• ru
  • by
  • 6 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Вёска Талмачава жыве і будзе жыць

    05.04.2019

    337

    0

    Rate this post

    Невялікая вёсачка з такой назвай утульна размясцілася паміж Альгомелем і Кароцічамі. Звілістая дарога пятляе праз усю вёску, таму нават той, хто ўпершыню завітае сюды, можа дасканала яе разгледзець. Непаўторная, яна адрозніваецца сваёй самабытнасцю і, разам з тым, паступова развіваецца. Аб чым сведчаць дыхтоўныя дамы адразу на ўездзе ў населены пункт.
    Пачынаем вандроўку па вёсцы разам са старшынёй Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццянай Васюхневіч і кіраўніком народнага фальклорнага гурта “Каліна”, былым загадчыкам сельскага клуба, а зараз мастацкім кіраўніком Кароціцкага сельскага Дома культуры Валянцінай Гананайка, якая праводзіць нам экскурсію па сваёй малой радзіме.
    Нягледзячы на тое, што зямля толькі-толькі пачала абуджацца ад зімовага сну, відавочна, што ўлетку вёска патанае ў зеляніне. Людзі прыводзяць у парадак свае сядзібы. Дарэчы, тут зараз налічваюцца 180 двароў, у якіх жывуць 575 чалавек. Радуе той факт, што за дзесяць гадоў колькасць насельніцтва амаль не паменшылася, а вось дзяцей нават павялічылася больш чым у два разы.
    На святы жыхары збіраюцца ў царкву Ражджаства Хрыстова, якая была пабудавана на ахвяраванні мясцовых жыхароў і адчынена ў канцы 2009 года. Побач нядзельная школа, у якую ходзяць 22 вучні.
    А вось веды атрымліваюць у пачатковай школе. Само памяшканне пабудавана ў 1953 годзе, а ў мінулым годзе перажыло маштабную рэканструкцыю. Тут вучацца 36 дзяцей у 1-4 класах, яшчэ 112 вучняў 5-11 класаў ездзяць на заняткі ў Кароціцкую сярэднюю школу.
    Таксама ў Талмачаве ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, якім на працягу 40 гадоў загадвае Наталля Клімовіч. Памяшканне 1956 года пабудовы, таму мае патрэбу ў рэканструкцыі.

    Па прадукты і прамысловыя тавары жыхары ходзяць у два магазіны: адзін дзяржаўны, другі “Гермес” – прыватны.
    З 2004 па 2009 год у вёсцы былі пабудаваны 23 так званыя прэзідэнцкія домікі. На вуліцах Лугавая і Садовая мы зрабілі прыпынак, как сфатаграфаваць іх для газеты.
    За мінулыя гады былі даве-дзены да толку ўсе вуліцы, праведзены новыя электрасеткі, а на слупах уначы свецяць ліхтары. 
    Працаваў тут раней і сельскі клуб, які быў знесены ў канцы мінулага года. Гэтая падзея засмуціла некаторых мясцовых жыхароў, якія выказваюць сваё абурэнне на ўсіх магчымых узроўнях. Шкадуюць, маўляў, можна было яшчэ падрамантаваць ды і далей служыў бы месцам, дзе можна было сабрацца на свята. Асабліва многа гасцей прыязджае на Новы год і Ражджаство Хрыстова, якое тут з’яўляецца прастольным святам. Але рашэнне знесці памяшканне было непазбежным: яно знаходзілася ў аварыйным стане, аб чым сведчыць заключэнне спецыялістаў. Не дай Бог, абвалілася б столя ці сцяна і здарылася б бяда, хто быў бы вінаваты?
    Жыхары Талмачава бядуюць: куды падзецца моладзі? Бліжэйшы Дом культуры знаходзіцца прыкладна за два кіламетры – у аграгарадку Кароцічы. Таксама на тэрыторыі Вялікамалешаўскага сельскага Савета знаходзяцца сельскі клуб у Альгомелі і Дом культуры ў Вялікім Малешаве.
    Патлумачыць сітуацыю мы папрасілі старшыню сельвыканкама Таццяну Васюхневіч:
    – Рашэнне ліквідаваць будынак было прынята ў красавіку мінулага года. І ўсе былі пастаўлены ў вядомасць. У нас на руках былі дакументы, якія катэгарычна не дазвалялі праводзіць ніякія масавыя мерапрыемствы ў клубе. Гэта было проста небяспечна. Што ж тычыцца рамонту, пра які зараз гавораць некаторыя мясцовыя жыхары, то яго таксама немагчыма было правесці, паколькі ў дрэнным стане сам фундамент.

    Дзіцячы садок № 2, які размяшчаецца ў Вялікамалешаўскай сярэдняй школе, хутка перастане ўмяшчаць усіх жадаючых, паколькі ў яго прывозяць дзяцей з Лутак, Талмачава, Кароціч плюс дзеці з Вялікага Малешава. Школа таксама ў дзве змены працуе, паколькі не хапае рабочых кабінетаў. А колькасць вучняў з кожным годам большае і гэта вельмі добра. Таму смела скажу: у бліжэйшай будучыні патрэбна будаўніцтва новага дзіцячага садка на тэрыторыі сельсавета.
    Яшчэ думаем, куды перанесці Альгомельскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, паколькі будынак, у якім яна знаходзіцца, таксама патрабуе рамонту. Колькасць усяго насельніцтва па сельсавеце 4826 чалавек, з якіх 1386 маладзей за працаздольны ўзрост, 2571 – працаздольных і 896 пенсіянераў. Бліжэйшая бальніца знаходзіцца ў Давыд-Гарадку, да якой больш за 35 кіламетраў.
    Імкнёмся вырашаць па меры значнасці ўсе задачы. На жаль, не ўсё можна зрабіць адразу. Таму хачу запэўніць жыхароў Талмачава, што пытанне аб клубе мы не выкрэсліваем са спісу задач.
    Дарэчы будуць і словы начальніка аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіля Зарубы:
    – Мы трымалі сельскі клуб у Талмачаве пакуль гэта было магчымым. У мінулым годзе стала відавочна: далей цягнуць нельга, бо можа здарыцца непрадбачанае. Таму меркаванне, што яго можна было рамантаваць, зусім не мае пад сабой падставы. Тое, што людзі ўскалыхнуліся і пачалі звяртацца да нас, няхай і са скаргамі, добра. Значыць, ім неабыякавы лёс сваёй роднай вёскі, а гэта заслугоўвае павагі. Але ж мы не чараўнікі, каб у тую ж хвіліну пабудаваць новы клуб. Гэтая праблема стаіць на асобным кантролі і мы будзем яе вырашаць у бліжэйшыя два гады, а то і раней. Разглядаем розныя варыянты, якія задаволілі б усіх.
    Таксама ўстала пытанне па абеліску, які знаходзіўся адразу перад клубам. Некаторыя прапаноўвалі яго перанесці да школы. Большасць жа падтрымала варыянт пакінуць яго на тым жа месцы, толькі на некалькі метраў аднесці ўправа. Новы помнік загінуўшым будзе ўсталяваны ўжо да Дня Перамогі.

    Праблемы і ўзнікаюць на тое, каб іх вырашаць. Трэба рэальна прааналізаваць усе магчымасці, і фінансавыя ў першую чаргу, бо справа сур’ёзная. Але тое, што людзі выказваюць свае заўвагі і прапановы, просяць дапамогі і гарой стаяць за свой населены пункт, гэта цудоўна. Бо пакуль ёсць неабыякавыя жыхары – вёска мае душу. А значыць, Талмачава жыве і будзе жыць далей!

    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика