• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    19 верасня – Дзень работнікаў лесу: Лес – справа сямейная

    17.09.2021

    315

    0

    Rate this post

    Гэтая прыгожая семейная пара да таго ж яшчэ і калегі, і працуюць у лясной гаспадарцы. Юрый Драчук – ляснічы Кароціцкага лясніцтва, а яго жонка Валянціна – памочнік ляснічага Сцвігскага лясніцтва Палескага лясгаса.
    Таму лес для іх, у прамым сэнсе слова, другі дом.
    Малой радзімай Юрыя з’яўляецца пасёлак Белавежскі Камянецкага раёна. У сям’і ён першым стаў на лясную сцяжынку. На гэта ў многім паўплывала бабуля Яўгенія, якая і навучала свайго ўнука любіць лес. Не проста любіць, а і абараняць яго. Таму пасля заканчэння школы Юрый паступіў у Полацкі дзяржаўны лясны каледж.
    А там сустрэў прывабную паляшучку Валянціну Гарбар, якая трапіла ў тую ж групу. У адрозненне ад Юрыя, у дзяўчыны біяграфія больш лясная. Распачаў яе дзядуля Сямён Кандратавіч, які працаваў лесніком. Абодва яго сыны таксама выбралі лясную прафесію. Адзін з іх бацька Валянціны – Фёдар Сямёнавіч, які зараз з’яўляецца майстрам лесу ў Альшанскім лясніцтве. Дзядзька Іосіф паехаў на Гродзеншчыну, дзе працуе памочнікам ляснічага – свайго сына Юрыя. Вось такая лясная сям’я.
    – Яшчэ вучаніцай я ўжо дакладна ведала, што буду працаваць у лесе. Мне было цікава тут з маленства, таму проста ўгаворвала бацьку, каб ён мяне браў з сабой. І ён браў, бо я ніколі не жалілася, што мне надакучыла ці камары з’елі. Я ішла за бацькам у спёку і адчувала сябе сапраўднай лясной феяй. Пэўна, гэтыя дзіцячыя асацыяцыі і паўплывалі на мой выбар, таму пасля 10-га класа я паступіла ў Полацк, – дзеліцца Валянціна.
    – Як пазнаёміліся з будучым мужам?
    – Наша сустрэча была наканавана лёсам. Разам скончылі каледж і ў той жа год сталі студэнтамі завочнага аддзялення Бранскага дзяржаўнага інжынерна-тэхналагічнага ўніверсітэта. Мы былі побач амаль увесь час. Так што праверку прайшлі паспяхова.
    Пасля заканчэння каледжа Юрыя адправілі на адпрацоўку ў Белавежскую пушчу, але потым яго перанакіравалі. Прычына цудоўная – маладыя стварылі сям’ю. Першае рабочае месца ў Палескім лясгасе – майстар лесу Кароціцкага лясніцтва, далей працаваў інжынерам па лесааднаўленні і меліярацыі. Быў у сям’і прамежак часу, калі думалі пра змену месца жыхарства. Усё ж таксама цягнула маладога ляснічага на малую радзіму, таму разам з Валянцінай і маленькім сынам адправіліся пад Брэст, дзе Юрый уладкаваўся майстрам лесу Чарнаўчыцкага лясніцтва Брэсцкага лясгаса. Востра паўстала жыллёвае пытанне, таму вырашылі вярнуцца.
    – Значыць, усё ніяк не звыкнеце да мясцовага лесу? – пытаю Юрыя.
    – Чаму не? Я даўно звык. Лес усюды аднолькавы і яго трэба шанаваць. Тут ён, праўда, больш непраходны, паколькі знаходзіцца на балотах. Але разам з тым тут лес захаваўся ў першапачатковым выглядзе, што робіць яго вельмі прывабным для турыстаў.
    – У тым, што вы працуеце ў адной арганізацыі, больш мінусаў ці плюсаў? – пытаю цяпер у Валянціны.
    – Адназначна больш плюсаў, паколькі мы варымся ў адным катле. Гэта значыць, у курсе спраў адзін аднаго, і гэта добра, – гаворыць Валянціна Драчук. – Мы – падтрымка адзін для аднаго як у асабістым, так і ў прафесійным плане. 80 працэнтаў часу я праводжу ў кабінеце за дакументацыяй. Праграмнае забяспячэнне пастаянна абнаўляецца, таму трэба крыху і інфарматыкам быць (смяецца). Але затое не трэба сядзець з калькулятарам, як было раней, калі я толькі прыйшла на работу. Зараз стала лепш дабірацца да дзялянак, з’явіліся дарогі, лясгас забяспечаны неабходнай тэхнікай, прыборамі і гэтак далей.
    – А я наадварот, большасць часу праводжу менавіта ў лесе, паколькі мне трэба на свае вочы бачыць, што да чаго, – кажа яе муж. – Тэрыторыя Кароціцкага лясніцтва складае 8250 гектараў. Я гляджу, дзе трэба садзіць лес, дзе высякаць, а дзе праводзіць барацьбу з караедам.
    Зараз назіраецца вялікі попыт на лес, што прывяло да павялічэння яго кошту. У першую чаргу мы забяспечваем лесам унутраны рынак, і толькі потым ён ідзе на экспарт.

    Карыстаючыся магчымасцю, будзе не лішнім нагадаць, што лес трэба берагчы. Звяртаюся да тых людзей, якія жывуць з лесу. Калі ласка, збірайце ягады, грыбы, але ж не пакідайце смецця, захоўвайце пажарную бяспеку. Калі гараць гектары лесу, а мне даводзілася гэта бачыць, то відовішча гэта жудаснае. Леснікі першымі кідаюцца на ахову лесу, выратавальнікаў мы выклікаем у крытычных сітуацыях. Штогод праводзяцца акцыі, прысвечаныя нашаму нацыянальнаму багаццю – лесу. І чым больш людзей будзе ўдзельнічаць у іх, тым лепш, – дадае Юрый Юр’евіч.
    Гэта сям’я Драчукоў паказвае сваім прыкладам. У акцыях абавязкова прымаюць удзел іх сыны – сямікласнік Сяргей і чацвёртакласнік Дзяніс. Хлапчукі таксама атрымалі ў спадчыну любоў да лесу.
    – У гэтым годзе будзе многа грыбоў? – прашу зрабіць прагноз для нашых чытачоў.
    – Усім хопіць, – запэўнівае Юрый Юр’евіч. – Таму за кошыкі і ўперад!
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика