• ru
  • by
  • 28 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Сустракаем «Світанне»!

    07.03.2024

    352

    0

    Rate this post

    Сёлета адзначае 40-гадовы юбілей народны інструментальны ансамбль «Світанне», які стаў візітнай карткай культурнага жыцця г. Давыд-Гарадка. Выступае калектыў і на іншых раённых пляцоўках. У хуткім часе ансамбль чакае значная падзея – чарговая абарона звання «Народны», якое ўпершыню «Світанне» атрымала ў 1995 годзе.

    Не адпускалі са сцэны
    Ідэя стварыць ансамбль народных інструментаў прыйшла першаму дырэктару Давыд-Гарадоцкай дзіцячай музычнай школы Фёдару Украінцу. Усе настаўнікі падтрымалі. Кіраўніком стаў Міхаіл Трухановіч, які доўгі час узначальваў установу і быў апантаны жаданнем, каб музыка гучала ўсюды.
    Удзельнікі ансамбля гралі на баянах, скрыпцы, а таксама такіх рускіх народных інструментах, як балалайка-прыма, балалайка-альт, балалайка-секунда, балалайка-кантрабас, домра малая, домра альтавая.
    – Фёдар Піліпавіч навучыў нас граць на балалайках, – успамінаюць Ніна Сцяпура і Аліна Тукіна, якія ў калектыве з 1988 і 1985 гадоў адпаведна. – А наш інструмент – фартэпіяна, але спрачацца не сталі. Такое выхаванне тады было, трэба – значыць трэба. Хоць пасля першай рэпетыцыі пальцы аж сінія былі (смяюцца). Потым так гралі, бы сапраўдныя балалаечніцы! Яшчэ адна наша калега Святлана Галавач хутка на домры навучылася граць, нягледзячы на тое, што таксама піяністка. Фёдар Піліпавіч быў Кіраўніком сапраўды з вялікай літары, ён шанаваў настаўнікаў, умеў пасяліць упэўненасць. Таму калектыў хутка стаў адным цэлым.
    Рэпертуар складаўся з апрацовак народных песень і танцаў, твораў савецкіх кампазітараў. А баявое хрышчэнне адбылося літаральна праз некалькі месяцаў пасля стварэння – на Дзень абаронцаў Айчыны.
    У падрабязнасцях памятае першы канцэрт яшчэ адзін старажыл ансамбля Міхаіл Сеген, які застаецца нязменным удзельнікам усе чатыры дзясяткі гадоў.
    – Я толькі пасля вучылішча прыйшоў працаваць у музычную школу, але вопыт у мяне быў даволі вялікі. Яшчэ падчас вучобы разам з аднакурснікамі мы стварылі групу і на турыстычных цягніках аб’ездзілі амаль увесь СССР. Выступалі ўсюды, куды звалі. Але засумаваў па радзіме і пасля службы ў арміі вярнуўся. У музычную школу мяне ўзялі і на работу, і ў ансамбль. Спявалі заўсёды ад душы. Нас не адпускалі са сцэны.
    Акрамя Міхаіла Пятровіча, голасам ансамбля былі Вера Мароз, Валянціна Пашкевіч, Ірына Котка, Алена Петравец, Ігар Харашун.

    Назва і званне
    Нягледзячы на такі поспех, ансамбль 10 гадоў існаваў без назвы. Выправіць гэтую недарэчнасць узяўся Анатоль Савацееў – чалавек, які не толькі назву падарыў, але і новы імідж.
    Таленавіты музыкант у час службы ў Германіі выступаў у ваенным ансамблі, граў на акардэоне і духавых інстументах. Маючы такі вялікі вопыт, з энтузіязмам узяўся за рэпертуар. Пры Анатолю Ільічу адбылося новае світанне ансамбля, таму і назва атрымалася сімвалічная. Тагачасныя ўдзельнікі калектыву адзначалі, што гэты чалавек не граў, а жыў музыкай. Напісаў вялікую колькасць апрацовак, партытур для ансамбля. Адбыліся змены ў выбары стылю і жанру рэпертуару, аранжыраваліся інструментальныя творы папулярнай музыкі замежных, рускіх і беларускіх кампазітараў. Адным словам, ансамбль выконваў творы на любы густ слухачоў.
    – Але большасць з іх была на беларускай мове, – дадае Міхаіл Пятровіч. – «Гаспадыня», «Зорачка мая», «Полька беларуская» гучалі на кожным канцэрце. У нас была даволі насычаная гастрольная дзейнасць. Заўсёды выступалі на справаздачных сходах у калгасах, якія забяспечвалі нас транспартам.
    Зусім не дзіўна, што ў 1995 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці самадзейнай мастацкай творчасці, актыўную работу па прапагандзе народных традыцый інструментальнаму ансамблю «Свiтанне» было прысвоена званне «Народны».
    Удзельнікамі ансамбля ў розныя гады былі многія музыканты, якіх добрым словам абавязкова прыгадае старэйшае пакаленне жыхароў Століншчыны. Гэта Фёдар Украінец і Юрый Чурыла – скрыпка, Леанід Шыкунец, Валерый Бакунец – баян, Наталля Будзько, Ніна Краўчук – домра, Наталля Бандарэнка, Аліна Тукіна, Ніна Сцяпура – балалайка, Святлана Галавач – электрапіяніна, Міхаіл Трухановіч – бас-гітара, Віктар Самсановіч, Сяргей Комар – ударныя інструменты.

    Дастойна
    прынялі эстафету
    Сучасны калектыў ансамбля складаецца з васьмі настаўнікаў Давыд-Гарадоцкай дзіцячай школы мастацтваў. Кіраўнік ансамбля – дырэктар школы Вадзім Козел. Нараўне з асноўнымі абавязкамі выконвае ўсе саліруючыя партыі на баяне. Самыя вопытныя з удзельнікаў – Міхаіл Сеген, пра якога размова ішла вышэй, і Аліна Тукіна, якая з’яўляецца дырыжорам ансамбля. На электрапіяніна – Ніна Сцяпура, якая за столькі гадоў зусім не змянілася, як і не змянілася яе любоў да музыкі. На беларускім народным інструменце – цымбалах – грае Надзея Бразоўская. Дарэчы, дзякуючы ёй у 2003 годзе і адкрыўся клас цымбалаў, у якім дагэтуль паспяхова выкладае. Сярод маладых – Юрый Овад (пяць гадоў у калектыве), грае на бас-гітары і выконвае абавязкі канцэрт-майстра. Ударныя інструменты – Міхаіл Драня. З яго з’яўленнем адкрыўся клас гітары, на якой ён пачаў граць у калектыве 20 гадоў таму. Працягнуў дынастыю і яго сын Данііл, які грае на баяне і з’яўляецца самым маладым удзельнікам калектыву.
    – З гонарам магу адзначыць, што мы трымаем высокую планку, якую ўзялі папярэднія выканаўцы, і з поспехам працягваем іх місію, – кажа Вадзім Іванавіч. – Змена пакаленняў адбываецца паспяхова, у чым адзначу заслугу нашых настаўнікаў, якія прывіваюць вучням любоў да музыкі. Справа ў тым, што быць удзельнікам можа толькі той чалавек, які шануе аказаны давер і раскрываецца на сцэне на ўсе 100 працэнтаў.
    На раённых святах, конкурсах, фестывалях калектыў заўсёды паказвае высокае майстэрства. Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і ганаровымі граматамі. Сярод апошніх – дыплом I ступені на V Міжнародным конкурсе мастацтваў «Ключ да таленту», які праходзіў у чэрвені 2023 года ў г. Ліда. У снежні мінулага года – дыплом лаўрэата II ступені на адкрытым дыстанцыйным конкурсе «#МузыкалкаЛіда# –2023». А ў студзені гэтага года – дыплом І ступені на IV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Musical star of Slovenia», які праходзіў у Рэспубліцы Славенія, г. Залец.
    Вось і з надыходзячым Днём жанчын ансамбль «Світанне» будзе віншаваць усіх у 40-ы раз, столькі, колькі існуе сам. А 9 Мая – гэта, увогуле, святое!
    За столькі гадоў змяніўся Давыд-Гарадок, але не змянілася традыцыя, па якой песню «Дзень Перамогі» выконвае Міхаіл Пятровіч. І ён заўсёды хвалюецца, што ўласціва толькі сапраўднаму артысту.
    Абарона звання ансамбля «Світанне» адбудзецца 16 сакавіка ў Давыд-Гарадоцкім доме культуры.
    І зноў загучыць музыка…
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика