• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    Пчаляр з Кашары — Фёдар Сцяпанавіч Зялінскі адзначае свой 90-гадовы юбілей

    01.09.2020

    802

    0

    Rate this post

    Кашара – вёсачка на Століншчыне, якая размясцілася на беразе прыгожай павольнай ракі Льва.

    Некалі тут жылі сотні палешукоў, а сёння іх засталося 39 (па даных Стружскага сельвыканкама).
    Цяперашні доўгажыхар вёскі – Фёдар Сцяпанавіч Зялінскі, які сёння адзначае свой 90-гадовы юбілей. Калісьці раёнка пісала пра добрасумленнага работніка лясной гаспадаркі, пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва. Але з той пары прайшло амаль 40 гадоў. З былых захапленняў старажыла засталася толькі пчаліная пасека, ды і то выконвае самую лёгкую работу, а больш адказная лягла на плечы сына Яўгена.

    Дзяцінства і вайна

    – Я нарадзіўся, вырас і сёння жыву ў Кашары, – расказвае Фёдар Зялінскі. – Як звычайныя сялянскія дзеці ў шматдзетнай сям’і дапамагалі бацькам па хатняй гаспадарцы. Усякай работы хапала. Хадзіў у польскую школу, якая размяшчалася ў адным з дамоў у Кашары. Толькі перайшоў у другі клас, як прыйшлі «саветы». Школы сталі рускія. А потым пачалася вайна. Як сёння памятаю: у небе з’явіліся чатыры варожыя самалёты, якія скідвалі бомбы. Мы, хлапчукі, перапужаліся і давай хавацца. А недалёка так выбухнула, што ў вушах зазвінела і ў баку, і ў руцэ нібы праткнула распаленым шылам – гэта былі невялікія асколкі.
    – Потым па вёсках пайшоў брушны тыф, які «касіў» лю-дзей пачкамі. Не абмінуў і нашу сям’ю – ад хваробы ў 1943 годзе памёр бацька. Я таксама хварэў, але выкарабкаўся. Пашанцавала, ды раны ад асколкаў ніяк не зажывалі.

    Поўдзень і Святлана

    – Неяк мне брат параіў ехаць у Херсон. Ён казаў, што там ёсць дактары, якія дапамогуць. І вось мы цягнікамі разам з сябрам Мікалаем рушылі на поўдзень. У той бальніцы, пра якую расказалі, прымала жанчына. Спытала, адкуль мы прыехалі. Я адказаў, што з Беларусі. А яна ў адказ: з Беларусі мы не прымаем, выбачце, трэба стаць на ўлік.
    – Шукалі, куды прыбіцца, і ўладкаваліся ў калгас «Чырвоны Жоўцень».
    Праўда, мы там нядоўга працавалі. І ў хуткім часе апынуліся ў Гопры.
    Ранкам сябар пайшоў да рыбалавецкага катэра і ўладкаваўся на работу туды. Яго прынялі, а мяне не. Так я застаўся амаль адзіны далёка ад дома і без грошай. І тут, на шчасце, мяне заўважыла жанчына і паклікала. Мы разгаварыліся і я ёй усё расказаў як ёсць. Жанчына аказалася вельмі добрай і прапанавала пажыць у яе.
    – Накармілі, напаілі мяне. А тут прыходзіць дзяўчына з поўнай міскай рыбы. Гэта аказалася яе ўнучка Святлана. Прыгожая яна была, але мне было неяк няёмка знаёміцца бліжэй.
    Потым я ўсё ж трапіў ў бальніцу, зрабілі аперацыю і асколкі дасталі. Нейкі час я яшчэ набіраўся сіл, потым развітаўся са Святланай і яе бабуляй і рушыў дадому цягнікамі.
    Праз нейкі час прыходзіць з поўдня тэлеграма, фотакартка і 200 (!) рублёў. Ад Святланы. Як аказался, я ёй вельмі прыглянуўся і яна мяне запрашае пераехаць да іх. Я доўга вагаўся, але ўсё ж вырашыў застацца дома. Адаслаў я ёй тыя вялізныя грошы назад.

    Работа і пчолы

    – Як вярнуўся дадому – адразу пачаў працаваць, каб зарабіць капейку. І касіў, і араў, і дамы будаваў. Непасрэдна з маім удзелам у Кашары былі пабудаваны восем дамоў. А ў вольны час любіў на вяселлях барабаніць, спяваць. Вывучыўся на вадзіцеля ў Століне, а вадзіцельскае пасведчанне атрымаў у Давыд-Гарадку. Ох і цяжка было дабірацца да горада! А калі вада разлівалася, то толькі лодкамі можна было. Тады нават Штэпсель з Тарапунькаю выступалі і казалі, што з Альман дарога – самая шыршая! Хто як мог – той так і дабіраўся, адзінай дарогі ці маршруту не было. Цераз Гарынь маста не было, толькі паром.
    – Жыў, працаваў у Кашары, пазнаёміўся з дзяўчынай з прыгожым рэдкім імем Іраіда. Сустракаліся, а потым і пажаніліся. Продкі жонкі былі звязаныя з Радзівіламі – абслугоўвалі лясы. Таму ў нашым родзе стала багата тых, хто звязаны з лесам. Мяне таксама аднойчы запрасілі быць лесніком. Пагадзіўся без разважанняў. Быць лесніком і жыць у лесе – гэта проста цудоўна. Таксама прываблівала і пчаліная пасека – больш за 100 вулляў! Ды і сваіх два-тры дзясяткі. Я ж з дзяцінства любіў пчол, дапамагаў дзядзьку-суседу з імі. Пасля выхаду на пенсію мне зноў прапанавалі быць пчаляром. Так я працаваў яшчэ сем гадоў. А потым вырашыў, што хопіць. Засталіся толькі свойскія вуллі, з якімі зараз спраўляецца сын Яўген.
    Разам з жонкай Іраідай, якая, на жаль, пакінула гэты свет шэсць гадоў таму, пражылі 60 гадоў і сем месяцаў, нарадзілі і выхавалі сына Яўгена і дачку Ніну. Сын таксама звязаў сваю працоўную дзейнасць з лесам, па яго слядах пайшоў і сын – мой унук. Такім чынам, у нашай сям’і атрымалася пяць пакаленняў «леснікоў». Прыемна таксама, што не забываюць мяне шэсць унукаў і 12 праўнукаў. Я іх заўсёды чакаю ў госці. А калі не атрымліваецца прыехаць, то рады паразмаўляць з імі па тэлефоне.

    Аляксандр
    НІКІФАРЭНКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика