• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    За вышыўкай адпачываю — Ніна Харавец з Відзібора

    21.05.2021

    513

    0

    Rate this post

    У госці да Ніны Харавец з Відзібора мяне запрасіла культработнік мясцовага Дома культуры Марына Каспяровіч. Мая цёзка запэўніла, што захапленне Ніны Іларыёнаўны нельга пакідаць без увагі. І насамрэч, пра такіх майстрых трэба расказваць чытачам, бо яны сваімі рукамі ствараюць культурную спадчыну нашага палескага краю.
    Малая радзіма Ніны Іларыёнаўны – вёсачка Церабішча. Там доўгімі вечарамі маці вучыла вязаць, вышываць… Рукі простай вясковай жанчыны рабілі цудоўныя рэчы як для аздаблення інтэр’еру, так і вопраткі для штодзённага ўжытку, ды і святочнай. Навучыла ўсяму Ніну і яе сястру Еву. Ніне гэтая справа вельмі спадабалася, таму кожную вольную хвіліну пасля школы праводзіла за любімым заняткам.


    Ніна Іларыёнаўна скончыла Столінскі тэхнікум, выйшла замуж. З Аляксеем даўно і добра ведалі адзін аднаго, хаця ён жыў у Відзіборы, а адслужыў у арміі – тады і вяселле справілі.
    Працаваць жанчына ўладкавалася бухгалтарам на Ровенскай абласной базе, пасля была намеснікам і галоўным бухгалтарам. Здавалася б, усё было, і жыццё добра складвалася, але сям’я ўжо з маленькай дачушкай Таццянай прыняла рашэнне аб вяртанні ў Відзібор. Ніна атрымала траўму, якая паўплывала на гэты крок, ды яшчэ і аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Як застацца, калі такая бяда?
    Дачка пайшла ў школу ўжо ў Відзіборы. Паступова станавіліся на ногі. Ніне Іларыёнаўне давялося працаваць доўгі час бібліятэкарам у школе. Да работы прыкіпела душой. Нават атрымала ўзнагароду за перамогу ў конкурсе «Бібліятэка – асяродак культурнага жыцця». Таксама працавала на асфальтным заводзе…
    Муж заўжды быў добрай падтрымкай, увесь час саграваў і словам, і дзейснай парадай. Разам працавалі па гаспадарцы, дзяліліся перажытым і планавалі заўтрашні дзень. Вечарам Ніна Іларыёнаўна займалася любімай справай, а муж быў побач, раіў, падтрымліваў. Але, на жаль, ужо шэсць гадоў, як Аляксей пайшоў з жыцця пасля цяжкай хваробы.
    Ніна Харавец адпачывае за вышыўкай. Гэта дае ёй новыя сілы, асабліва зараз, калі знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Завіхаецца ў агародзе: вырошчвае агародніну і цэлае мора самых разнастайных кветак, якія вельмі любіць. Дзеліцца, што зіма неяк непрыкметна пралятае, а ў жанчыны з’яўляюцца ўсё новыя ідэі і, адпаведна, вырабы. Штосьці бярэ з літаратуры, часопісаў, якія доўгі час выпісвае. А яшчэ наведвае гурток «Майстрыха» на базе мясцовага Дома культуры, таму ёсць з кім параіцца і ўзяць для сябе штосьці новае. Альбо глядзіць адпаведныя сюжэты на YouTube-канале.
    Увесь дом майстрыхі ўпрыгожаны яе работамі: у кожным пакоі карціны ручной работы, сурвэткі, паштоўкі, прасціны, навалачкі… У шафе таксама іх безліч. Захоўвае жанчына і самыя першыя вышыўкі, з якіх толькі пачынала. Яны па-свойму дарагія. Ёсць нават вышытыя шторы, якія раней былі ў модзе. Каўнерыкі для сукенак, падстаўкі для кашпо, абрусы, дарожкі, вугольнікі… Саграваюць маляўнічыя пейзажы, сакавітыя нацюрморты… У руках майстрыхі ажываюць казачныя героі і цэлыя эпізоды з твораў. Прысутнічае дзіцячая тэматыка, ёсць вышытыя іконы. Падрыхтавала Ніна Харавец серыю паштовак навагодняй тэматыкі, цяпер задалася мэтай зрабіць такую ж да Вялікадня.
    Спрабавала вышываць стужкамі, бісерам, але ўсё ж бліжэй да душы вышыўка крыжыкам і гладдзю ды вязанне кручком. Згадвае, як дачка любіла насіць рэчы, якія з любоўю вязала маці. Два вечары – і новая спадніца гатова. Ды і зараз Ніна Іларыёнаўна звязала новы кардыган, любіць насіць блузку з вышыўкай і г. д. Адзенне не адрозніць ад фабрычнага.
    Вельмі любяць рэчы, што ўласнаруч вышывае Ніна Харавец, яе блізкія. Дачка Таццяна з сям’ёй ужо даўно жыве ў Брэсце. Сваё майстэрства Ніна Іларыёнаўна перадала Таццяне. Умеюць вышываць і ўнучкі, якія ўсе канікулы праводзілі ў бабулі і ўсесь час круціліся каля яе. Праўда, цяпер Вікторыя і Юлія выраслі, вучацца, працуюць, але часта прыязджаюць да бабулі. Даюць ёй заказы на новую прыгожую падушачку для аўтамабіля альбо карціну для кватэры ці дачы. І Ніна Харавец з задавальненнем выконвае іх просьбы. А родзічка з Мурманска даслала Ніне Іларыёнаўне ў якасці падарунка новыя схемы і набор для творчасці. Для жанчыны гэта найлепшы знак увагі.
    Ніна Харавец лічыць, што гэта не проста захапленне, гэта наша беларуская культура, якую мы не павінны забываць, а, наадварот, вучыць сваіх дзяцей і перадаваць з пакалення ў пакаленне.

    Людміла
    КАСПЯРОВІЧ
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика