• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    14C

    Рабі дабро – яно табе вернецца

    29.09.2020

    696

    0

    Rate this post

    Гэты наказ свайго бацькі на працягу ўсяго жыцця выконвае Любоў Дзмітрыеўна Паўловіч – стараста аграгарадка Вялікае Малешава. Дабрыні гэтай жанчыны хапае на ўсіх, а ў яе вялікім сэрцы для кожнага знаходзіцца месца. Яна заўсёды там, дзе трэба дапамога, дзе трэба падтрымка. Любоў Дзмітрыеўна – гэта спалучэнне сілы і жаноцкасці, увасабленне бязмернай веры ў лепшае і вялікага цярпення. І вось чаму:

    Я гадавалася ў мнагадзетнай сям’і – была пятым дзіцём з васьмярых. Старэйшыя – Аляксей, Вера, Надзея, Марта і малодшыя Вольга, Васіль і Марыя – мы гарой стаялі адзін за аднаго. Вялікая сям’я – вялікі клопат, мы імкнуліся з маленства дапамагаць бацькам. Дома ў нас быў ідэальны парадак, смяцінкі на падлозе ніколі не знойдзеш. Гаспадарку даглядалі, у кожнага быў свой абавязак. Адзенне насілі па чарзе і ніхто не наракаў, маўляў, хачу новае і моднае. У нас не было вялікага дастатку, затое ў доме заўсёды панавалі згода і лад. Я ніколі не чула дрэннага слова. Квас ды каша на стале былі, а такое суладдзе. Памятаю, высыпле маці 10-літровы чыгун бульбы ў мундзірах, налье расолу і давай мы есці папоўніцы, што аж за вушамі трашчыць. Альбо напячэ пампушак са смятанай. ​ І я ўдзячна сваім бацькам за гэтыя ўспаміны, бо менавіта ў дзяцінстве ствараецца той падмурак, на якім будуецца дарослае жыццё.

    Якая ж наша мова прыгожая

    Стаць настаўніцай я марыла з дзяцінства. Памятаю, пасаджу малодшых сясцёр і давай іх вучыць. Маці нам зрабіла спецыяльную дошку і раздабыла крэйду. На маіх уроках цішыня стаяла, што аж чуваць, як муха пралятала. Больш таго, мы навучылі чытаць і пісаць сваю маці. Яна была, царства ёй нябеснае, з 1921 года і скончыла толькі тры класы польскай школы, таму нашу беларускую мову не ведала. А калі я, ужо будучы настаўніцай, чытала верш Янкі Купалы «Мужык», маці аж расплакалася і сказала: «Якая ж наша мова прыгожая».

    І сапраўды, беларуская мова – самая мілагучная ў свеце. Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута імя Пушкіна я вярнулася ў сваю вёску. Выкладала ў школе і імкнулася прывіць дзецям любоў да нашай мовы, як мне калісьці прывіў настаўнік з вялікай літары Вячаслаў Піліпавіч Кушнер. Калі займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, усе мерапрыемствы ладзілі з дзецьмі толькі на беларускай мове. І зараз, калі ёсць час, бяру ў рукі любімага Караткевіча і адпачываю.

    Бог мяне любіць

    Ведаеце, мне давялося многа выпрабаванняў перажыць за сваё жыццё, што іншы чалавек на маім месцы, пэўна, здаўся б, упаў духам. У 23 гады ад анкалогіі памерла мая малодшая сястра Вольга, у якой засталася паўтарагадовая дачушка, гледзячы на якую сэрца аблівалася слязьмі. Пасля школы я выйшла замуж, але няўдала: у 31 год ​ засталася адна з трыма дзецьмі. Дапамагала гадаваць іх маці, я працавала ў школе. Больш жаночага шчасця не шукала, усю сябе аддавала сваім сынам. Не хаваю, што да мяне сваталіся, але я пабаялася паверыць, не хапіла рашучасці. Зараз з вышыні пражытых гадоў магу сказаць, што дарэмна. У кожнага чалавека ёсць свая палова, а вось сустрэць яе – вялікая ўдача.

    У мяне ёсць восем унукаў і ўжо адна праўнучка Верачка, якой два гады. Стаўлю мэту – пабываць на яе вяселлі (смяецца). Найбольш хвалююся і ўдзяляю ўвагі дзецям малодшага сына, бо тыя гадуюцца без маці. На жаль, нявестка сама адмовілася ад свайго прызначэння.

    У самай старэйшай Любе бачу сябе. Зараз яна ў Барысаве – вучыцца ў педагагічным каледжы, хоча пайсці па настаўніцкай сцяжынцы. Дарэчы, яна самая першая патэлефанавала і павіншавала мяне з юбілейным днём нараджэння – 70-годдзем. З васьмігадовым Паўлікам вучу ўрокі, а пяцігадовага Адамку рыхтую да школы. І ў гэтым, пэўна, маё прызначэнне: быць патрэбнай. Бог не дае нам такіх выпрабаванняў, якія мы не ў сілах вытрымаць.

    Будучы старастам, я ведаю пра ўсе справы ў вёсцы, ведаю, каму трэба мая дапамога. Разам з вучнямі школы мы арганізавалі цімураўскую брыгаду. Дапамагалі Марыі Гусак, якая была глуханямая, былой настаўніцы, ветэрану вайны Кацярыне Гусак, вязню вайны Ефрасінні Хамляк, якая пражыла больш за 92 гады. Разам са стрыечнай сястрой Кацярынай на працягу пяці гадоў наведвалі пацыентаў бальніцы сястрынскага догляду ў Альгомелі і ладзілі для іх святы. Я не магу проста сядзець без справы, мне хочацца, каб было добра ўсім. У гэтым бачу сваю місію.

    Трэба дараваць нават ворагам

    Упэўнена ў гэтым на сто працэнтаў, бо толькі так можна вызваліць сэрца ад крыўды і болю. Я ўсім даравала і мне вельмі лёгка на душы. Будучы глыбока веруючым чалавекам, наведваю нашу царкву Ражджаства Хрыстова. Калі адчынілася нядзельная школа, выкладала ў ёй Божае слова. Разам з дзецьмі мы прымалі ўдзел у розных фестывалях, ладзілі турніры. Прыемна, што нашу справу, якую мы распачалі разам з Верай Гаўрылаўнай Крук, працягваюць маладыя настаўнікі. Дзеці павінны ведаць з маленства, што мы адказваем за свае ўчынкі перад Богам, а не перад людзьмі.

    Таму, як казаў мой бацька, рабі дабро і яно табе вернецца.

    Мы яшчэ доўга размаўлялі з Любоўю Дзмітрыеўнай пра жыццё, пра будучыню. У яе вачах, якія бачылі многа гора, не пагас той агеньчык.

    Першай пажаданні юбілярцы выказала старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Мірановіч. Таксама павіншаваць Любоў Паўловіч прыйшлі калегі – Праскоўя Тайкевіч, былы загадчык дзіцячага садка Людміла Кошман, былы старшыня калгаса Генадзь ​ Сцямпкоўскі. Уручыла кветкі дырэктар Вялікамалешаўскай школы Ірына Краўцова, а падарунак – кіраўнік справамі сельвыканкама Галіна Гананайка. Сустрэча была вельмі цёплай, напоўненая прыемнымі ўспамінамі і смехам. Гады – гэта толькі лічбы, а душа застаецца такой жа маладой.

    Ганна​

    МЕЛЬНІК

    Фота ​ Ганны МЕЛЬНІК

     

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика