• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Прыгажосцю хочацца дзяліцца — Антаніна Смірнова

    11.12.2020

    297

    0

    Rate this post

    Ёсць выказванне, што таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Гэта можна сказаць пра гераіню матэрыялу – пазаштатнага аўтара нашай газеты – Антаніну Смірнову.
    Антаніна Міхайлаўна – прафесійны фатограф. Яна заўважала прыгажосць у звычайных, на першы погляд, рэчах. У першым снезе ці ў жытнёвым полі. Першым фота-апаратам быў «Смена», які з арміі ёй прывёз брат. З ім яна вандравала ў ваколіцах Беражнога, адкуль родам, у пошуках удалага кадра.
    Пасля заканчэння школы ў 1982 годзе Антаніна пайшла працаваць маркіроўшчыцай на Брэсцкі электрамеханічны завод, 11-ы цэх якога быў адчынены ў Давыд-Гарадку. Але пасля года работы зразумела, што гэта не зусім яе – сядзець цэлы дзень у адным памяшканні і ставіць маркіроўку на жгуты. Таму пакінула гэтую работу і паступіла ў Мінск у ПТВ-112. Два гады Антаніна, у дзявоцтве Крук, вучылася на прафесійнага фатографа. Ужо тады ў яе з’явіўся шырокаплёначны фотаапарат «Зенит», з якім яна амаль не развітвалася.
    Пасля заканчэння вучылішча Антаніну размеркавалі на адпрацоўку ў Давыд-Гарадоцкі Дом быту. Яе цудоўна прыняў тагачасны дырэктар Мікалай Захаравіч Зельманчук. А вось напарнік не спадабаўся, паколькі не даваў маладой дзяўчыне заказаў і імкнуўся ўсе забраць сабе. Антаніна нават плакала і казала, што не будзе там працаваць, але з часам знайшла агульную мову і здымала ў фотаатэлье. Рабіла здымкі на пашпарт, вадзіцельскае пасведчанне, медыцынскія даведкі. Прыходзілі фатаграфавацца і сем’і. Успамінае, што найцяжэй было здымаць дзяцей, паколькі, каб атрымалася добрая фатаграфія, трэба было некалькі хвілін сядзець нерухома. А яшчэ Антаніна фатаграфавала рэгістрацыі шлюбаў у Велямічах, Альшанах, Давыд-Гарадку. Рэтушыравала фатаграфіі ў абсталяванай лабараторыі. На работу штодзень ездзіла то са знаёмымі, то з рабочымі, а ў 1987 годзе адной з першых жанчын у вёсцы атрымала вадзіцельскае пасведчанне.
    У 1990 годзе Антаніна выйшла замуж і паехала ў Мінск, дзе да дэкрэту працавала на фотафабрыцы «Вілія». Потым нарадзілася дачка Ганна, з якой яна вярнулася на сваю малую радзіму да бацькоў. Пакуль сядзела ў дэкрэтным водпуску, здымала сваю дачушку і дагэтуль ашчадна захоўвае яе фотаальбомы. Вярнуцца на работу ўжо не было магчымасці, паколькі за гэты час адбыўся распад СССР. Таму працавала там, дзе даводзілася. Была паштальёнам, потым у дзіцячым садку і зрывала яблыкі ў калгасным садзе.
    Але пра фатаграфію не забывала. Яе калекцыя папоўнілася фотаапаратамі «Polaroid», «Любитель», а першым з флэшкай стаў «Canon».
    Неўзабаве вырасла дачка і паступіла ў гандлёвы каледж у Драгічын. У хуткім часе пайшла замуж і падарыла маці траіх унукаў. Калі нарадзілася першая ўнучачка Марыя, Антаніна Міхайлаўна захапілася выцінанкай і вось ужо 10 гадоў займаецца гэтай справай. Яе работы настолькі дасканалыя, што здзіўляешся цярпенню.
    – Калі я пачынаю працаваць, то магу не есці, толькі каву піць, – смяецца жанчына. – Уключу тэлевізар, а сама саджуся з канцылярскім ножыкам і пачынаю выразаць. Аднойчы сама не заўважыла, як да шасці гадзін ранку працавала. Уседлівасць і жаданне давесці справу да канца мне ад бацькоў перадаліся. Маці вельмі цудоўна вышывала, а бацька быў вядомым на ўсю вёску цесляром. Ён дом сваімі рукамі зрабіў.
    Зараз Антаніна Міхайлаўна працуе тэхработнікам у Беражноўскай сярэдняй школе. А ўвесь вольны час бавіць са сваімі ўнукамі – Марыяй, сямігадовым Сцяпанам і чатырохгадовай Сафіяй. З імі яна падарожнічае на веласіпедах, ладзіць пікнікі, на Вялікдзень абавязкова робяць прыгожыя яйкі. Жанчына ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у дзіцячым садку, за што неаднойчы была ўзнагароджана Падзячнымі лістамі. «Нам бы такую бабулю!» – кажуць з зайздрасцю яе дачцэ сяброўкі.
    – Жыццё нам дорыць многа падстаў для радасці, іх толькі трэба заўважаць, – кажа Антаніна Смірнова.
    Чатыры гады таму жанчына здзейсніла падарожжа ў Абхазію, дзе жывуць яе родныя. Ад прыгажосці навокал кружылася галава. Канечне, гэтую прыгажосць імкнулася занатаваць мая субяседніца. У яе нават ёсць свая старонка ў Інстаграм.
    – Дачка бывае пытае мяне, навошта столькі фотаздымкаў раблю. А мне хочацца дзяліцца прыгажосцю, – кажа Антаніна Міхайлаўна.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота
    Наталіі ЦЭЦЭРСКАЙ

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика