• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    13C

    Цэнны кожны работнік

    11.03.2022

    267

    0

    Rate this post

    Прыемная нагода наведаць некалькі гаспадарак раёна – уручэнне падарункаў жывёлаводам па выніках традыцыйнай рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод».


    Трэба нагадаць, што яна ініцыявана рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і стартавала яшчэ ў мінулым годзе – першага снежня 2021 года.
    Акцыя накіравана на павышэнне прэстыжу працы ў сельскай гаспадарцы, у тым ліку і шляхам матэрыяльнага і маральнага заахвочвання жывёлаводаў. Таксама яе мэта – павышэнне эфектыўнасці работы, нарошчванне аб’ёму вытворчасці і паляпшэнне якасці вырабленай прадукцыі. У час кампаніі лідар раённай прафсаюзнай арганізацыі наведаў жывёлагадоўчыя фермы і комплексы на тэрыторыі раёна.
    У ходзе сустрэч з працоўнымі калектывамі абмяркоўваліся ўмовы работы ў зімова-стойлавы перыяд, стварэнне ўмоў для працы і быту жывёлаводаў. Вырашаліся пытанні аб арганізацыі і правядзенні працоўных спаборніцтваў, культурных і спартыўных мерапрыемстваў на ўзроўні раёна і ў гаспадарках. Асаблівая ўвага надавалася прымяненню і захаванню працоўнага заканадаўства, ахове працы і тэхніцы бяспекі.
    Як расказаў старшыня Столінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Семянюк, у час наведвання фермаў і гаспадарак выяўленыя парушэнні і недапрацоўкі выпраўляліся адразу на месцы.
    – Але самая галоўная мэта – паказаць, што кожны чалавек у сельскай гаспадарцы цэнны. Мы часта на старонках газеты расказваем пра аграномаў, механізатараў, аператараў машыннага даення і несправядліва забываем жывёлаводаў, – заўважыў Уладзімір Мікалаевіч. – Але ж яны таксама важнае звяно ў ланцугу, і ад іх работы многае залежыць. Самі падумайце, у абавязкі жывёлавода ўваходзіць падбор прапорцый кармоў для збалансаванага харчавання, разлік штодзённай дозы вітамінаў і мікрамінералаў для ўжывання жывёлай, кантроль і арганізацыя своечасовай уборкі ў памяшканнях, выгул статка на тэрыторыі ферм або вывад на пашу, выяўленне асобін для спарвання, прысутнасць на ацёлах. Хіба гэта мала?
    І першым нашым прыпынкам стала ААТ «Кароцічы». Гаспадарка невялікая, затое адна з лепшых.
    – У нас кожны чалавек на сваім месцы, – узяў слова дырэктар гаспадаркі Васіль Кудласевіч. – Многія ўжо вопытныя, але і моладзь не падводзіць, праяўляе ініцыятыву і заўсёды адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Таму гэтая акцыя вельмі дарэчы.
    Адзначаны падарункамі жывёлаводы Марыя Сулкоўская, Вячаслаў Васюхневіч, Іван Клімовіч, Аляксей Леська, а таксама аператар машыннага даення Валянціна Ярмоліч.
    У ААТ «Палессе АВМ» нас чакалі на адчыненай у канцы мінулага года ферме «Альгомель». Яе загадчык Таццяна Акуліч правяла міні-экскурсію, пакуль чакалі дырэктара. Неўзабаве Іван Цярэнцьевіч Кадоліч далучыўся да нас і мы працягнулі размову з жывёлаводамі. Самы малады з іх Юрый Карпцоў, тут працуе разам з братам. А вось самая вопытная з іх Валянціна Мазгова. Сціпла падзякавала, бо спяшалася: на машыну загружалася жывёла і яе трэба паважыць. Таксама адзначаны слесар Аляксей Будзько, асемянатар Іван Дзямко, аператар машыннага даення Таццяна Карняйчук, якая, дарэчы, прыйшла як і належыць сапраўднай жанчыне – пры поўным парадзе. Да таго ж Таццяна Іванаўна – маці шасцярых дзяцей.
    Наведалі і фермерскую гаспадарку «ВопытКАА», у складзе якой ПСУП «Максеммілк». Тут аддана працуюць жывёлаводы Мікалай Мішкоў і Валерый Мазгоў, якія з’яўляюцца і механізатарамі: чысцяць памяшканні, развозяць кармы. Працаваць падабаецца, зарплата добрая, умовы задавальняюць, тэхніка сучасная. А значыць, у якасці работы сумнявацца няма падставы.
    Уладзімір Семянюк пагаварыў з работнікамі ўсіх гаспадарак пра ўмовы работы, пацікавіўся іх прапановамі. Падкрэсліў, што толькі тады будзе парадак у сельскай гаспадарцы, калі ўсе будуць з’яднаны адной мэтай. І з гэтым не паспрачаешся.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика