• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    8C

    Разам з мастацтвам

    23.04.2024

    252

    0

    Rate this post

    18 красавіка Століншчына далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі «Разам з мастацтвам». У Столінскім ГДК хлебам-соллю сустракалі гасцей са сталіцы, якія і з’яўляюцца арганізатарамі патрыятычнага праекта, – артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады.

    Акцыя праходзіць па ўсёй Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і прымеркавана да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У ходзе праекта беларускія дзеячы культуры і мастацтва імкнуцца садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню насельніцтва, павазе да гісторыі, культуры і традыцый свайго народа, гераічнага мінулага радзімы, развіццю актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі падрастаючага пакалення, прапагандзе подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
    Старт мерапрыемству быў дадзены ў Стасіна, дзе адбылася экскурсія для гасцей, якіх да душы кранулі падрабязнасці гістарычнага мінулага нашага краю і колькасць ахвяр фашызму. У гонар пашаны і памяці ўсіх, хто загінуў на нашай зямлі, і ўсклалі кветкі. Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінуўшых хвілінай маўчання.


    Далей дэлегацыя накіра-валася ў Дом культуры, дзе былі размешчаны тэматычныя экспазіцыі. Госці пазнаёміліся з выставамі малюнкаў навучэнцаў ДШМ і школ, выставай літаратуры бібліятэчнай сістэмы, музейнымі экспазіцыямі, даследаваннямі навучэнцаў устаноў адукацыі раёна. Яны прадставілі цікавы і багаты матэрыял, заснаваны на мясцовых фактах, што тычыліся перыяду ваенных ліхалеццяў.
    Працягам мерапрыемства стала работа дыялогавай пляцоўкі, якая перамяжоўвалася з канцэртнымі нумарамі сталічных артыстаў і прадстаўнікоў культуры Століншчыны.
    З прывітальным словам выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч, які падкрэсліў, што сённяшняе мерапрыемства – гэта ячшэ адно пацверджанне трываласці палітыкі дзяржавы і таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку.
    – Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых маштабных і трагічных старонак у гісторыі Беларусі, – падкрэслілі госці. – Памяць пра яе падзеі, гераічныя подзвігі беларусаў на франтах і самаадданую працу ў тыле, скруху аб вялізных стратах, якія Беларусь панесла ў гады вайны, духоўна аб’ядноўвае сучаснае грамадства. Наша зямля першай прыняла на сябе ўдар гітлераўскай Германіі і здолела даць годны адпор захопнікам, паказаўшы ўсяму свету прыклад мужнасці, бясстрашнасці і гераізму. 2024 год – юбілейная дата аперацыі «Баграціён», падчас якой уся тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад гітлераўскіх захопнікаў. Вызваленне Беларусі – гэта значная старонка ў гісторыі нашай дзяржавы, апафеоз барацьбы беларускага народа супраць гітлераўскіх акупантаў. Мы, пакаленне нашчадкаў пераможцаў, павінны зберагчы гэтую святую памяць пра іх гераізм і самаадданасць, а таксама захаваць мір і спакой на нашай зямлі.


    Артысты выканалі патрыятычныя кампазіцыі, падзяліліся гісторыямі аб героях сваіх сем’яў, успамінамі родных ім людзей аб подзвігу беларускага народа, далучыўшыся такім чынам да акцыі «Нашы гісторыі пра герояў вайны».
    Яўген Ермалковіч расказаў пра тое, што яго бабуля і дзядуля былі малалетнімі вязнямі. Адна з бабуль сустрэла вайну пад Мінскам і ўспамінала, што снарады былі памерам з газавы балон. А другая бабуля, калі не слухаліся ўнукі, не хацелі есці, гаварыла: «Дзеткі, не елі вы травы». Дзядуля разам са сваімі бацькамі быў адпраўлены ў Германію. Яму было тады гадоў 6-7, і, калі здзекваліся над ім дзеці гаспадароў (немцаў), умеў за сябе пастаяць. Тыя ж разбягаліся са словамі: «Русіш, русіш».
    Яўген адзначыў, што яго дзед – артыст-самавучка, таму і ён пайшоў следам за дзедам, удзячны яму, што прывіў любоў да музыкі.
    Прадзед Кірылы Кучынскага расказваў, што да іх на фронт прыязджалі артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра. Яны, як толькі даведваліся, што абаронцы Айчыны доўгі час не чулі музыкі, не сустракалі творцаў сцэны, адразу збіраліся і ехалі туды, каб падбадзёрыць. Яны «зараджалі» салдат на новыя подзвігі, на перамогу, надавалі сілы. У хуткім часе артысты даведаліся пра вызваленне сталіцы і накіраваліся бліжэйшым поездам у Мінск. Поезд быў падбіты. Больш за ўсё пацярпеў вагон з гэтымі артыстамі. Да вызваленага Мінска яны так і не даехалі.
    Аляксандр Варанішча пад-крэсліў, што ганарыцца сваім дзядулем, які дайшоў да Берліна, меў шмат узнагарод. Заўжды разам з ім на фронце быў акардэон, які падымаў баявы дух.
    Ганна Трубяцкая падобна да свайго дзядулі, які пайшоў ваяваць з ворагам у 16 гадоў, дабавіўшы сабе два гады да паўналецця. Ганна мае яўрэйскія карані, таму наведванне Стасіна прымусіла яе яшчэ раз перажыць боль людскую і згадаць сваю сямейную трагедыю. На вачах у бабулі расстралялі ўсю яе сям’ю. Засталася ў жывых толькі яна, таму што знешне адрознівалася ад яўрэяў. Яна была ў канцлагеры, вытрымала здзекі, голад, разруху і зразумела сапраўдны кошт мірнага неба над галавой.
    Разам са сталічнымі артыстамі на сцэне выступілі юныя зорачкі Століншчыны – дуэт піяністак Столінскай ДШМ у складзе Марыі Лукша і Варвары Леанавец (наст. Аксана Камарова), удзельнікі народнага ансамбля танца «Рэха» (кір. Алена Волкава), удзельнікі вакальна-харавога калектыву «Рубляначка» (кір. Валянціна Лемяза) Давыд-Гарадоцкага ЦДТ.
    Напрыканцы мерапрыемства выступіў Аляксандр Ярашэвіч, які падзякаваў гасцям за такую цікавую і змястоўную сустрэчу, за іх неабыякавасць і грама-дзянскую пазіцыю. Ён выказаў надзею на тое, што распачатая добрая справа будзе памнажацца на Століншчыне, бо без мінулага няма будучыні. Аляксандр Ярашэвіч уручыў артыстам падарункі – кнігу «Памяць» Столінскага раёна і памятны сувенір.
    Ад аўтара. Галоўная мэта акцыі дасягнута. Удалося яшчэ раз падкрэсліць уклад беларускага народа ў агульную Перамогу, аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны, узгадаць продкаў-герояў. Гэта яшчэ адна патрыятычная старонка, якую мы перагарнулі і ўнеслі нататкі пра лёсы людзей, якія кожным сваім крокам набліжалі перамогу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы павінны памятаць, не маем права забыць – гэта наш абавязак, і мы будзем яго выконваць дзеля міру, дзеля будучыні.
    Людміла
    КАСПЯРОВІЧ
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика