• ru
  • by
  • 8 мая

    USD

    EUR

    Столин

    15C

    Спадчына: Вяртанне да вытокаў

    16.04.2021

    482

    0

    Rate this post

    Дзіўны край наш беларускі! Ад нашых продкаў нам засталася багатая культурная спадчына. І мы проста павінны яе захаваць, каб будучыя пакаленні не пазычалі абрады і традыцыі ў чужых народаў, каб ганарыліся сваёй нацыяй, сваімі каранямі. Бо нам ёсць што паказаць і пра што расказаць.

    Гэтай важнай місіяй займаецца кіраўнік аб’яднання па інтарэсах Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці Кацярына Кадоліч, якая стварыла фальклорны калектыў «Вяртанне». Назва гэта сімвалічная, бо яны звяртаюцца да вытокаў, імкнуцца захаваць і перадаць свае веды як самы дарагі скарб.
    Існуе аб’яднанне толькі другі год, але за такі кароткі час ужо дасягнула рэспубліканскага прызнання. У мінулым годзе яго ўдзельнікі сталі ўладальнікамі дыплома ІІ ступені абласнога анлайн-конкурсу «Спяваю табе, Перамога».
    А сёлета фальклорны калектыў «Вяртанне» стаў пераможцам раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў двух фальклорных конкурсаў на працягу месяца. Пасля перамогі ў абласным этапе VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!» атрымалі сем пуцёвак у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». І там прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Юныя таленты Беларусі». Туды адправіліся сёстры Настасся, Вольга, Таццяна Кадоліч, Людміла Рудзяк, Ульяна Сыса, Юлія Пявец, Алеся Зубей. А дома за іх хварэлі астатнія ўдзельніцы калектыву – Надзея Кадоліч, Уладзіслава Тарчыла, Вольга Тарасевіч, Таццяна Тарасевіч і Наталля Яцушкевіч.
    Конкурсная праграма ўключала абрад «Гуканне вясны», характэрны для той мясцовасці, якую прадстаўляў фальклорны калектыў. Але Кацярына Фёдараўна чэсна сказала арганізатарам конкурсу, што абрад яны не рыхтавалі, бо калектыў яшчэ малады і пакуль не вывучаў гэтую частку фальклору. Тады іх запрасілі проста паўдзельнічаць. Чаму ж не выкарыстаць магчымасць паглядзець на іншыя калектывы?
    Усяго іх было восем з розных куточкаў краіны. Адныя ігралі на розных музычных інструментах, другія ўзялі для пастаноўкі вялікі рэквізіт, яшчэ ў адным калектыве было каля 30-ці артыстаў. А нашы дзяўчаты «прывезлі» з сабой палескія галасы. Яны выканалі акапэльна народныя песні «Зелянеюць лозы», «Посеяў пшэніцу», «Помню я летней порою», «Зайшло сонцэ за оконцэ», «Ой, за Доном, Доном… ». І калі пачалі спяваць, то па рэакцыі залы зразумелі, што перамаглі. Журы проста згубіла дар мовы. А ў яго складзе былі сапраўдныя знаўцы беларускага фальклору з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва: Вячаслаў Калацэй – загадчык кафедры этналогіі і фальклору, Уладзімір Зіневіч – прафесар кафедры беларус-кай народна-песеннай творчасці, Таццяна Пладунова – дацэнт кафедры этналогіі і фальклору, а таксама магістр мастацтвазнаўства, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, акардэаніст-віртуоз Аляксандр Ціхамір і прадстаўнікі Мядзельскага райвыканкама. І ўсе яны аднагалосна аддалі перамогу нашым зямлячкам, дадаўшы, што толькі выступленне «Вяртання» – сапраўды народнае.
    – Адкажыце шчыра, ці не хваляваліся перад выступленнем? – пытаю ў пераможцаў.
    – Спачатку моцна хваляваліся, – наперабой пачалі дзяліцца сваімі эмоцыямі яны. – Тым больш, што пераблыталі нумары і мы выступалі не апошнімі, як планавалася, а за некалькі нумароў да заканчэння. Але, калі пачалі пець, хваляванне недзе знікла.
    Віншуем дзяўчынак з перамогай і жадаем ім ажыццяўлення мараў.
    Ганна
    Мельнік
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика