• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    21C

    Плён сумеснай працы

    29.09.2023

    465

    0

    5/5 - (2 голоса)

    Сапраўдны настаўнік – гэта той, хто праходзіць цярністы шлях і годна спраўляецца з усімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, каб пасля з упэўненасцю сказаць: «Гэта сапраўды маё прызначэнне». Да такой высновы прыйшла пасля знаёмства з настаўнікам Церабяжоўскай сярэдняй школы Аляксандрам Ляшкевічам.
    Нагод для сустрэчы з Аляксандрам Васільевічам было вельмі многа: раней чула добрыя водгукі пра яго як кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, пасля пазнаёмілася з цудоўнымі работамі прафесіянала-творцы, але больш за ўсё запалі ў душу словы дырэктара Вадзіма Шпакевіча, які адзначыў, што Аляксандр Васільевіч – гэта сапраўдны скарб для школы, самародак і на ўсе рукі майстар.
    Малая радзіма Аляксандра Васільевіча – вёска Малыя Вікаравічы. У час вучобы ў Стружскай СШ планаваў звязаць сваё жыццё з інжынерыяй ці педагагічнай дзейнасцю. Паступіў у Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Праз час малады тэхнік-механік і майстар вытворчай працы вярнуўся на Століншчыну. Уладкаваўся на працу ў Столінскую ЖКГ, пасля працаваў у Столінскім ДРБУ-141.
    Аляксандр Васільевіч разумеў неабходнасць атрымання вышэйшай адукацыі, таму завочна вучыўся ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя І. П. Шамякіна па спецыяльнасці «Прафесійнае навучанне». І вось у 2018 годзе дыпламаванаму педагогу-інжынеру прапанавалі працаўладкавацца ў аддзел па адукацыі. Мой суразмоўца прызнаецца, што доўга думаць не давялося, згадзіўся адразу. Спачатку працаваў на дзве школы настаўнікам працоўнага навучання ў СШ № 2 г. Століна і Церабяжоўскай СШ, пасля вырашыў застацца ў Церабяжоўскай.
    – Ведаеце, з людзьмі мне шанцуе, – дзеліцца Аляксандр Васільевіч. – На маім шляху трапляюцца добрыя і вельмі шчырыя сябры, калегі, аднадумцы. У калектыве мяне добра прынялі, кожны імкнуўся падказаць штосьці і дапамагчы, калі ўзнікалі якія-небудзь складанасці з афармленнем дакументацыі. А сам прадмет – гэта на самай справе маё. І дзеці неяк адразу зацікавіліся працоўным навучаннем, што мяне яшчэ больш натхніла.
    Аляксандр Ляшкевіч адзначае, што спачатку працаваць было складана, звыкаўся з новымі ўмовамі, знаёміўся са спецыфікай работы, бо тэорыя і практыка, безумоўна, адрозніваюцца. Хутка заваяваў аўтарытэт як сярод вучняў, так і калег. Дапамагала зацікаўленасць любімай справай, нават нейкая апантанасць. Аляксандру Васільевічу падабалася рабіць новыя і новыя рэчы, увасабляць у жыццё свае ідэі, дадумваць і рэалізаваць тое, што недзе падгледзіў, але ўнёс свае дапаўненні.
    Педагог у сваёй дзейнасці звяртаецца і да інтэрнэта, дзе чэрпае нейкія ідэі. Таксама выкарыстоўвае вопыт іншых педагогаў. Важным пунктам у рабоце лічыць самавыхаванне і самаразвіццё, таму ні дня без новай задумкі і неверагоднага жадання як мага хутчэй яе рэалізаваць. Аляксандр Васільевіч генерыруе такія ідэі, рэалізацыя якіх захапляе ўвесь калектыў і не толькі. Яго работы аздабляюць прышкольную тэрыторыю, знаходзяць годнае месца на выстаўках. Таксама персанальныя выстаўкі Аляксандра Ляшкевіча і яго вучняў арганізоўваюцца ў час розных святаў, мерапрыемстваў.
    Для педагога вельмі важна, каб вучні разумелі ступень сваёй адказнасці і ў час урокаў захоўвалі дысцыпліну. Бяспека вучняў заўжды на першым месцы, на другім – тэорыя, без якой немагчыма практычная дзейнасць. Праўда, некаторыя вучні імкнуцца як мага хутчэй прыступіць да практыкі, але педагог дае ім трывалыя веды, каб ніхто не дапусціў памылкі. Дзеці разумеюць, што кожны матэрыял, кожная дэталь маюць свае характарыстыкі.
    – І толькі добрыя веды дапамогуць пазбегнуць памылак пры апрацоўцы таго ці іншага матэрыялу, а яшчэ траўм, бо працуем з рэжучым і колючым абсталяваннем, – тлумачыць настаўнік. – Прыемна, что мае вучні мяне паважаюць і выконваюць усе патрабаванні, таму і вынікі работы вельмі радуюць.
    Педагог лічыць, што ўсе вучні без выключэння павінны валодаць элементарнымі навыкамі, якія спатрэбяцца ім у самастойным жыцці: хлопчыкі павінны ўмець прыгатаваць сабе яечню (жартуе), а дзяўчынкі – забіць цвік ці зпілаваць галінку на дрэве.
    Аляксандр Ляшкевіч задаволены, што ўсе яго вучні працавітыя і старанныя. Сярод дзяўчынак найбольшую цікавасць да працоўнага навучання праяўляла выпускніца Лізавета Ярашэвіч, а зараз вылучаецца навучэнка 7 класа Валерыя Бык. Выдзяляе педагог і Мікіту Шэпелевіча, які наведвае заняткі нават на канікулах. Вынік сумеснай працы адлюстраваны ў шматлікіх узнагародах ад раённага да абласнога ўзроўняў, але для настаўніка галоўнае – узаемапаразуменне з вучнямі і іх жаданне працаваць.
    Навучэнцы з задавальненнем наведваюць гурткі, кіраўніком якіх з’яўляецца Аляксандр Васільевіч, – «Юны майстар» і «ЮІД». Важнае значэнне педагог надае выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці, таму кожны занятак кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні не падобны да іншага. Гэта не толькі гутаркі, але і займальныя гульні, экскурсіі, падарожжы, якія дораць вучням незабыўныя эмоцыі.
    У вольны час мой суразмоўца таксама заняты любімай справай. Гэта і апрацоўка драўніны, і работа з металам. Сваімі рукамі Аляксандр Васільевіч робіць такія рэчы, што кожны пазайздросціць! А яшчэ любіць праводзіць вольны час з сям’ёй. Дарэчы, жонка Софія Іванаўна працуе юрыстам у гэтай жа сферы, што і Аляксандр Ляшкевіч. Разам выхоўваюць любімых дзетак. Старэйшая Ульяна вучыцца ў трэцім класе СШ № 4 г. Століна і разам з бацькам любіць рыхтаваць вырабы для конкурсаў, а пасля, безумоўна, атрымліваць узнагароды. Малодшаму Дзмітрыю ўсяго адзінаццаць месяцаў, але ўжо зараз зацікаўлены прыладамі працы, відаць, знатны майстар расце!
    Людміла КАСПЯРОВІЧ
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика