НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Музыка напаткала гэтага хлапчука Міхаіла Казеню з аг. Альшаны невыпадкова.
На баяне іграла калісьці яго бабуля Люба – знакамітая мнагадзетная маці 18 дзяцей з Рамля. А дзядуля Барыс цудоўна спяваў. Таму з такімі генамі было б дзіўна, каб Міша не пайшоў у музычную школу па класе баяна. Яго настаўнік Валянцін Шасцюк не можа нарадавацца на свайго вучня, маўляў, таленавіты, а разам з тым на занятках не халтурыць.
Таму цудоўныя вынікі не прымусілі сябе чакаць. Дыплом ІІІ ступені другога рэгіянальнага конкурсу старадаўняй музыкі «Старажытныя ўзоры», дыплом І ступені адкрытага дыстанцыйнага конкурсу «МузыкалкаЛІДА», дыплом ІІІ ступені Міжнароднага шматжанравага конкурсу «Неба Перамогі» – гэта толькі частка ўзнагарод, якія мае Міхаіл.
– Вядома ж, твае дасягненні – гэта плённая работа. Ці заўсёды ты з настроем займаешся?
– Па-рознаму, хоць музыку я вельмі люблю. Бывае, што стамляюся ў школе, таму даводзіцца сябе падбадзёрваць. Я вельмі паважаю свайго настаўніка, які ўкладвае душу. Ён заўсёды знаходзіць патрэбныя словы, каб падтрымаць. Гэта важна для мяне.
– Ты сам вырашыў займацца ў музычнай школе ці бацькі настаялі?
– Можна сказаць, і тое, і другое. Бацька мне купіў баян і прапанаваў пазаймацца, а калі не спадабаецца, то прымушаць не будзе. Я паспрабаваў і вось ужо шосты год, як не развітваюся з баянам.
– Прымаючы ўдзел у розных конкурсах, ты заўсёды разлічваеш на перамогу? Ці засмучаешся, калі нічога не атрымліваеш?
– Заўсёды разлічваю, а інакш навошта ўдзельнічаць. Але не раблю трагедыі, калі не займаю ніякае месца. Значыць, ёсць куды расці, да чаго імкнуцца. Асабліва мне дарагі дыплом, які заваяваў у конкурсе «Неба Перамогі», паколькі ён міжнародны і ў журы ўваходзілі дзеячы мастацтваў з розных краін.
– А ў цябе ёсць куміры сярод музыкантаў?
– Я захапляюся Пятром Дрангай, якога называюць акардэаністам-віртуозам. Я таксама іграю на акардэоне, але мне да Дрангі яшчэ вельмі далёка. Мне б хацелася пазнаёміцца з ім асабіста – гэта мая мара.
Валянцін Шасцюк, які прысутнічаў пры нашай размове, дадаў:
– У Мішы сваё бачанне кожнага твора, ён часта імправізуе, што гаворыць пра  вялікія задаткі. Добры слых, таму на ляту падбірае музыку. Я бачу ў гэтым вучні перспектыву, таму раю працягваць займацца музыкай і ў будучыні. На мой погляд, такія здольнасці не павінны прападаць.
Што ж, жадаем Міхаілу знайсці сябе ў жыцці і праславіць Альшаны далёка за межамі. Каб і з ім марылі сустрэцца пачынаючыя музыкі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости