• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Дабрыня – самае дзейснае лякарства

    18.05.2021

    1486

    0

    Rate this post

    Бывае такое, што не чалавек выбірае прафесію, а прафесія выбірае яго. Як, напрыклад, атрымалася ў Наталлі Шыкунец – старшай медыцынскай сястры Давыд-Гарадоцкай паліклінікі.

    Усе, хто асабіста ведае Наталлю Васільеўну, у адзін голас кажуць: чалавек на сваім месцы. Заўсёды спагадлівая, вясёлая, як зараз модна казаць, на пазітыве. Да таго ж проста віртуоз у арганізацыйных момантах, за што яе вельмі цэніць кіраўніцтва.
    З медыцынай Наталля пазнаёмілася ў дзяцінстве. І не дзіўна, бо яе маці Людміла ўсё жыццё працавала фельчарам у Харомскай амбулаторыі. Дзяўчынка вельмі ганарылася сваёй маці і хацела быць на яе падобнай. Хоць і бачыла, як стамляецца тая пасля работы, як звяртаюцца да яе па дапамогу ў любы час дня і ночы. Затое якой яна святой справай займаецца! Таму пасля заканчэння школы Наталля нават не сумнявалася ў тым, што спыніцца на медыцыне.
    Скончыўшы ў 1998 годзе Пінскае медыцынскае вучылішча, па размеркаванні трапіла ў Давыд-Гарадоцкую паліклініку. Спачатку працавала ў стаматалагічным кабінеце, а потым перайшла ў інфекцыйнае аддзяленне.
    З 2004 года была назначана на пасаду старшай медыцынскай сястры паліклінікі. З вялікай удзячнасцю ўспамінае калегу Веру Васільеўну Катовіч, якая ўводзіла яе ў курс спраў.
    – Мне заўсёды было проста з людзьмі, якія вырашаюць праблемы з усмешкай, якія маюць цярпенне растлумачыць і не дакараюць, калі што не так, – кажа мая суразмоўца.
    Галоўная задача старшай медсястры – арганізацыя работы ўсёй паліклінікі, штат якой 100 чалавек. Тут ёсць дзіцячая і жаночая кансультацыі, рэнтгенкабінет, працуюць урачы вузкіх спецыяльнасцяў. Наталля Васільеўна вырашае ўсе пытанні з медыкаментамі, дастаўкай неабходных прэпаратаў і сродкаў абслугоўвання пацыентаў.
    Асабліва напружанай была абстаноўка ў красавіку мінулага года, калі пачалася першая хваля пандэміі. Увесь персанал вельмі з’яднаўся, ніхто не здаўся ў барацьбе з пандэміяй. Спатрэбілася каля месяца, каб адаптавацца да дагэтуль невядомай хваробы. Зараз, дзякаваць Богу, сітуацыя з пандэміяй пад кантролем. Праводзіцца масавая вакцынацыя, і ёсць упэўненасць, што ў будучыні слова «каранавірус» не будзе гучаць так пагрозліва.
    З разуменнем ставіцца да работы жонкі муж Яўген, якія працуе ў ЖКГ. Калі яна затрымліваецца на рабоце, заўсёды падстрахуе – і на кухні падзяжурыць, і з дзецьмі ўрокі павучыць. Дарэчы, у Наталлі старэйшы сын Аляксандр выбраў таксама важную прафесію – выратавальніка, зараз вучыцца ў Салігорску ў філіяле БНТУ. А малодшы сын Юрый – сямікласнік.
    А яшчэ Наталля Шыкунец – прызнаны абсалютна ўсімі кветкавод-аматар. І сапраўды, яна проста жыць не можа без кветак, таму ўзначальвае брыгаду сваіх калег па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Наракае на халодны май, бо нельга пасадзіць пятуніі. Затое на клумбах хутка пакажуць сябе ва ўсім харастве ірысы, хосты, фарзіцыі, спірэі і іншыя мнагалетнія расліны. Плануюць павялічыць колькасць вечназялёных хвойных кустоў і дрэў. А калі ёсць жаданне, будзе і вынік. Да слова, калектыў паліклінікі неаднаразова станавіўся прызёрам гарадскога конкурсу на лепшае аздабленне і добраўпарадкаванне.
    Любоў да такога прыгожага занятку перадалася Наталлі Васільеўне ад яе бабулі Алены Адамаўны, двор якой патанаў у кветках ад ранняй вясны да позняй восені. Яна была нават адзначана ў кнізе «Кветкавы край Беларусі» пад аўтарствам земляка Леаніда Дранько-Майсюка.
    А яшчэ атрымала ў спадчыну ад бабулі жыццёвую мудрасць і цярпенне. Наталля нават адпачывае… у сваім агародзе. Прыводзіць у парадак думкі, а створаная прыгажосць радуе не толькі яе вока, але і суседзяў і гасцей. Любімыя кветкі – белыя ружы. Бядуе, што ў гэтым годзе яны дрэнна перазімавалі, але спадзяецца, што ачуняюць.
    У людзях Наталля Васільеўна цэніць дабрыню і адказнасць. Спалучэнне гэтых якасцяў лічыць галоўнымі і для медыцыны. Карыстаючыся выпадкам, віншуе калег:
    – Дзякуючы вашым намаганням хтосьці кожны дзень пазбаўляецца ад пакут, да кагосьці вяртаецца бадзёрасць і добрае самаадчуванне. Ваша самаадданае і бескарыслівае служэнне заваявала многа сэрцаў, бо вы не толькі дапамагаеце вылечыцца фізічна, але і з’яўляецеся крыніцай падтрымкі і надзеі ў цяжкія для чалавека хвіліны. Жадаю ўсім сваім калегам здароўя, поспехаў, матэрыяльнага дабрабыту і, канешне, удзячных пацыентаў, – кажа Наталля Шыкунец.
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика