• ru
  • by
  • 5 мая

    USD

    EUR

    Столин

    10C

    Ведай нашых! Песня, якая ідзе з сэрца

    26.11.2021

    330

    0

    Rate this post

    Багатая зямля палеская на таленты! А якія галасы маюць! І вось чарговае пацвярджэнне ўнікальнасці паляшучак – аматарскае аб’яднанне «Рубляначка» Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці стала лаўрэатам дыплома ІІ ступені ў намінацыі «Народна-стылізаваныя спевы» Рэспубліканскага дзіцячага фестывалю-конкурсу выканаўцаў народнай песні «Жывая Крыніца».
    Старшыня журы – народны артыст, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, кампазітар, кіраўнік заслужанага калектыву ансамбля народнай музыкі Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Бяседа» – Леанід Захлеўны. Члены журы – старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, прафесар – Віктар Войцік; дацэнты кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – Ларыса Снапкова і Таццяна Пладунова; выкладчык вакальна-харавых дысцыплін Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў – Ірына Змітрукевіч.
    І вось гэтых мэтраў пакарылі нашы зямлячкі пад кіраўніцтвам Валянціны Лемязы. Будучы аматарамі, а не прафесіяналамі, яны ўступілі першае месца толькі ўзорнаму ансамблю народнай песні «Вясёлка».
    – Валянціна Міхайлаўна, шчыра віншую вас з узнагародай! Адкажыце, ці разлічвалі вы на такі вынік?
    – Ведаеце, мы з дзяўчатамі нават не задумваліся над гэтым, проста старанна рыхтаваліся, многа рэпеціравалі. За некалькі дзён даведаліся, што з-за пандэміі конкурс будзе завочным. Нам патрэбна было запісаць відэа нашага выступлення. Гэта мы зрабілі ў сценах Рубельскай сярэдняй школы. Даведаўшыся, што мы занялі другое месца сярод 11 калектываў, з якіх усе ўзорныя і са званнямі, моцна ўзрадаваліся.
    – Якія песні і чаму выбралі для конкурсу?
    – Мы запісалі песню «Смутный вечер». Яна цяжкая, але вельмі прыгожая. І мае дзяўчаты справіліся выдатна. А другую народную песню «Прывітальная» мы выконвалі раней. Яшчэ больш нам дарагая гэтая ўзнагарода таму, што ніводная ўдзельніца нашага аб’яднання не мае музычнай адукацыі. Вучылі на слых. Таму буду хваліць сваіх прыгажунь – Лізавету Далінскую, Ксенію Страха, Анастасію Сірошык, Юлію Вабішчэвіч, Дар’ю Пашкевіч, Наталлю Пашкевіч, Ганну Семянчук і Дзіяну Страха.
    – Вы ўзялі на сябе важную місію – захоўваць культурную спадчыну нашага народа. Наколькі я ведаю, вы таксама выконваеце царкоўныя псалмы. Як удаецца ўтрымліваць цікавасць у маладога пакалення?
    – Толькі Божае благаславенне дапамагае, бо робім добрую справу. Раней я працавала ў мясцовым Доме культуры мастацкім кіраўніком і многіх дзяўчат – удзельніц аб’яднання – заўважыла яшчэ ў дзіцячым садку. Вось яны і крочаць са мной. Мы з дзяўчатамі спяваем літургіі ў святы, чым радуем мясцовых жыхароў. Вялікую падтрымку нам аказвае настаяцель храма айцец Уладзімір. Таксама наш благачынны Рыгор Кажаноўскі запрашае на праваслаўныя святы і мы з задавальненнем прымаем удзел. Дзяўчаты мае ўсе малайцы, выдатніцы. Многія ў гэтым го-дзе будуць паступаць, таму многа працую з малодшай групай, у якой мая меншая дачка Алёнка.
    У нас ужо даволі дастойная калекцыя ўзнагарод і мы не збіраемся спыняцца, – дзеліцца Валянціна Міхайлаўна.
    І сапраўды, вынікі работы аб’яднання заслугоўваюць увагі, улічваючы тое, што яму толькі два гады. Мяркуйце самі: дыплом І ступені абласнога маладзёжнага фестывалю-конкурсу ваенна-патрыятычнай песні «Галасы 21 стагоддзя», прысвечанага 76-й гадавіне Перамогі, дыплом І ступені ІХ абласнога адкрытага мала-дзёжнага конкурсу «Твая хвіліна славы» ў намінацыі «Вакальная творчасць» і прыз глядацкіх сімпатый. Таксама аб’яднанне «Рубляначка» стала пераможцам раённых этапаў рэспубліканскіх конкурсаў «Прывітанне, свет!» і «Мара». І гэта толькі найбольш значныя перамогі.
    – Зычым новых поспехаў!
    P. S. : Пра пераможцу гэтага ж конкурсуў намінацыі «Фальклорныя спевы» аматарскае аб’яднанне «Вяртанне» Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці раскажам у бліжэйшых нумарах.
    Ганна
    МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика