• ru
  • by
  • 27 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    6C

    Мой прадзед дайшоў да Берліна

    15.02.2019

    413

    0

    Rate this post

    Вучаніцы 8 класа Хорскай СШ Таццяна Стахейка і Валерыя Стэльмах па крупінках збіраюць памяць пра сваіх прадзедаў. Іван Міхайлавіч Клімовіч і Уладзімір Андрэевіч Саўлук – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Іх аб’ядноўвае тое, што двое мужчын пайшлі на фронт, удзельнічалі ў штурме Берліна, а пасля вярнуліся да сваіх родных і блізкіх.
    Таццяна Стахейка расказвае:
    – Другая сусветная перавярнула свет. У ёй удзельнічалі 63 краіны з 72, якія існавалі на той час. Загінула вялікая колькасць людзей. І мы павінны цаніць сённяшні дзень, мір, якія дасталіся нам цаною іх жыццяў. Яны не шкадавалі сябе, каб прынесці нам мірнае неба.
    Дзяўчына ведае, што яе прадзед Іван Міхайлавіч дайшоў да Берліна, удзельнічаў у розных бітвах. За подзвігі ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За перамогу над фашысцкай Германіяй”, “За ўзяцце Берліна” і іншымі.
    Таццяна не памятае свайго пра-дзеда, якога не стала яшчэ ў пачатку 80-х гадоў. Але яна часта распытвае сваіх бабуль, дзядуль пра яго. Ён быў ярым камуністам. Пахаваны на мясцовых могілках, а на яго магіле стаіць помнік з чырвонай зоркай.
    – Захавалася мала інфармацыі. Але ёсць фотаздымкі, ёсць узнагароды, дакументы, якія расказваюць мне пра мінулае прадзеда, – кажа дзяўчына.
    Валерыя Стэльмах таксама не памятае свайго прадзеда, хаця ён пайшоў з жыцця не так і даўно. Але дзяўчына на той час была яшчэ маленькай, каб усведамляць, занатоўваць у памяці такія моманты.
    Уладзімір Андрэевіч меў шэраг узнагарод. Сярод іх медалі “За ўзяцце Берліна” і “За вызваленне Варшавы”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.
    Родны брат прадзеда Юліі Шуляковай Васіль Максімавіч Шулякоў не дайшоў да Берліна, не меў узнагарод. У бітве за вызваленне Кіева ён загінуў. Сям’я лічыла яго без вестак прапаўшым. Пакуль у 2010 годзе пошукавы атрад не знайшоў астанкі мужчыны ў вёсцы Юр’еўка. Прастрэленая каска, след ад кулі на чэрапе паказалі прычыну смерці салдата. Каску аддалі ў сельскі музей. Астанкі Васіля Максімавіча перапахаваны на яго радзіме – у Растоўскай вобласці.

    – Гэтая гісторыя ўскалыхнула маю свядомасць, хаця на той час я была зусім маленькай. Зараз, калі думаю пра яго, то разумею: жыццё абарвалася вельмі рана. Ён жа зусім не пажыў, – гаворыць Юлія.
    Сям’ю Наталлі Кажаноўскай таксама не абмінула вайна. Яе прадзед Уладзімір Трафімавіч Пучынскі быў вязнем, вывезены ў Германію. А бабуля Кацярына была ў партызанскім атрадзе. Звесткі пра гэтыя падзеі яе прадзед занатаваў у альбомы, кнігі. І Наталля часта іх чытае, чэрпае адтуль інфармацыю.
    Загадчык школьнага музея настаўнік геаграфіі Іван Галавач расказвае, што партызанскі рух на тэрыторыі вёскі спрацаваў так, што немцы перадумалі размяшчаць тут свой гарнізон. Хаця гэта першапачаткова планавалася. Калі партызаны даведаліся аб намеры немцаў, яны спалілі калгасныя памяшканні, сена. І немцам не было чым карміць коней. Здарылася гэта ў 1943 годзе, якраз перад новым годам.
    У школьным музеі захоўваюцца дакументы і рэчы, якія былі сведкамі Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з іх – памяць, якую беражліва ахоўваюць, але разам з тым уся інфармацыя знаходзіцца ў свабодным доступе для вучняў.
    – Дзеці прыходзяць, каб пагля-дзець. Яны могуць патрымаць у руках медалі, манеты таго часу, каску ды і іншыя рэчы. Дакранаюцца да гісторыі. І ў такія моманты бачыш, як яны ажываюць, як нараджаецца іх цікавасць да гісторыі, – гаворыць Іван Пятровіч.
    Таццяна СЕГЕН
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика