• ru
  • by
  • 28 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    15C

    Настаўніца людскіх сэрцаў

    24.12.2021

    227

    0

    Rate this post

    Усё сваё жыццё Ніна Іванаўна Гуранкова прысвяціла педагагічнай дзейнасці, будучы адной з першай кагорты спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у нашым раёне. Для сваіх вучняў была як настаўнікам, так і дарадчыкам, цаніла кожнага з іх. Жыццёвы шлях Ніны Іванаўны не быў простым, хапала ў ім цяжкасцяў і выпрабаванняў.​

    Ваеннае ліхалецце

    Нарадзілася Ніна Гуранкова 24 студзеня 1935 года ў вёсцы Пракопаўка Гомельскай вобласці. У сям’і было шасцёра дзяцей. Маці сама гадавала іх, бо бацька пайшоў дабравольцам на фронт.

    Браты і сёстры былі вельмі дружнымі, клапаціліся адзін пра аднаго. Але, на жаль, у сям’ю прыйшла бяда. Старэйшая сястра Валя, якой было 12 гадоў, моцна захварэла. І праз два тыдні яна пайшла з жыцця. А праз год раптоўна памёр малодшы пяцігадовы брат Анатоль. Гэтыя страты моцна засмуцілі маленькую Ніну. Калі яна пайшла ў першы клас, то часта плакала на ўроках. «Ідзі, прайдзіся па калідоры», – казала настаўніца. І дзяўчынка ішла, каб супакоіцца.​

    Бацька ў гэты час быў на перадавой, ​ дасылаў дадому лісты. Вернецца ён ці не, ніхто не ведаў. Аднойчы маці прала бялізну на возеры і раптам жанчыны крыкнулі: «Паглядзі, Паша, твой Іван стаіць». Радасці не было межаў. Дайшоўшы да Берліна, ён вярнуўся дадому жывым і здаровым. Але ж у хуткім часе прыйшла сумная вестка – загінуў старэйшы сын Міша. Быў танкістам і ад моцнага ранення ў жывот памёр на руках у камандзіра. Знайшоў свой апошні прытулак у Польшчы. Юнаку было толькі 19 гадоў…

    Вучаніца Шамякіна

    ​ Ніна была вельмі прагная да навукі, таму вучылася амаль выдатна. Дырэктарам сямігадовай школы быў беларускі пісьменнік Іван Шамякін. Да дзяцей ставіўся, як да роўні, ніколі нікога не пакрыўдзіў. А яго жонка Марыя была фельчарам. Калі Іван Пятровіч напісаў раман «Глыбокая плынь», сям’я пераехала.

    А Ніна Іванаўна працягнула вучыцца ў Маркавічах.​

    – Кожны дзень пешшу хадзілі за 10 кіламетраў у школу, – успамінае мая суразмоўца. – У мяне быў свісток. Я выходзіла зранку, свістала ў яго, усе збіраліся і крочылі на заняткі.​

    А пасля заканчэння школы Ніна Гуранкова стала студэнткай Гомельскага педагагічнага інстытута. Вучылася на хіміка-біёлага. Любоў да гэтых прадметаў з’явілася яшчэ ў школе, а настаўнічаць марыла з дзяцінства. Пасля заканчэння ​ інстытута ў 1957 годзе ​ дзяўчына была накіравана ў вёску Лядзец тады яшчэ Давыд-Гарадоцкага раёна.

    Настаўніца

    – Прыехала ў жніўні, таму паспела пазнаёміцца з калектывам да пачатку заняткаў, – пераносіцца ў мінулае Ніна Іванаўна. – Усе настаўнікі маладыя, заахвочаныя, ініцыятыўныя. Я дагэтуль добра памятаю кожнага з іх, хоць давялося мне працаваль толькі да Новага года. Далей мяне перавялі ў Вялікамалешаўскую сярэднюю школу. Была крыху засмучаная, бо ўжо звыкла да свайго першага рабочага месца. Але праз некаторы час асвоілася і на новым. А з якімі людзьмі давялося працаваць! Маімі калегамі былі заслужаныя настаўнікі – Міхаіл Шэлехаў і Надзея Кавалец. Дарэчы, з Надзеяй Іванаўнай мы хутка сталі сяброўкамі. Яна ўнікальная жанчына, была прыкладам як для дзяцей, так і для настаўнікаў, на яе раўняліся. Таму і школа была «на вышыні». Вучні без цяжкасцяў паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.​

    – Ды не толькі ад працы атрымлівала асалоду Ніна Іванаўна. Тут яна сустрэла сваё каханне. Высокі, статны Міхаіл Бруцкі-Сцямпкоўскі з Альпеня быў настаўнікам фізічнай культуры. Меў вельмі строгі падыход, таму яго вучні лідзіравалі ў розных спаборніцтвах.​

    – У 1959 годзе маладыя стварылі сям’ю. Першым нарадзіўся сыночак Уладзімір – бацькавы гонар. А ў 1965 годзе з’явілася дачка Галіна – маміна памочніца.​

    Давыд-Гарадок

    У Давыд-Гарадок сям’я пераехала таму, што Міхаілу прапанавалі ўзначаліць дзіцячую спартыўную школу. Знайшлося месца і для Ніны Іванаўны. Былы калега Міхаіл Шэлехаў ужо быў дырэктарам сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка. Ён і запрасіў да сябе Гуранкову. З таго часу і да выхаду на заслужаны адпачынах яна працавала ў гэтай школе.​

    Спачатку здымалі кватэру, а пасля пабудавалі свой дом, у якім вядзецца наша няспешная гутарка. Калі спартыўная школа знаходзілася ў некалькіх метрах ад дома, то Ніне Іванаўне даводзілася штодзень хадзіць за 10 кіламетраў.

    – Пэўна і жыву доўга, бо многа пешшу хадзіла, – жартуе жанчына. – Спачатку вучаніцай, а потым настаўніцай. Школа працавала ў дзве змены, таму было такое, што па два, а то і па тры разы бегла дадому, а потым назад. Яшчэ ж гаспадарку трымалі. Мой пакойны муж вельмі малако любіў, таму карову трымалі, свіней, курэй. Усё трэба было дагледзець, у хаце парадак навесці. З дзецьмі ўрокі павучыць. Я зараз здзіўляюся, колькі ў мяне хапала сілаў. Маладая была, не тое, што зараз…

    Гэта Ніна Іванаўна крыху хітрыць. Хапае ў яе сіл і зараз, гледзячы на ідэальную чысціню у доме і такія ж градкі ў агародзе.​

    Паважалі сваю настаўніцу вучні за яе разважлівы і добры характар. Была класным кіраўніком, да кожнага мела падыход, і за парадамі звярталіся. Дарэчы, яе вучнем быў галоўны ўрач Столінскай раённай бальніцы Віктар Майсюк. Фотаздымак, на якім ён піянер, таксама ляжыць у фотаальбоме маёй суразмоўцы.​

    Вось што Віктар Іванавіч сказаў пра Ніну Іванаўну:

    – Гэта мая самая любімая настаўніца, педагог з цудоўным спалучэннем такіх якасцяў, як патрабавальнасць, дабрыня, прафесіяналізм і жаноцкасць. Разам ездзілі на экскурсіі, у паходы хадзілі. Выкладала ў нас хімію, якую я ведаў бездакорна. Таму ў тым, што я выбраў медыцыну, вялікая заслуга Ніны Іванаўны.​

    З мужам Ніна Іванаўна жылі душа ў душу. На жаль, ужо 23 гады, як удава. Чарговы ўдар прынесла раптоўная смерць сына, якому было 46 гадоў. А ў гэтым годзе таксама неспадзявана пакінула гэты свет унучка Юлія, 15-гадовы сыночак застаўся сіратой. Перажыць гора дапамагае вера ў Бога.​

    А яшчэ падтрымлівае сястра Марыя, якая пераехала ў наш раён, будучы школьніцай. Таксама працавала настаўніцай хіміі і біялогіі, толькі ў Сямігосціцкай сярэдняй школе. Яны, як і ў дзяцінстве, неразлучныя.​

    Маці часта наведвае дачка Галіна, якая жыве ў сталіцы. Звычайна ўлетку прыязджаюць да бабулі ўнук Дзмітрый і праўнук Міхаіл. Ды і суседзі – вельмі спагадлівыя і дабрадушныя людзі, заўсёды дапамогуць.

    Ведаеце, вельмі рада, што давялося сустрэцца з Нінай Іванаўнай. Дзякую тым, хто падказаў напісаць пра гэтую жанчыну. У яе столькі душэўнай цеплыні і сардэчнасці, якія такая рэдкасць у сучасным свеце. Яна – прыклад жанчыны, маці, настаўніка, сапраўднага чалавека.​

    Ганна МЕЛЬНІК

    Фота аўтара

     

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика