• ru
  • by
  • 30 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    22C

    Хто рабіць бярэцца, той і вучыцца

    12.04.2024

    314

    0

    5/5 - (1 голос)

    Ад нашых продкаў нам засталося шмат прыказак і прымавак пра працу: «Жаданая праца, як сонца ўзыход», «Добра працуеш – павагу маеш», «Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы» і многія іншыя. І гэта не проста словы, а народная мудрасць, што перадалася ў спадчыну. Цікава, ці можна навучыць працы, як, напрыклад, замежнай мове ці матэматыцы? Адказ на гэтае пытанне знайшоўся ў настаўніка працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Аксаны Харашун,
    якая выкладае гэты прадмет з 2000-га года.


    – Хто рабіць бярэцца, той і вучыцца, – таксама прымаўкай адказала Аксана Аляксандраўна. – Але, на маю думку, працавітасць – гэта прыроджаная якасць, як колер вачэй ці форма носу. Канешне, пэўнымі навыкамі можна авалодаць, тут важна жаданне, цярпенне і настойлівасць. І калі ўсё спалучаецца разам – добры вынік не прымусіць сябе чакаць.
    – Аксана Аляксандраўна, існуе меркаванне, што працоўнае навучанне – самы лёгкі прадмет у школе, ды і займаецеся Вы толькі з дзяўчынкамі…
    – Гэта толькі здаецца, паколькі ў гэтым прадмеце сумяшчаецца шмат розных навук. Напрыклад, праходзім курс кулінарыі. Акрамя таго, што гатуем, мы вывучаем хімічныя якасці і ўласцівасці прадуктаў, каларыйнасць і каштоўнасць, распрацоўваем карыснае меню, у якім у патрэбных прапорцыях ёсць бялкі, тлушчы і вугляводы. Вось вам і хімія. Калі ж вывучаем кройку і шыццё, акрамя якасцяў тканіны трэба добра ведаць геаметрыю і чарчэнне, каб выраб атрымаўся без хібаў. Раслінаводства само пра сябе ўжо гаворыць – біялогія, асабліва батаніка, тут проста неабходны. Да таго ж эстэтычны густ патрэбны, каб прыгожа аздабляць клумбы і паркавыя зоны. Як бачым, не ўсё так проста. Пасля заканчэння той ці іншай тэмы адказваем на заданні тэстаў, па выніку якіх фарміруецца канчатковая адзнака за чвэрць. Тым больш, што школьная праграма пастаянна ўдасканальваецца, ідзе ў нагу з часам, з’яўляюцца новыя раздзелы ў дапаможніках, новыя тэрміны. Таму, паверце, і я разам з вучнямі даведваюся пра штосьці новае.


    – Зараз у інтэрнэце можна знайсці ўсё, што душа пажадае, – ад відэаўрокаў да прафесійных курсаў. Гэта Вам перашкаджае ці наадварот?
    – У маім выпадку інтэрнэту трэба падзякаваць. Але ўсяму таму, што там паказваецца, трэба ж навучыцца. Як правільна трымаць кручок, як выглядае аверлочнае ці фестончатае шво, колькі трэба тэкстыльнага клею для вырабу, – без працоўнага навучання гэтага ведаць не будзеш. А тое, што ў інтэрнэце многа розных ідэй, – гэта цудоўна. Я з вялікім задавальненнем іду насустрач вучаніцам у іх жаданні зрабіць штосьці сваімі рукамі. Значыць, у гэтым вырабе будзе часцінка іх душы. Тым больш наш кабінет, дзякуючы раённаму кіраўніцтву, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Новыя швейныя машынкі, машынка для апрацоўкі швоў, сучасны кабінет кулінарыі. Так што можна смела сказаць, дзяўчынкі на маіх уроках вучацца быць сапраўднымі гаспадынямі. А ў сямейным жыцці ўсё спатрэбіцца (смяецца). Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць бацькам, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей у іх імкненнях, калі разам з імі шукаюць патрэбныя тканіну і фурнітуру на Валдберысе, калі хваляць, цікавяцца. Гэта адчуваецца адразу па вачах вучаніц.


    – Дарэчы, дзякуючы сацыяльным сеткам, даведалася, што Вы таксама займаецеся вырабам лялечных персанажаў. Ці даўно гэты занятак з’яўляецца Вашым хобі?
    – Так, сапраўды, крыху менш за тры гады таму захапілася пашывам мяккіх лялек. Зноў жа, падгледзела ў інтэрнэце і мне спадабалася ідэя. Але лялькі я раблю выключна для канкрэтнага чалавека, каб яна з’яўлялася своеасаблівым абярэгам. Спачатку проста дарыла, як падарунак, а потым пачалі рабіць заказы. Імкнуся, каб лялька не толькі знешне паходзіла на свайго гаспадара, але і яго душу адлюстроўвала. І ў гэтым я не першапраходзец, бо яшчэ нашы прабабулі выкарыстоўвалі лялькі-абярэгі. Увогуле, карані майстэрства вырабу лялек растуць са старажытных часоў. Цікавы той факт, што ў Егіпце знайшлі лялькі, якім па чатыры тысячы гадоў! Канешне, матэрыялы для іх вырабу былі зусім іншыя: дрэва, салома, сена, палатно, гліна. Але ў кожнай з іх было прызначэнне. Вось, дарэчы, зусім нядаўна, на Масленіцу, спальвалі ляльку, як сімвал адыходзячай зімы. Гэта вельмі цікавая і глыбокая тэма, якая працягвае даследавацца. Увогуле, я з тых людзей, якія любяць вучыцца і даведвацца пра штосьці новае.
    Ды і дома мая суразмоўца – гаспадыня на ўсе рукі. Любіць радаваць родных смачнымі стравамі. Муж Іван таксама настаўнік па тэхнічнай працы ў гэтай жа школе. Таму з жонкай «на адной хвалі». Дарослыя сыны Андрэй і Аляксандр з сем’ямі жывуць у Мінску. Ёсць і трохгадовая ўнучка Жэнечка, якую вельмі любіць бабуля. І якой, канешне, часта дорыць лялькі.
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика