• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Новую рэпутацыю, бы булачку, не спячэш

    28.09.2021

    323

    0

    Rate this post

    – Ну як можна адмовіцца ад такой смачнай і духмянай спакусы, – пытаю кандытара 4-га разраду Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскага распажыўтаварыства Святлану Шчэрбач, – яна ж сама ў рот просіцца.
    – А я ўжо звыкла, таму нават увагі не звяртаю, – смеяцца Святлана Лявонцьеўна. – Нам галоўнае, каб людзі былі задаволены і куплялі нашу выпечку. Калі застаюцца пустыя паліцы, то гэта лепшае прызнанне нашай работы.
    Святлана Лявонцьеўна нездарма гаворыць не асабіста пра сябе, а пра ўвесь калектыў кандытарскага цэха магазіна «Родны кут» у Давыд-Гарадку. У ім яна працуе з моманту адкрыцця ўжо восем гадоў. Сумяшчае работу кандытара з абавязкамі загадчыка.
    Дагэтуль працавала на Давыд-Гарадоцкім хлебазаводзе 12 гадоў. Была кандытарам, майстрам цэха, а апошнія шэсць гадоў начальнікам цэха.
    За гады сваёй работы неаднаразова была адзначана за добрасумленную працу і адданасць прафесіі. Вось і падставай для гэтага матэрыялу стала тое, што на дзень горада Давыд-Гарадка яна была ўзнагароджана ганаровай граматай.
    Цікава тое, што спецыяльнасць у Святланы Лявонцьеўны зусім не кандытарская. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Вялікіх Арлах яна паступіла і скончыла цяперашні Слуцкі дзяржаўны каледж перапрацоўчай прамысловасці. І па дыпломе яна майстар-сыравар. Па размеркаванні непрацяглы час працавала ў Баранавічах у цэху марожанага. А потым вярнулася на радзіму. Зараз жыве ў Давыд-Гарадку літаральна за некалькі хвілін хады ад работы.
    – Гэта вялікі плюс, тым больш, што даводзіцца ўставаць на досвітку, – расказвае Святлана Лявонцьеўна.
    – Вы працуеце ў начныя змены. Адкажыце, як вытрымліваеце ўсю ноч на нагах?
    – Камусьці ж трэба не спаць, каб вы маглі купіць свежы хлеб, булачкі і здобу, – з усмешкай кажа кандытар. – Канечне, гэта цяжка, асабліва, калі не выспаўся. Але ж чалавек да ўсяго прывыкае. Тым больш, што я сваю работу вельмі люблю. А той, хто выпадкова аказаўся ў прафесіі, рана ці позна пакіне яе. Бо пячы хлеб – прызванне трэба. У нашых дзяўчат яно ёсць, таму не без гонару скажу, што нашу прадукцыю вельмі любяць. Карыстаюцца папулярнасцю булачкі «Сюрпрыз», «Чайная з тварагом», «Крэндзель з цукрам», пірагі. Усяго ж у кандытарскім цэху выпякаюць да 30 відаў смачных вырабаў.
    Самае галоўнае ў кандытарскай справе – гэта строгае выкананне тэхналогіі і абавязкова захаванне санітарных нормаў. Бо тут дробязяў няма. Не дай Божа, пакупнік волас знойдзе – гэта ж бяда. Мы даражым сваёй рэпутацыяй і не хочам, каб наша прадукцыя «свяцілася» ў негатыўным статусе. Зараз дзякуючы інтэрнэту інфармацыя вельмі хутка разлятаецца. А новую рэпутацыю, бы булачку, не спячэш.
    Адказнасць Святлана Лявонцьеўна лічыць самай галоўнай якасцю, якой павінен валодаць чалавек. І сваім дзецям яна гэта данесла. Яны ў яе – цудоўныя. Дачка Анастасія пайшла па медыцынскім шляху – працуе ўрачом-анколагам. А сын Андрэй – студэнт трэцяга курса Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
    – Калі сын прыязджае ў госці, абавязкова пяку бісквіт, які ён любіць, – расказвае жанчына. – Пакуль дзеці жылі са мной, часта гатавала стравы па іх запытах. Вельмі хацела іх балаваць, бо яны – маё самае дарагое багацце. Важна, каб у дзяцей былі добрыя ўспаміны аб дзяцінстве.
    А сваім прыкладам лічыць маці – Ніну Ільінічну, якая ўсё жыццё працавала ў калгасе паляводам і была ў перадавіках.Святлана Лявонцьеўна таксама паспявае ўсё. Трымае агарод і нават парнік на пяць сотак. Сама за рулём ужо 10 гадоў. А яшчэ спявае на клірасе і дапамагае ў царкоўнай лаўцы. Ці можа ў такой жанчыны быць нясмачны хлеб?
    Ганна МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика