• ru
  • by
  • 6 мая

    USD

    EUR

    Столин

    17C

    Захавальніца вучнёўскіх сакрэтаў

    30.10.2020

    417

    0

    Rate this post

    Сёлетні выпуск для Таццяны Гайкевіч – настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка – стаў юбілейным: дзясятым.
    На працягу 35 гадоў яна сустракае вучняў і вядзе іх у краіну ведаў. Вось і наша знаёмства адбылося на мерапрыемстве «Пасвячэнне ў вучні», на якім першакласнікі падрыхтавалі песні, вершы і танцы. Настаўніца добра памятае кожнага свайго вучня: які той меў характар і якімі здольнасцямі валодаў. І дадае, што ўсе дзеці абсалютна розныя і таму ўнікальныя.
    Таццяна Васільеўна таксама вучылася ў гэтай жа школе, дзе зараз выкладае. На настаўнікаў глядзела з захапленнем, таму і сама вырашыла быць прадстаўніком гэтай прафесіі і паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча на факультэт пачатковай адукацыі.
    – Мне хацелася вучыць менавіта маленькіх дзяцей, бо яны ўражваюць сваёй чэснасцю і адкрытасцю, – кажа Таццяна Васільеўна. – Вы не паверыце, але я хвалююся, калі ўпершыню знаёмлюся са сваімі будучымі вучнямі. Важна, каб атрымаўся кантакт, каб дзіця паверыла, каб давярала потым. Адна справа вучыць, а другая – выклікаць жаданне вучыцца. А гэта ўжо задача намнога складанейшая, паколькі трэба да кожнага знайсці падыход. Адзін вучань вельмі здольны, але кудысьці пастаянна спяшаецца, таму сшытак чырванее ад памылак. Другі марудна працуе на ўроку, затое бездакорна. Тут неабходна вялікае цярпенне, асабліва, калі дзеці ў першым класе і толькі звыкаюць да вучэбнага працэсу. Сучасныя вучні вельмі развітыя, што не дзіўна ў час новых тэхналогій. Да таго ж кожны новы набор шустрэйшы за папярэдні. Таксама за тыя гады, што настаўнічаю, назіраю вялікі скачок наперад у інтэлектуальным плане, таму школьная праграма таксама ўскладняецца. Вось чаму настаўніку не справіцца без дапамогі бацькоў. Разумею тое, што многія з іх вяртаюцца з работы стомленыя, а тут яшчэ ўрокі трэба вучыць. Але, паверце майму вопыту, без бацькоўскага ўдзелу ў навучанні знікнуць і тыя здольнасці, якімі надзяліла прырода. Цікаўцеся паспяховасцю свайго дзіцяці, тэлефануйце настаўніку, пытайце, райцеся. Усё ж гэта наша агульная мэта, каб вучоба прыносіла радасць, а не расчараванне.
    За сваю працоўную дзейнасць Таццяна Васільеўна выслухала многа дзіцячых сакрэтаў, якія захоўвае і зараз. Успомняць сваю першую настаўніцу не толькі гарадчукі, паколькі пасля вучылішча Таццяна Гайкевіч дзесяць гадоў выкладала ў Велямічах. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, які скончыла завочна. Як у настаўніка вышэйшай катэгорыі маладое пакаленне педагогаў вучыцца ў Таццяны Васільеўны, а кіраўніцтва школы даручае важныя праекты.
    Няхай то ранішнік ці адкрыты ўрок, Таццяна Васільеўна заўсёды на вышыні. У кожным вучні адкрывае таленты, якія і бацькі, бывае, не могуць разгледзець.
    А дома Таццяна Васільеўна – цудоўная гаспадыня. Разам з мужам нарадзілі і выхавалі сына Віталя, які па адукацыі педагог. Часта раіцца са свякроўю нявестка Таццяна, якая таксама з’яўляецца настаўніцай пачатковых класаў, толькі ў сярэдняй школе № 2. У чацвёрты клас ходзіць унучка Арына, а ўнук Аляксандр пойдзе ў школу ў наступным годзе. Але дзякуючы сваёй бабулі літары і лічбы ведае ўжо на зубок. Аптымізм Таццяна Васільеўна лічыць галоўным залогам добрага самаадчування, а ў людзях цэніць пачуццё гумару і чэснасць.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика