• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    Праз творчасць вучыцца дабрыні

    10.10.2022

    330

    0

    2/5 - (1 голос)
    З гэтай унікальнай і рознабаковай маладой жанчынай я была крыху знаёма і раней. Ведала, што яна настаўніца, замужам і жыве ў вёсцы Луткі. Потым на некаторы час яна знікла з майго поля зроку, як аказалася, па ўважлівай прычыне – знаходзілася ў дэкрэтным водпуску па доглядзе малодшага сына Ягора.
    А нядаўна даведалася, што Марыя Санец – так завуць гераіню майго матэрыялу – за гэты час асвоіла адразу некалькі новых захапленняў. Адно з іх – фларыстыка і ўпрыгажэнне ікон у царкве Космы і Даміяна вёскі Луткі, куды мы і зайшлі ў мінулую ня-дзелю ў кампаніі мужа жанчыны Дзмітрыя і малодшага сына. А ў царкве нас чакаў яе настаяцель – протаіерэй Уладзімір, які дадаў:
    – Больш бы такіх маладых людзей, як Марыя, тады за духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення не было б падставы хвалявацца. Яна – знаходка не толькі для мяне, як настаяцеля прыхода, але і для ўсёй вёскі. Менавіта ёй належыць ініцыятыва адкрыць ня-дзельную школу.  Канешне, я даў благаславенне на такую добрую справу, і калі бачу, як у нашай невялічкай царкве выступаюць дзеткі на розныя святы – душа радуецца.
    Як расказала сама Марыя, ідэя арганізаваць работу нядзельнай школы ў яе была даўно, але толькі ў дэкрэтным водпуску для гэтага з’явіўся час.
    – На адной са службаў я  абвясціла ўсім прыхаджанам, каб пагаварылі са сваімі дзецьмі, патлумачылі, для чаго гэта патрэбна. І я была вельмі рада, калі ў групе ў Viber, якую спецыяльна стварыла для гэтай мэты, пачалі прыходзіць паведамленні ад бацькоў. Наведваюць школу ад 10 да 15 дзяцей малодшага школьнага ўзросту. І ім вельмі цікава знаёміцца з гісторыяй рэлігіі, светабудовы, раскрываць свой талент. А кожны чалавек нараджаецца з пэўнымі здольнасцямі і яго задача на зямлі – раскрыць іх і зрабіць так, каб яны прыносілі карысць. І не важна, што гэта – любоў да зямлі, медыцына, спорт. Асабіста я ўжо на працягу многіх гадоў выкладаю хімію і біялогію. На дадзены момант працую ў сярэдняй школе ў Хільчыцах, куды ўладкавалася пасля водпуску. Я вельмі люблю сваю прафесію і лічу яе высакароднай. Бо настаўнік дае не толькі веды, але і выхоўвае душу, вучыць спагадлівасці і дабрыні.
    Але найбольшая роля ў выхаванні дзяцей, канечне, належыць бацькам. Калі яны будуць духоўна ўзбагачацца, наведваць богаслужэнні, прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, то і дзеці возьмуць за прыклад. Бо толькі малітва і вера даюць магчымасць пераадолець самыя розныя цяжкасці. І гэта я ведаю і па сваім вопыце.
    Каб пашырыць свае веды, у мінулым годзе Марыя паступіла ў Мінскую духоўную семінарыю і хутка паедзе на чарговую сесію.
    А сёлета Марыя зацікавілася мылаварэннем. У яе ўтульным пакоі, які яна абсталявала пад кабінет, стварае розныя шэдэўры мастацтва. Часта дапамагае старэйшы сын Максім, які вучыцца ў другім класе. Закончыла спецыяльныя анлайн-курсы, якія праводзіла майстар з Санкт-Пецярбурга. Ёсць свая старонка ў інстаграме пад назвай butik_sanmariko, на якую могуць завітаць жадаючыя.
    – Мой муж ведае, што калі я пайшла ў свой кабінет, то мяне адцягваць не трэба, –  з усмешкай кажа Марыя. – Мне прыносіць асалоду сам працэс:  ці вяночак з кветак раблю для храма, ці мыла пад заказ. Калі ў мяне атрымліваецца праз мае захапленне і работу дарыць радасць, значыць, я не дарэмна жыву.  Мая мара, каб наш свет стаў дабрэйшым, каб нашы дзеці жылі пад мірным небам, каб маглі тварыць, развівацца, вучыцца, быць карыснымі.  Згадзіцеся, што можа быць важней?
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика