• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Свет захапленняў: Юныя майстры выцінанкі

    27.11.2020

    275

    0

    Rate this post

    З узнагародамі вярнуліся Ксенія Парфіевіц і Ганна Агіевіч з конкурсу юных майстроў у рамках абласной выстаўкі дзіцячай творчасці «Берасцейшчына: традыцыі і святы».
    – Абласны конкурс такога кшталту праводзіўся ўпершыню, – расказвае Алена Крук, кіраўнік студыі «Скарбонка рамёстваў» Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. – Кожнаму ўдзельніку трэба было распрацаваць канцэпцыю конкурснай работы, без папярэдняй падрыхтоўкі падрыхтаваць эскіз, на выкананне адводзілася дзве гадзіны. Нашы канкурсанткі ўдзельнічалі ў намінацыі «Беларуская традыцыйная выцінанка», а тэма задання – «Святы» – прысвечана традыцыйным беларускім святам.
    Для сваёй работы Ксенія выбрала народны звычай святкавання заканчэння жніва і выразала пано »Дажынкі».  Аня ўзяла за творчае заданне свята Калядаў. Шляхам шматразовага перагінання паперы дзяўчынкі нажніцамі выразалі нанесены эскіз, пасля распрамлялі і афармлялі ў рамку. Праз адведзены час кожны ўдзельнік абараняў сваю творчую работу – знаёміў са сваёй дзейнасцю, выкарыстоўваючы паэтычныя, фальклорныя і музычныя элементы. Расказвалі, чаму выбралі менавіта такі напрамак, што абазначае кожны сімвал.
    Па выніках конкурсу Ксенія Парфіевіц узнагароджана дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, у Ганны Агіевіч – дыплом ІІ ступені.
    – Мы ўпершыню прымалі ўдзел у такім конкурсе, – дзеляцца ўражаннямі дзяўчынкі. – Было вельмі цікава і ў той жа час хвалююча. Нам спадабалася арганізацыя мерапрыемства, мы ў захапленні.
    Юныя майстрыхі пяты год пад кіраўніцтвам умелага педагога дадатковай адукацыі Алены Крук асвойваюць роспіс па шкле і дрэве, бісерапляценне, выцінанку і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
    – Выцінанка – рамяство, якое, акрамя творчай фантазіі, патрабуе ўседлівасці, акуратнасці, цярпення, – працягвае Алена Дзямідаўна. – Ксенія і Ганна ў поўнай меры валодаюць такімі якасцямі, вельмі старанныя і таленавітыя, таму ў іх усё цудоўна атрымліваецца. Абедзве навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 3 г. Століна. Пастаянна ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах і займаюць прызавыя месцы.  Вось і нядаўна ўдзельніцы  студыі «Скарбонка» падрыхтавалі конкурсныя работы на абласную выстаўку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вясёлкавы калейдаскоп», а ў кабінеце, дзе праходзяць заняткі, вісяць узоры тварэння іх умелых рук.
    Словам, малайцы!
    Галіна ГАШЧУК
    Фота
    аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика