• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    19C

    Тры браты – тры гаспадаркі

    24.06.2022

    804

    0

    Rate this post

    Вызначаць паняцце «фермер» як прафесію альбо род дзейнасці наўрад ці будзе правільным і аб’ектыўным. Фермер – гэта прызванне, свайго роду талент. З аднаго боку – гэта Божы дар, які ўключае ў сябе арганізатарскія здольнасці фермера, абвостраную інтуіцыю, уменне бачыць перспектыву, а з другога – выхаваная з маленства любоў да нялёгкай сялянскай працы. Сапраўдныя фермеры – гэта тыя, што трывала ўраслі сваімі каранямі ў родную зямлю. Для іх яна не пусты гук, а сапраўдная карміцелька, якая патрабуе пастаяннага догляду і да якой неабходна праяўляць шчырую сыноўнюю любоў і павагу.


    У Плотніцы спачатку працавалі чатыры фермерскія гаспадаркі, а сёння – тры. Кіраўнікоў аб’ядноўваюць самыя блізкія сваяцкія сувязі. Гэта родныя браты Васіль, Сяргей і Мікалай Грыбы – сыны, можна сказаць, легендарнага на Століншчыне фермера Міхаіла Васільевіча Грыба. Тры браты – тры фермерскія гаспадаркі. У Васіля Грыба – «Люберт», Івана Грыба – «Дубай Транс» і Мікалая Грыба – «Ларынік».
    На гэтым тыдні мы сустрэліся з Васілём Міхайлавічам Грыбам. Будучы ў сям’і самым старэйшым, Васіль Міхайлавіч з ранняга дзяцінства пачаў дапамагаць бацьку працаваць на зямлі – вырошчваць агародніну, закладваць фруктовы сад, зай-мацца практычна ўсімі відамі сельскагаспадарчых работ.
    – Пачаткам самастойнай працы ў якасці фермера стала вылучэнне мне бацькам двух гектараў цяплічнай гаспадаркі, на якіх мы працавалі ўдваіх з жонкай, – згадвае Васіль Міхайлавіч. – Затым тры гады з братам Іванам працавалі ў вёсцы Асавая, дзе мы арандавалі зямлю. У Плотніцу мы пераехалі, калі нам прапанавалі выкупіць пакінуты ліцейны завод ААТ «Кузлітмаш» з растэрміноўкай плацяжоў на пяць гадоў. І пры гэтым было выдзелена ў карыстанне 150 гектараў зямлі. Праз два гады да працы на выдзеленым участку далучыліся яшчэ два браты, Сяргей і Мікалай, са сваімі фермерскімі гаспадаркамі. Праўда, па сямейных абставінах праз некаторы час Сяргей быў вымушаны зноў вярнуцца ў Альшаны, каб дапамагаць бацьку.
    Потым фермерскім гаспадаркам дадалі яшчэ 150 гектараў зямлі і, падзяліўшы зямлю на трох, браты дружна, але пры гэтым кожны самастойна,
    займаюцца земляробствам – садоўніцтвам і агародніцтвам. На тры часткі была падзелена таксама і агароднінасховішча.
    – Цяпер мы робім ухіл на фруктовыя сады. Але і не забываем пра капусту, моркву, бульбу, буракі і многае іншае, – кажа Васіль Міхайлавіч. – Многія культуры, у тым ліку і садовыя, мы вырошчваем з выкарыстаннем кропельнага арашэння, што дазваляе не залежаць ад капрызаў надвор’я.

    Адным з найбольш перспектыўных напрамкаў, на думку Васіля Міхайлавіча, цяпер з’яўляецца садоўніцтва. Менавіта яго і пачалі інтэнсіўна развіваць браты на сваіх зямельных угоддзях.
    – Сёння ў нас закладзена 300 гектараў яблыневых садоў, – кажа Васіль Міхайлавіч. – Але развіццё садоўніцтва не будзе абмяжоўвацца толькі гэтымі плошчамі. У будучыні мы плануем яшчэ адвесці пад фруктовыя сады не менш за 150 гектараў зямлі, якая знаходзіцца ў карыстанні ў фермерскіх гаспадарак. Цяпер у нас маецца гадавальнік, куды былі завезеныя саджанцы лепшых гатункаў яблынь з розных краін. У нас ёсць саджанцы як з Еўропы, так і з Беларусі.
    Каб утрымліваць сад, які толькі нядаўна пачаў прыносіць даходы, патрабуюцца досыць вялікія матэрыяльныя сродкі. З моманту закладкі саду павінна прайсці пяць-шэсць гадоў. А для гэтага зноў жа неабходныя зямельныя ўгоддзі для вырошчвання агароднінных культур, якія прыносяць пастаянны даход. Адзіны выхад з сітуацыі – гэта арэнда зямельных плошчаў. Штогод мы бяром у арэнду каля 350-400 га ў розных гаспадарках.
    У фермерскіх гаспадарках братоў Грыбоў у полі і садах занята досыць вялікая колькасць людзей. Пры гэтым толькі сезонных работнікаў – каля 70 чалавек у кожнага. Працуюць тут і жыхары бліжэйшых вёсак, а таксама прыязджаюць са Століна і нават з Альшан. Такая вялікая колькасць людзей абумоўлена тым, што ў гаспадарцы мае месца вялікі аб’ём ручной працы. Мінімальнае прымяненне пры вырошчванні гароднінных культур розных хімічных ахоўных прэпаратаў робіць прадукцыю фермерскіх гаспадарак экалагічна чыстай. Таму і са збытам вырашчанай агародніны праблем няма.
    – Айчынныя санітарныя службы, – кажа Васіль Міхайлавіч, – а таксама «Рассельгаснагляд», а асноўная маса нашай садавіны і агародніны экспартуецца менавіта ў Расію, сёння прад’яўляюць выключна строгія санітарныя патрабаванні да прадукцыі, таму няма ніякага сэнсу завіхацца з ужываннем хімічных прэпаратаў. Хай нават будзе ніжэй рэнтабельнасць вытворчасці, затое адсутнічаюць рызыкі трапіць у лік нядобрана-дзейных партнёраў.
    Развіваючы садоўніцтва, фермеры ўжо цяпер плануюць значна пашырыць вытворчую базу. Маючы ў наяўнасці склад былога цэха на 10-12 тысяч тон прадукцыі (у залежнасці што складваць), у планах фермераў будаўніцтва яшчэ некалькіх сховішчаў. Калі сады «запрацуюць» на поўную моц – чакаецца не менш за 15 тысяч тон яблыкаў! Калі змясціць усё гэта ў фуры, то атрымаецца вялікая чарга працягласцю каля дзевяці кіламетраў, складзеная з 750 аўтамабіляў!
    – Нядаўна былі пабудаваны два сховішчы з халадзільнымі камерамі – для братоў Сяргея і Мікалая – ёмістасцю па 2,5 тысячы тон кожнае, – працягвае Васіль Грыб. – А я пачаў рэканструяваць адно з набытых памяшканняў таксама пад склад. Думаю, што туды памесціцца не менш за тры тысячы тон прадукцыі.

    Два тыдні назад браты Грыбы праз аўкцыён набылі былы свінакомплекс за
    1,2 млн рублёў, які належаў мясцовай гаспадарцы КСУП «Прыпяць-2009». Некаторыя памяшканні плануюць перабудаваць пад агароднінасховішчы, каб павялічыць і без таго недастаючыя плошчы для захоўвання сельгаспрадукцыі. Тым больш, што ў «давесак» да свінакомплексу былі прадугледжаны таксама 700 га зямлі. Такім чынам, былыя 150 га зямлі, з якіх пачыналі сваю дзейнасць браты, з цягам часу ператварыліся ў 1 000 га наяўных і 350-400 га арэндных. І ўсё гэта дзякуючы працавітасці і любові да зямлі.
    Аляксандр НІКІФАРЭНКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика