• ru
  • by
  • 27 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Ёсць агонь у вачах

    27.02.2019

    140

    0

    Rate this post

    Калі мы глядзім на шчаслівыя твары спартсменаў, якім на п’едэстале ўручаюць медалі, мы нават не ўяўляем, колькі часу і сілы яны аддалі дзеля гэтага моманту. Сотні трэніровак, указанняў трэнера, пад’ёмы на досвітку і строгая дысцыпліна – гэта яшчэ не ўсё, што звязана з жыццём спартсмена.

    Разумее гэта і Васіль Скрабейка з аграгарадка Альшаны, які атрымаў званне “Малады чалавек – адкрыццё года” ў галіне фізічнай культуры і спорту.
    Трэці год ён займаецца бегам у секцыі лёгкай атлетыкі Давыд-Гарадоцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пад кіраўніцтвам трэнера Аляксея Іванавіча Дзямко.
    У сваёй сярэдняй школе № 2 аг. Альшаны, дзе вучыцца ў 10 “А” класе, юнак – мясцовая зорка. Яго імя заўсёды сярод пераможцаў і прызёраў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, а на апошніх лінейках у яго руках безліч грамат і дыпломаў.
    Напрыклад, у Магілёве, дзе праходзіў рэспубліканскі крос, Васіль стаў бронзавым прызёрам. 1000 метраў ён прабег за 2,39 хвіліны, што адпавядае першаму даросламу разраду. Ад першага і другога месцаў яго аддзялілі лічаныя долі секундаў, бо ўся тройка ішла да фінішу ў адны ногі.
    – Пэўна, крыўдна было ў гэтую хвіліну? – пытаю бегуна.
    – Прызнаюся, было спачатку, але праз колькі хвілін ты разумееш, што ўжо нічога не можаш змяніць і адпускаеш сітуацыю. Усе хочуць перамагчы, але перамагае мацнейшы. Гэта неаспрэчнае правіла спорту. Пасля мы з трэнерам, канешне, аналізавалі, чаму так атрымалася, але толькі са спартыўнай кропкі погляду, а не з крыўднай. Гэта неабходна для будучых стартаў.
    – Ты займаешся бегам. Чаму менавіта гэты від спорту ты выбраў?
    – Я нават не мог падумаць, што буду бегаць крос. Як і большасць альшанскіх хлапчукоў, марыў пра футбол і ганяў мяч на полі. Заняцца бегам мне прапанаваў трэнер Аляксей Дзямко, які падышоў да мяне ў час заняткаў па фізкультуры. Прызнаюся шчыра, я яшчэ доўга разважаў. Трэнер не адступаў, бо бачыў мой патэнцыял і мяне ў гэтым запэўніваў. Вось і вырашыў паспрабаваць. Першая трэніроўка, другая – і пайшло-паехала. Калі я прыйшоў, то думаў, што трэба проста бегчы і ўсё. Аж не. Кожны рух, крок, скачок трэба спачатку падрыхтаваць. Гэта як заняткі па фізіцы. Трэнер разглядаў мой арганізм, як пад мікраскопам. З дапамогай вымервання пульса вызначаў маю вынослівасць i працаздольнасць, назіраў за дыханнем. Потым арганізм настолькі звык да нагрузкі, таму яе недахоп адчуваецца адразу. Асабліва, калі па нейкіх прычынах даводзіцца прапускаць трэніроўкі.
    – Спартсмены, асабліва прафесійнага ўзроўню, часта ахвяруюць вучобай. Ці пацвярджаеш гэта?
    – Імкнуся сумяшчаць адно з адным, бо без ведаў нікуды. Трэніроўкі ў мяне шэсць разоў на тыдзень па дзве з паловай гадзіны. Стараюся размеркаваць астатні час і на выкананне дамашніх заданняў, і на дапамогу бацькам, паколькі ў нас вялікая гаспадарка.
    Сваю будучыню я планую звязаць са спортам і атрымаць спецыяльнасць трэнера. Мяне падтрымлівае мая сям’я, што надае яшчэ большай упэўненасці. Бабуля Валянціна і дзядуля Васіль увогуле тэлефануюць, калі яшчэ не паспею да фінішу дабегчы (смяецца). Таму ў мяне ёсць стымул ісці далей, дасягаць новых вяршынь, змагацца і перамагаць.
    Аляксей Дзямко – трэнер з 35-гадовым стажам. Ён, як ювелір, знаходзіць алмазы і ператварае іх у сапраўдныя брыльянты. Многія яго выхаванцы зараз навучэнцы вучылішчаў і школ алімпійскага рэзерву. Таму цікава было даведацца яго меркаванне наконт свайго выхаванца:
    – Васіля я заўважыў адразу. З такімі асаблівымі спартыўнымі данымі нараджаюцца раз у 50 гадоў. Мяркую, што справа ў генах. Як я потым даведаўся, бабуля Васіля з Сібіры, дзе спрадвеку жылі моцныя і вынослівыя людзі. Яго арганізм яшчэ расце, таму важна не ўпусціць час. Калі не працаваць зараз, потым ужо будзе позна. Вынослівасць яго сапраўды ўражвае, ён можа бегчы на працягу паўтары гадзіны, а потым хутка прывесці дыханне ў норму. Некаторы час мы з ім проста размаўлялі. Я хацеў зразумець, што значыць спорт для юнака. Бо часта бывае так, што нават у прыроджанага спартсмена адсутнічае агонь у вачах. Тады хоць танцуй, хоць спявай, нічога не будзе. І я вельмі задаволены, што ў Васіля вочы гараць! Асабліва зараз, калі ён адчуў, на што здольны. Як трэнер дапамагаю Васілю навучыцца слухаць свой арганізм, каб правільна ім кіраваць. Васіля Скрабейку заўважылі і ўзялі на аловак многія дарослыя трэнеры па лёгкай атлетыцы, якія заўсёды прысутнічаюць на спаборніцтвах. Яго ўжо неаднойчы хацелі забраць у школу алімпійскага рэзерву. Але мы вырашылі займацца дома, тым больш умовы ёсць, а ён ужо на адным узроўні з навучэнцамі гэтых устаноў. Ды і бацькам дапамога.
    Спорт, канешне, рэч непрадказальная. Але калі ўсе зоркі сыдуцца, то імя Васіля Скрабейкі мы яшчэ абавязкова пачуем.
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика