Мікашэвічах, куды пераехалі са Століншчыны працаваць яе бацькі. Але кожнае лета прыязджала на канікулы ў вёску да сваёй бабулі Насці – разумнай, мудрай і вельмі добрай жанчыны. Добра памятае Вольга і сваю прабабулю – Алену, якая дажыла да глыбокай старасці ў поўнай свядомасці. Прагна слухала дзяўчына аповеды пра іх род і колішнія традыцыі, штосьці занатоўвала, каб не страціць потым.
    А пасля заканчэння школы Вольга – у дзявоцтве Гусак – паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на гістарычны факультэт. Але праз месяц вырашыла забраць дакументы. Прычына была адна – сталіца не прыняла студэнтку з Палесся, таму ўвесь час здараліся непрадбачаныя сітуацыі. Пра сваё рашэнне абсалютна не шкадуе, бо ўпэўнена: жыццё само часта дае знакі, на якія патрэбна звяртаць увагу.
    Тым часам дзяўчына выйшла замуж за рамельскага хлопца Віктара і канчаткова пераехала на радзіму сваёй маці. У сям’і нарадзіліся Аркадзь і Насця, названая ў гонар любімай бабулі. Калі дзеці крыху падраслі, Вольга вырашыла працягнуць вучыцца і паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А. С. Пушкіна.
    Яшчэ ў час вучобы выкладчык філасофіі прапанаваў студэнтам для добрай адзнакі альбо скласці сваю радаслоўную, альбо вучыць білеты. Вольга выбрала першы варыянт, тым больш у яе такое жаданне было ўжо даўно. Вось тады спатрэбіліся веды бабулі і прабабулі. Таксама многа размаўляла з іншымі старажыламі, звярталася па звесткі ў архівы і царкоўныя кнігі. І ёй удалося даведацца пра сваіх продкаў у шостым пакаленні.
    – Сувязь з нашымі продкамі існуе заўсёды і я ў гэтым неаднаразова ўпэўнівалася, – адзначае мая суразмоўца. – Таму вельмі важна ведаць пра свой род. У час складання генеалагічнага дрэва ў мяне з’явіўся такі азарт, што я проста не магла спыніцца.
    Але гэта быў толькі пачатак дзейнасці. Вольга Сеген прымала ўдзел практычна ва ўсіх даследчых конкурсах і абавязкова станавілася альбо пераможцай, альбо прызёрам. Яе галоўным памочнікам стала дачка, якая падрасла і таксама зацікавілася гэтым. Дарэчы, у яе не менш дыпломаў і ўзнагарод, чым у маці. Насця стала пераможцай раённага краязнаўчага конкурсу «Непаўторны Столінскі раён», прысвечанага памяці М. Шэлехава, уладальніцай дыплома ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу «Зялёная школа» ў намінацыі «Моладзь за зялёную планету». Два гады таму заняла другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе «Выратавальнікі вачамі дзяцей» у намінацыі «Казка». Больш таго, Анастасія Сеген стала пераможцай міжнароднага конкурсу, прысвечанага 75-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які праводзіўся ў Маскве. Журы, у складзе якога былі загадчыкі музеяў, члены саюза пісьменнікаў і мастакоў, высока ацаніла даследчую работу «Мой прадзед – герой».
    Вольга бачыць у сваёй дачцэ працяг і вельмі ганарыцца ёю. Зараз дзяўчына заканчвае школу і рыхтуецца да паступлення. Пакуль спынілася на педагогіцы.
    – Чалавек павінен быць апантаны сваёй справай, – кажа субяседніца. – Мне заўсёды было цікава, таму хапала і часу, і сілы, каб, так бы мовіць, дакапацца да ісціны. Я атрымліваю асалоду, калі ў мяне гэта атрымліваецца.
    Для кіраўніцтва школы бібліятэкар на вагу золата, таму менавіта ёй давяраюць інавацыйныя праекты. Ведаюць: калі Вольга Сеген за штосьці ўзялася – абавязкова давядзе да канца.
    Вольга, як і яе дачка, вельмі любіць маляваць. Асабліва пейзажы роднага Рамля, які любіць усім сэрцам і не ўяўляе жыцця ў іншым месцы.
    Вольга ўпэўнена, што сіла чалавека ў яго дабрыні, таму раіць дараваць нават ворагам, бо крыўда – цяжкі груз.
    Ганна МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика