• ru
  • by
  • 18 мая

    USD

    EUR

    Столин

    22C

    ХАЦЕЛА КРАНУЦЬ СЭРЦА

    29.11.2019

    587

    0

    Rate this post

    Уладзіслава Мазоль – вучаніца 7 “А” класа СШ № 1 аг. Альшаны стала лаўрэатам II ступені III Адкрытага рэспубліканскага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман удачы”, які праходзіў у Мінску.
    Дзяўчынка выступала з вершам Мусы Джаліля “Варварства” ў намінацыі “Мастацкае чытанне”. Акрамя яе, у гэтай намінацыі было яшчэ 14 канкурсантаў як са сталіцы, так і з іншых гарадоў.
    – Уладзіслава, адразу хачу павіншаваць цябе з узнагародай! Адкажы, ці было месца хваляванню?
    – Абсалютна не, – адказвае дзяўчынка. – Мне не звыкаць выступаць перад вялікай аўдыторыяй, паколькі я часта вядучая на розных мерапрыемствах як у сваёй школе, так і ў музычнай, дзе вучуся ў 5 класе па класе фартэпіяна. Але ж не хаваю, што дома рыхтавалася, рэпеціравала перад люстэркам, некалькі разоў расказвала маці, якая мяне вельмі падтрымлівае. А вось у час самога выступлення на сцэне была ўпэўнена.
    – Хто знаёмы з творчасцю Мусы Джаліля, ведае, што верш “Варварства” вельмі складаны эмацыянальна, паколькі расказвае пра злачынства фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Чаму ты выбрала менавіта яго?
    – Тэма вайны і праз гады будзе кранаць сэрцы тых людзей, чые дзяды, прадзеды не вярнуліся з баёў. А я сваім выступленнем хацела крануць сэрцы тых, хто мяне слухаў. І я рада, што гэта атрымалася. Мы, новае пакаленне, не павінны забывацца пра гераічнае мінулае свайго народа. Я з задавальненнем прымаю ўдзел ва ўсіх конкурсах на ваенную тэму. Адзін з іх – «Шчасце жыць у мірнай краіне”, у якім была прызёрам. Але шчыра скажу, што месцы і дыпломы мяне менш за ўсё цікавяць. Прымаю ўдзел у конкурсах, каб падзяліцца сваімі работамі, зацікавіць іншых.
    У фестывалі “Талісман удачы” я ўдзельнічала ўпершыню. Пра яго мне расказала дырэктар Альшанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Святлана Галавач, з якой мы і адправіліся ў сталіцу. Я вельмі ўдзячна ёй за падтрымку. Бо як бы ты ні быў упэўнены ў сабе, усё ж важна, калі ў цябе вераць.
    Відавочна, што Уладзіслава – надзвычай адоранае дзіця. Разважае не па гадах мудра. Выдатніца і для настаўнікаў – проста знаходка. Цудоўна гуляе ў шахматы і нават у складзе каманды станавілася прызёрам занальных спаборніцтваў. Ёй да ўсяго ёсць справа, яна многа чытае. Пэўна, немалую ролю іграюць гены. Бабуля – былы дырэктар гэтай жа школы і настаўнік рускай мовы і літаратуры Ганна Уладзіміраўна Мазоль, бацька Уладзімір Іванавіч – настаўнік фізічнай культуры, маці Алена Міхайлаўна – выкладае беларускую мову і літаратуру, старэйшая сястра Насця – настаўнік хіміі ў школе г. Жыткавічы.
    Маці дзяўчынкі расказвае, што цяга да ведаў праяўлялася ў яе з дзяцінства. Ужо ў чатыры гады яна навучылася чытаць, а калі ехалі да каго на дзень нараджэння, па дарозе сачыняла віншаванне. Любімым падарункам былі энцыклапедыі. Зараз іх ролю выконвае інтэрнэт, але Уладзіслава ўсё роўна ашчадна захоўвае іх на паліцах. Дзяўчынка вельмі самастойная, і на яе можна спадзявацца на 100 працэнтаў.
    Сама ж Уладзіслава, нягледзячы на сваю творчую натуру, пакуль жадае стаць урачом. А яшчэ марыць пабываць у розных краінах свету, пазнаёміцца з іх культурай і звычаямі. Пачатак ужо ёсць: тры гады таму яна разам з цёткай Нінай была ў Германіі.
    Уладзіслава сёння адзначае свой дзень нараджэння, з чым яе шчыра віншую. І жадаю, каб усе мары здзейсніліся, каб яна не згубіла цягу да ведаў.
    Ганна МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика