• ru
  • by
  • 3 мая

    USD

    EUR

    Столин

    21C

    Да дня настаўніка: Гонар настаўніка – яго вучні

    01.10.2021

    369

    0

    Rate this post

    У кожнага з нас ёсць любімы настаўнік. Яго мы будзем успамінаць добрым словам і праз дзясяткі гадоў.
    Вось як Таццяну Рыгораўну Міхлюк – настаўніцу біялогіі і нямецкай мовы Кароціцкай сярэдняй школы. Яе ніколі не забываюць былыя вучні, бо яна дала ім не толькі веды, але і дапамагла вызначыцца з будучай прафесіяй.

    Зусім нядаўна мы ўспаміналі Таццяну Рыгораўну як настаўніцу Ганны Кудласевіч, якая набрала 100 балаў па біялогіі і зараз вучыцца на фармацэўта ў Віцебску.
    – Ганна казала, што для яе такі вынік стаў сюрпрызам. А для вас? – пытаю.
    – Хутчэй не чакала пачуць лічбу 100, а так было адразу відавочна, што яна паб’е рэкорд нашай школы. Дзяўчына бездакорна ведала біялогію, у яе адназначна ёсць здольнасці да гэтага прадмета і да таго ж у добрым сэнсе яна была апантаная сваёй мэтай. А яшчэ прыгадваю такі цікавы момант. Калі Ганна здала рэпетыцыйнае тэсціраванне на 92 балы, наш дырэктар Алена Якаўлеўна сказала: «Ну каб за цэнтралізаванае 100 балаў атрымала». І як у ваду глядзела. Але ж, у першую чаргу, гэта заслуга самой Ганны, – кажа Таццяна Рыгораўна.
    Дарэчы, гэта не першая вучаніца настаўніцы, якая мае высокія балы па біялогіі. Некалькі гадоў таму Тамара Савонава набрала 82 балы і паступіла на ўрача. Вераніка Дарошка, добра здаўшы іспыт, таксама вучыцца ў медуніверсітэце. Кацярыны Халімончык – будучы біятэхнолаг. Добра здала тэсціраванне Ганна Кудласевіч, якая зараз студэнтка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. А пайшлі па педагагічнай сцежцы і выбралі такую ж спецыяльнасць, як у свайго настаўніка, Надзея Кудласевіч і Алена Коваль. Ужо адвучыліся і працуюць.
    Вось якая багатая педагагічная скарбонка ў Таццяны Рыгораўны. Нездарма гавораць, што пра прафесіяналізм і паспяховасць настаўніка раскажуць дасягненні яго вучняў.
    – Я з радасцю дзялюся сваімі ведамі з вучнямі. А так ніякага сакрэту няма. Калі дзіця хоча, то яно будзе ведаць. Калі бачу агонь у вачах, ніколі не адмаўляю ў дадатковых занятках. У нашай школе біялогія выкладаецца ў гэтым годзе на павышаным узроўні. Сёлета 11 вучняў 9-11 класаў займаюцца па ўскладненай праграме, таму ёсць падставы разлічваць на добрыя вынікі па тэсціраванні і далей. Хоць сама праграма зараз вельмі складаная. Многае з таго, што я вучыла ў інстытуце, зараз у старэйшых класах праходзім, – гаворыць настаўніца.
    Таццяна Рыгораўна яшчэ ў школе вырашыла, што будзе настаўнікам. Паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя Пушкіна на біёлага-хімічнае аддзяленне прыродазнаўчага факультэта. Была адной з лепшых студэнтак на сваім курсе. Пасля заканчэння інстытута год працавала ў аграгарадку Бялёў Жыткавіцкага раёна. Потым выйшла замуж і вярнулася на сваю малую радзіму – у Кароцічы. Была адзіная дачка ў бацькоў, ды і родныя мясціны цягнулі. Уладкавалася ў школу… настаўніцай нямецкай мовы.
    – Калі я прыйшла, была свабодная стаўка толькі настаўніка замежнай мовы. Выбару не было, таму я згадзілася. Выкладала ў школе і паралельна вучылася на курсах паслядыпломнай адукацыі ў Мінску, – успамінае Таццяна Рыгораўна.
    І што самае дзіўнае – цэлых 11 гадоў да біялогіі настаўніца не мела ніякага дачынення і выкладала нямецкую мову. А потым, калі папярэдні настаўнік біялогіі пайшоў на заслужаны адпачынак, Таццяна Рыгораўна замяніла яго. Хоць нямецкай мове вучыць і зараз.
    – Ці не цяжка было пасля доўгай разлукі з родным прадметам?
    – Зусім не, вельмі хутка ўспомнілася ўсё. Гэтаму яшчэ паспрыяла тое, што мой старэйшы сын Аляксей выбраў біялогію і хімію для паступлення, і яго рыхтавала. Закончыў факультэт біятэхналогіі і аквакультуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Заўсёды любіў рыб і яшчэ дзіцём спрабаваў іх разводзіць дома. Працаваў інжынерам у рыбгасе «Волма» Мінскай вобласці, а зараз служыць у арміі. Ужо жанаты. Жонка з Кароціч таксама такую ж спецыяльнасць атрымала і працуе там жа. І малодшы сын Фёдар заканчвае той жа факультэт акадэміі, – з усмешкай кажа суразмоўца.
    А вось дачушка Марыя вучыцца ў восьмым класе, яшчэ толькі выбірае, што ёй даспадобы. Таццяна Рыгораўна ўпэўнена, што на дзяцей не трэба націскаць і выбіраць спецыяльнасць замест іх. Бо, калі чалавек не будзе любіць сваю прафесію, ён ніколі ў ёй не адбудзецца і толькі будзе шкада страчаных гадоў.
    А сябе лічыць шчаслівай, бо кожны дзень з радасцю ідзе да сваіх вучняў. А значыць, яшчэ не адзін з іх успомніць Таццяну Рыгораўну добрым словам.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика