• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    9C

    10 лістапада – Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў

    06.11.2019

    424

    0

    Rate this post

    Участковы на вёсцы – як начальнік міліцыі

    Пра гэта Віктар Котка – былы старшы ўчастковы інспектар Веляміцкага сельскага Савета маёр міліцыі – ведае не па чутках.

    Гэтай справе аддаў 18 гадоў, якія былі напоўнены рознымі падзеямі. Усё ж работа ўчастковага патрабуе не толькі часу, але і бязмернага цярпення. А яшчэ – быць заўсёды ў стане поўнай гатоўнасці, паколькі людзі могуць звярнуцца па дапамогу ў любы час сутак.
    Але Віктар Мікалаевіч не шкадаваў пра тое, што выбраў менавіта гэтую прафесію. Хоць спачатку хацеў стаць… аграномам. Скончыў Рубельскую сярэднюю школу і паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум у горад Себеж Пскоўскай вобласці. Атрымаўшы адукацыю, Віктар праходзіў службу ў танкавых войсках у Германіі. Ужо пасля вяртання дадому яму ў райкаме камсамола прапанавалі служыць у міліцыі. І з 26 ліпеня 1985 года юнак стаў міліцыянерам групы тылавога забеспячэння Давыд-Гарадоцкага гарадскога аддзялення міліцыі. Быў у патрульна-паставой службе і намеснікам начальніка аддзялення.
    Аднойчы Віктар Котка прыйшоў на работу раней. Прагучаў тэлефонны званок і ён падняў трубку. На другім канцы провада толькі спыталі імя, пасаду і далі некалькі дзён, каб сабрацца ў камандзіроўку… у Чарнобыль. Тады на двары быў снежань 1986 года, на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі праходзіла ліквідацыя наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Людзі ведалі, што туды ехаць небяспечна. Але ехаць трэба. Разумеў гэта і Віктар. Ён сабраў невялікую сумку і адправіўся ў Столін, адкуль потым накіравалі ў Брэст. Там пыталі, можа хто хоча адмовіцца ад задання. Ніхто не адмовіўся. Калі аб гэтай паездцы даведалася маці, то ад хвалявання трапіла ў бальніцу.
    З Брэсцкай вобласці разам з ім у Чарнобыль адправіліся яшчэ 34 чалавекі. Успамінае, што яго вельмі ўразіла абсалютная цішыня, якая панавала ў вёсках, якія назаўсёды сталі пустымі. У абавязкі Віктара ўваходзіла сачыць за парадкам і арыштоўваць марадзёраў у вёсцы Цешкаў Нараўлянскага раёна. А пажывіцца бандытам было чым. Людзі, ратуючыся ад радыяцыі, забіралі з сабой толькі самае неабходнае. Уся бытавая тэхніка, мэбля, посуд і іншыя каштоўныя рэчы засталіся ў дамах, у якія ўжо ніхто не вярнуўся.
    У пустыя вёскі заходзілі дзікія жывёлы. Віктару давялося пабачыць ваўкоў літаральна за некалькі метраў ад сябе. Цяпер яны тут былі гаспадарамі, а не людзі.
    Ліквідатары былі адзетыя ў форму, а з мераў засцярогі мелі толькі рэспіратары. Таму здароўе давала збой. Ногі і рукі станавіліся ватныя, нават кулак нельга было сціснуць, ад перападу ціску вельмі балела галава. А ўсе працягвалі стойка несці службу. Сама вёска знаходзілася на адлегласці 20 кіламетраў ад атамнай станцыі, але некалькі разоў быў на тэрыторыі за пяць кіламетраў ад яе.
    Роўна месяц з 15 снежня па 15 студзеня прабыў Віктар Мікалаевіч у Чарнобылі. Жылі ў памяшканні Дома культуры, а другая група ў школе. Там сустрэў Новы год, які дагэтуль не забудзе.
    Віктар Котка правучыўся некалькі месяцаў у школе міліцыі “Сатурн”, якая была ў Мінску, а потым быў на курсах у Магілёве. А ўчастковым інспектарам Веляміцкага сельскага Савета стаў у 1990 годзе. На гады яго прафесійнай дзейнасці выпаў і распад Савецкага Саюза, цяжкія 90-ыя гады і татальны дэфіцыт.
    У той час ішла барацьба з самагоншчыкамі. Апараты для вырабу гэтага хмяльнога напою знаходзіліся і ў лесе, і ў хлявах жыхароў. Даводзілася доўга тлумачыць, што гэты занятак супрацьзаконны. Некаторыя, найбольш хітрыя, паслухмяна ківалі галавой, а потым… пераносілі апараты ў іншае месца. І толькі з узмацненнем мераў пакарання ўдалося перайначыць людзей.
    А яшчэ ўспамінае Віктар Мікалаевіч, як дабіраўся дадому пад ранак… з дыскатэк. Не, ён не танчыў там, ён працаваў. На тэрыторыі сельсавета дзейнічалі сельскія клубы ў вёсках Велямічы, Старына, Турское і Альпень. Раней транспарту не было, даводзілася ісці па некалькі кіламетраў пешшу. Пакуль дзяжурыць у Альпені, то ўжо ў вёсцы Турское бойка адбываецца. Выходзіў пасля заканчэння дыскатэкі ў палову трэцяй гадзіны ночы, а прыходзіў на світанні.
    Колькі прафілактычных размоў за гады сваёй службы правёў, нават палічыць не можа. Ведаў і ведае зараз пра кожнага жыхара ўсё да падрабязнасцяў. Участковы інспектар прысутнічаў на ўсіх сходах, таму быў у курсе спраў на тэрыторыі сельскага Савета.
    Жонцы Але Сцяпанаўне трэба было змірыцца з тым, што муж пастаянна адсутнічаў дома. Нават на Новы год працаваў і толькі як выйшаў на заслужаны адпачынак, змог адзначаць гэтае свята. Ала Сцяпанаўна таксама з Рубля, прыехала ў Велямічы ўжо разам з мужам. У сям’і нарадзілася двое дзяцей. Старэйшы сын Іван працуе інжынерам у Палескім лясгасе. Свайго сына назваў у гонар бацькі – Віктарам. Малодшы Аляксей – аўтаслесар, пакуль халасцяк.
    Сям’ю сваю Віктар Мікалаевіч лічыць самым галоўным багаццем. Удзячны жонцы за падтрымку. Спраўлялася сама па гаспадарцы, пакуль ён на заданні. Паспявала і на работу ў дзіцячы садок, дзе і зараз працуе медыцынскай сястрой. Велямічы сталі для іх роднымі, з’явілася многа сяброў. Ды і іншыя жыхары цэняць былога ўчастковага за справядлівасць і дабрыню. Бо Віктар Котка заўсёды імкнуўся даць чалавеку другі шанц, паверыць у яго. Упэўнены быў: ніхто не застрахаваны ад памылак.
    На заслужаным адпачынку не сядзіць без справы. Вось гэтым летам быў заняты на будоўлі дома для сына. “Пакуль ёсць сілы, трэба дзецям дапамагаць”, – разважае мой суразмоўца.
    Калі вольная гадзіна, адпраўляецца ў лес па грыбы. І з задавальненнем глядзіць фільмы пра міліцыю, службе ў якой аддаў сваю маладосць.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика