• ru
  • by
  • 28 мая

    USD

    EUR

    Столин

    21C

    Іван Казак з аг. Альшаны: ад падводніка да пчаляра

    24.03.2020

    355

    0

    Rate this post

    У жыцці кожнага чалавека бываюць такія падзеі, якія на доўгі час застаюцца ў памяці. І нават праз гады ўспаміны не цьмянеюць. Іван Казак з аграгарадка Альшаны дагэтуль у падрабязнасцях памятае сваю службу, якую праходзіў на Паўночным флоце.

    …Разам з аднакласнікам і сябрам Сямёнам Піваварэвічам пасля школы вырашылі пайсці вучыцца ў ваеннае вучылішча. Тады стаць ваенным хацелі ледзь не ўсе юнакі, бо вельмі прэстыжнай была гэта прафесія ды і дзяўчаты з захапленнем глядзелі на хлопцаў у ваеннай форме. Ваенкам прапанаваў паступаць у Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Вярхоўнага Савета Азербайджанскай ССР. Але хлопцы марылі пра мора. «Добра, паедзеце служыць тады за блізкім светам», – паабяцаў ваенкам. І слова стрымаў.
    І вось у 1964 годзе Іван Казак і Сямён Піваварэвіч накіроўваюцца у Кранштадт, дзе вучацца ў школе строгага рэжыму падводнага плавання на машыністаў. У іх абавязкі ўваходзіла абслугоўванне атамнага рэактара на падлодцы. Пасля двух месяцаў у вучэбным цэнтры ў Эстоніі хлопцаў адпраўляюць у ваенны гарадок Севераморск-8. Іван ідзе служыць на ракетную падводную лодку К-22, а яго сябар – на першую савецкую і трэцюю ў свеце атамную падводную лодку «Ленінскі камсамол».
    Іван Казак працаваў у 7-ым турбінным адсеку. Восем гадзін нёс вахту, астатні час на сон, адпачынак і прыём ежы. Добра памятае, як хваляваўся перад сваім першым пагружэннем. Таварышы па службе жартавалі, маўляў, куды дзенешся з падводнай лодкі. І сапраўды, калі ты на глыбіні 240 метраў, нікуды не дзенешся. Дзесьці праз тры дні звык і да лямпачак замест сонечнага святла. А потым і ў паўсагнутым становішчы звык хадзіць. Круглыя кубрыкі і камбузы, у якіх, каб размінуцца, трэба добра пастарацца. А яшчэ звык, што ён у адной вялікай і дружнай сям’і, якой сталі ўсе 115 чалавек. На падлодцы ўвесь экіпаж – адзінае цэлае, без даверу і ўзаемадапамогі нельга. Бо ва ўмовах падводнай ізаляцыі, калі хтосьці адзін зрабіў няправільна – нашкодзіў усім! І без пачуцця гумару, вядома, проста не выжыць. А на дні нараджэння кок абавязкова выпякаў для імянінніка торт, а віншавалі ўсе – ад афіцэраў да матросаў.
    Быць падводнікам – гэта рызыкаваць жыццём кожны дзень. У замкнёнай прасторы няма права на памылку. Але няма нічога горшага за пажар. Аднойчы, будучы ў плаванні, па радыёсувязі перадалі, што на падлодцы «Ленінскі камсамол», дзе служыў яго сябар Сямён, здарыўся пажар. 39 чалавек загінула. Іван не знаходзіў сабе месца да канца пахода. Як толькі прыйшлі на базу, стрымгалоў паляцеў у часць да Сямёна. «Піва (так звалі Сямёна на служба) дзе?» – пытае ў матросаў. «Жывы ён. Дадому ў водпуск паехаў», – пачуў у адказ, і на сэрцы адлягло. А калі пабачыў сябра на свай малой радзіме – нават расцалаваў.
    У сакавіку 1967 года Іван Казак у складзе экіпажа сваёй падводнай лодкі прымаў удзел у Экватарыяльнай экспедыцыі асобага прызначэння. Яе мэтай была праверка магчымасці забеспячэння працяглага знаходжання савецкіх падводных лодак, якія нясуць баявую службу ў акіяне, без вяртання на берагавыя базы з аднаўленнем іх баяздольнасці ва ўмовах манеўранага базіравання на плывучую базу ў экватарыяльнай зоне Атлантыкі.
    Асаблівае значэнне надавалася ўдзелу ў гэтай экспедыцыі атамнай падводнай лодкі. Раней такія задачы перад флотам не ставіліся і іх трэба было вырашаць упершыню.
    Гэта была адна з самых маштабных аперацый у гісторыі савецкага ВМФ. У складзе экспедыцыі былі атамная падводная лодка з крылатымі ракетамі, дзве вялікія дызельныя тарпедныя падводныя лодкі, плывучая ракетна-тэхнічная база, плывучая база атамных падводных лодак, экспедыцыйна-акіянаграфічнае судна. А колькасць удзельнікаў налічвала больш за 1000 чалавек.
    Іван Паўлавіч як найдаражэйшы скарб захоўвае свой марскі фотаальбом і граматы. У адной з іх гаворыцца: «Гвардии главному старшине Казаку Ивану за отличные успехи в боевой и политической подготовке, примерную дисциплину и безупречную службу в рядах Вооружённых Сил Союза ССР».
    Пасля службы доўгі час звыкаў да зямлі Іван Паўлавіч. Вярнуўшыся ў Альшаны, паступіў і скончыў Пружанскі аграрны тэхнікум і працаваў у калгасе «40 гадоў Кастрычніка». Спачатку быў брыгадзірам будаўнічай брыгады, потым забеспячэнцам. А ў 1994 годзе стаў галоўным пчаляром у гаспадарцы. Пра пчол ён можа расказваць не менш, чым пра сваё падводнае мінулае. Усе, хто ведаюць Івана Казака, у адзін голас сцвярджаюць: такога смачнага мёду, як у яго, няма нідзе. І гэта не дзіўна. Любоў да пчалярства яму перадалася ў спадчыну ад бацькі. Захоўваюцца на пасецы Івана Паўлавіча і некалькі калод, якім больш за 100 гадоў! Дарэчы, сваіх сыноў Віталя і Івана ён таксама навучыў «сябраваць» з пчоламі. Па парады да яго звяртаюцца многія пачынаючыя пчаляры. І Іван Паўлавіч раіць, падказвае. Прагназуе, што ў гэтым годзе павінен быць добры ураджай мёду.
    Акрамя сыноў, мае дачку Тамару. Радуюць 8 унукаў і 12 праўнукаў. Са сваёй жонкай Лідзіяй пазнаёміўся ў адным з водпускаў, якіх было тры за гады службы. Яна яго дачакалася з арміі, а 1 студзеня мінулага года адзначылі залатое вяселле. «Яна ў мяне малайчына!» – кажа мой суразмоўца. І я разумею, што павага і каханне і зараз пануюць у іх доме.
    Таксама любіць Іван Паўлавіч парыбачыць, бо без вады не можа. У гэтай справе ён таксама майстар. Узгадвае, як у час экспедыцыі на экватары лавілі акул і як бачыў вялікую чараду дэльфінаў. А яшчэ часта сустракаецца са сваім надзейным сябрам і ўжо кумам Сямёнам. А ім ёсць што ўспомніць…
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика