• ru
  • by
  • 8 мая

    USD

    EUR

    Столин

    7C

    Напярэдадні Дня настаўніка

    04.10.2019

    308

    0

    Rate this post

    Напярэдадні Дня настаўніка адбылося знаёмства з Рудзецкім  Валерыем, які выкладае матэматыку і інфарматыку  ў Церабліцкім НПК яслі-сад СШ.
    Нарадзіўся Валерый у 1978 годзе ў вёсцы Цераблічы. Маці, Ганна Адамаўна, – настаўнік матэматыкі, бацька, Мікалай Уладзіміравіч, працаваў на пілараме, у калгасе.
    Калі хлопец вучыўся ў адзінаццатым класе, то трапіў на падрыхтоўчыя курсы ў горад Брэст. Курсы былі вочна-завочныя: на месяц даваліся кантрольныя работы па матэматыцы і інфарматыцы, над якімі працаваў ужо дома. Валерый Мікалаевіч усміхаецца, успамінаючы, што ўсе работы па інфарматыцы выконваліся без камп’ютара. Скончыў сярэднюю школу і выбраў Брэсцкі педагагічны інстытут. На пятым курсе ўжо працаваў кіраўніком гуртка па інфарматыцы ў гарадскім цэнтры тэхнічнай творчасці. У 2000 годзе малады спецыяліст атрымаў дыплом настаўніка матэматыкі, інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі.
    Пачатак педагагічнай дзейнасці, служба ў арміі… З 2001 па 2009 год працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў Аздаміцкай СШ. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, імкнуўся аблегчыць працу з дапамогай камп’ютарных праграм. Узяць састаўленне таго ж раскладу ўрокаў. Два разы на год гэтая дзейнасць станавілася галаўным болем не на адзін дзень для намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце нават у невялікай школе. Адным з першых у раёне Валерый Мікалаевіч пачаў прымяняць спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў сваёй дзейнасці.
    У 2009 годзе перайшоў у Церабліцкую школу настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі. І вось ужо 10 гадоў – круглая дата, якая супадае з юбілеем ДУА “Церабліцкі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа”. У гэтым навучальным годзе Валерый Мікалаевіч вядзе ўрокі інфарматыкі з 6 па 11 класы і матэматыкі ў 7-9 класах. Выконвае абавязкі кіраўніка метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі. Да Рудзецкага звяртаюцца па дапамогу як маладыя калегі, так і старэйшыя.
    Кабінет у добрым стане. Камп’ютары загадчык кабінета рамантуе, дакупляе, шукае старыя запчасткі. Валерый Мікалаевіч упэўнены, што патрэбна карыстацца з толкам тэхнічнымі сродкамі навучання, якія ёсць у кабінеце. Напрык-лад, навошта раздрукоўваць тэсты на паперу, калі тэсціраванне можна правесці з дапамогай камп’ютара.
    Валерый Мікалаевіч распрацаваў электронны сродак навучання “Геаметрыя 10. Стэрэаметрыя” і ў 2012 годзе заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” . Валерый Мікалаевіч расказаў : “Гэта быў час выкладання матэматыкі ў 10-11 класах, цікава было выкарыстоўваць інтэрактыўную дошку. Знайшоў праграму, сабраў базу трохмерных мадэляў для задач падручніка, пашырыў яе, ахапіў усе задачы, тэарэмы, азначэнні. Зрабіў інсталятар…”. Многія школы рэспублікі ўзялі на ўзбраенне электронны сродак навучання Рудзецкага і выкарыстоўваюць як дапаўненне падручніка. Валерый Мікалаевіч гаворыць, што лепш наглядна паказаць вучням нейкі матэрыял, чым гаварыць: “Уявіце сабе…” І тут не паспрачаешся, бо тыя, хто вывучаў педагогіку, добра ведаюць гэта “залатое правіла” дыдактыкі. Настаўнік выкарыстоўвае розныя праграмы, праводзіць урокі-даследаванні, каб зацікавіць вучняў. Многа разоў ездзіў на раённыя, абласныя канферэнцыі з вучнямі.
    Яго паслядоўнікі вучыліся ў Гомелі, Брэсце, Пінску. “Нямнога, але ёсць”, – прызнаецца Валерый Мікалаевіч. Настаўнік перажывае, што спецыфіка вясковага жыцця не садзейнічае імкненню вучняў да ведаў. Магчыма, каб бацькі больш скіроўвалі думкі дзяцей да вучобы, то была б карысць. Дзецям трэба выпрацоўваць жаданне, звычку даводзіць работу да канца, нават калі яна становіцца цяжэйшай і нецікавай. Калі дачка Рудзецкіх Ганна была на аздараўленні ў Нідэрландах, то трапіла там у сям’ю дырэктара школы. На Ражджаство вучні галандскай школы зрабілі для дзяцей з Церабліч падарунак Lego mindstorms. Гэта адукацыйная версія канструктара лега, якая дазваляе прыдумваць і складаць робатаў, ажыўляць з дапамогай праграмавання. Для дзяцей – стымул. Але зробяць робата, а ўжо далей, калі сустракаюцца з цяжкасцямі праграмавання, працаваць не хочуць. Застаюцца самыя зацікаўленыя. Складанне праграм патрабуе вялікага разумовага напружання. У гэтым годзе на базе школы арганізаваны міжшкольны факультатыў па праграмаванні і робататэхніцы. Школа запрашае таленавітых вучняў з навакольных вёсак паспрабаваць свае сілы.
    Разумею, што Валерыю Мікалаевічу цікава яго работа, даследчая праца з вучнямі. Галоўнае – трэба на ўсё час. Выбраць тэму па сіле дзіцяці, падрыхтаваць яго.
    Жонка Таццяна Рыгораўна працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце таксама ў Цераблічах. Сын Яўген вучыцца ў дзявятым класе, дачка Ганна – у сёмым. Жэня з бацькам ужо ўдзельнічаў у XXIII рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Увесну бягучага года ездзілі на канферэнцыю ў горад Мінск. У журы былі аўтары падручнікаў, прадстаўнікі розных ВНУ. Канешне, дзіцяці з вёскі цяжка справіцца з хваляваннем, са стомай, бо яно паднялося вельмі рана, каб дабрацца да сталіцы. Але вынік быў добры: работа Яўгена па інфарматыцы “Задача пра ход каня” атрымала пахвальны водзыў. Жэня з 7 класа паказвае добрыя вынікі на алімпіядах па інфарматыцы.
    Яшчэ рана гаварыць, ці выберуць дзеці настаўніцкую дарогу. Але ў далейшым жыцці няхай яны стануць прафесіяналамі ў сваёй справе, як іх бацька Валерый Рудзецкі.
    Галіна
    Бабарыка
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика