• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    21C

    Залог сямейнага шчасця — каханне — Іна Сімановіч – уладальніца ордэна Маці з аграгарадка Альшаны

    17.09.2021

    287

    0

    Rate this post

    Ёсць выказванне, што сіла жанчыны ў яе мудрасці. Яго пацвярджае і Іна Сімановіч – уладальніца ордэна Маці з аграгарадка Альшаны.
    Наша размова атрымалася вельмі цікавай і карыснай. Іна Васільеўна расказала пра сваю сям’ю, якія правілы пануюць у іх доме і што самае галоўнае ў выхаванні дзяцей.
    Выйшла замуж адразу пасля школы. Муж Уладзімір – яе першае і адзінае каханне. Сустракаліся з юнацтва, яго праводзіла ў армію, а дачакаўшыся, вырашылі стварыць сям’ю. Нягледзячы на малады ўзрост, гэта ў іх атрымалася. Дапамаглі маці маладых – Наталля Міхайлаўна і Марыя Сцяпанаўна. Жанчыны вучылі сваіх дзяцей слухаць адзін аднаго і вырашаць праблемы толькі ў сям’і. Гэта ж зараз раіць Іна і сваім дзецям, якіх у яе шасцёра.
    Старэйшай дачцэ Марыі зараз 22 гады, жыве з бацькамі. Наталля – ужо сямейная жанчына, вяселле згулялі 25 ліпеня. Зараз яна працуе ў Давыд-Гарадоцкай бальніцы памочнікам урача. Жывуць маладыя асобна, што Іна лічыць абсалютна правільным.
    – Я за тое, каб муж з жонкай будавалі сваю сям’ю самастойна. Таму ніколі не ўмешваюся ў іх справы. Даю парады толькі тады, калі просяць. Я адна-значна не з тых цешчаў, якія жадаюць ведаць пра кожную хвіліну. Навошта, каб потым былі нараканні. Я давяраю сваёй дачцэ і не лічу патрэбным камандаваць, як трэба тое рабіць ці гэта. Самі няхай разбіраюцца, – кажа Іна.
    Калі ў сям’і былі дзве дачушкі, Іна прымае рашэнне ўзяць дзіця з дзіцячага дома. Моцна паўплывала тое, што яе маці ў свой час таксама ўзяла дзяўчынку Наташу з дзіцячага дома, калі гадавалася сваіх пяцёра дзяцей. Вельмі блізкая з прыёмнай сястрой і Іна. Калісьці, будучы яшчэ малымі, яны паабяцалі, што абавязкова возьмуць дзіця з дзіцячага дома, калі створаць свае сем’і. Іна слова стрымала.
    Разам з мужам паехалі ў Бабруйскі дзіцячы дом. Іна вельмі не хацела хадзіць па групах і выбіраць. Гэта ж дзеці, а не мэбля якая. І папрасіла Бога, каб прыслаў тое дзіця, якое ёй патрэбна гадаваць. Выхавальнікі прывялі толькі аднаго хлопчыка, якому было тры гады і якога звалі Вадзімам. І больш Іна не сумнявалася – гэта яе сыночак. Ведала толькі тое, што ён з радзільнага дома адзін, а далей не стала шукаць карані.
    Вадзім быў хлопчыкам вельмі замкнёным, не ўмеў добра гаварыць. Спачатку Іна вадзіла да лагапеда, але дзіця не пайшло на кантакт, давялося займацца самой.
    – Я з ім многа працавала, але імкнулася, каб гэта было не пад прымусам. Напрыклад, луплю бульбу і прашу, каб палічыў. Ён з задавальненнем лічыць. Яшчэ якой справай займаюся – і ён побач. Яму падабалася быць патрэбным, таму да школы мы падрыхтаваліся добра. Зараз мой Вадзім вучыцца ў Столінскім сельскагаспадарчым ліцэі на трактарыста-машыніста. У нас з ім вельмі даверлівыя адносіны, заўсёды тэлефануе мне, расказвае пра сваё жыццё. Я ніколі не хавала таго, што ён прыёмны сын, бо праўда заўсёды выйдзе наверх. І вельмі рада, што стала для яго сапраўднай маці, – гаворыць Іна.
    Далей у сям’і нарадзілася дачка Вольга, якая сёлета пай-шла ў 11 клас. Марыць стаць поварам-кандытарам.
    – Гэта не тое, што правая рука, гэта мая паўнацэнная замена на кухні. Любоў да кулінарыі ў яе прачнулася дзесьці ў 13 гадоў. І пайшло-паехала. Тарты яна можа пячы хоць кожны дзень. А як смачна гатуе! Мяне даўно перасягнула. Таму я ніколі не хвалявалася, калі дзе адлучалася па справах, што дома ў мяне не будзе чаго есці, – усміхаецца Іна.
    Яшчэ адной дачцэ Таццяне зараз 11 гадоў. Вельмі добрая, разумная і разважлівая дзяўчынка, да яе нават старэйшыя па парады звяртаюцца.
    А вось самаму малодшаму члену сям’і Уладзіміру ў канцы верасня будзе два гадочкі.
    – Гарэзлівы хлопчык, што не дзіўна – столькі ўвагі яму ад старэйшых. Вельмі кемлівы і ўсё паўтарае. Я бяру тэлефон і ён штосьці ў руку і быццам размаўляе. Зараз такі ўзрост цікавы, толькі паспяваю назіраць. Дзеці гадуюцца вельмі хутка. Я сама не заўважыла, як мае старэйшыя дочкі – ужо нявесты. Таму жадаю ўсім маці, якія б занятыя ні былі, знаходзьце час для дзяцей, – раіць мая суразмоўца.
    – Чаму вы вучыце іх у першую чаргу?
    – Заставацца людзьмі, быць чэснымі і надзейнымі, не хлусіць і не перакладаць сваю віну на кагосьці. На гэта не ўплывае ні ступень адукаванасці, ні матэрыяльнае становішча. Павінна, каб душа была добраўпарадкавана. Нам пашанцавала з мужам сустрэць сваю палову з першага разу. І гэта вялікае шчасце, бо вакол столькі разводаў, што аж жахліва становіцца. Муж для мяне – гэта ўсё. Мы ўсё вырашаем толькі разам. Ён мяне моцна падтрымаў у рашэнні ўзяць дзіця і гадаваў яго як свайго. Я ведаю, што магу давяраць свайму мужу і адчуваю яго мужчынскае плячо.
    Сям’я даўно жыве ў сваім доме, які Іна лічыць сваёй крэпасцю. Упэўнена, што пускаць у яго можна толькі родных і надзейных людзей. Адпачываюць сваёй сям’ёй, асабліва дні нараджэння весела праходзяць. Сям’я веруючая, абавязкова наведвае Дом малітвы.
    – Нас абараняе Бог, галоўнае верыць у яго. І ўсё, праз што мы праходзім, нездарма. Ніколі не трэба апускаць рукі, нават у цяжкія хвіліны. Любыя выпрабаванні робяць нас мацнейшымі, – упэўнена мнагадзетная маці.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика