• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Адна з педагагічнай дынастыі

    14.05.2021

    606

    0

    Rate this post

    Чарговы раз упэўнілася: усё пачынаецца з дзяцінства. Гэта ўсё ў Галіны Георгіеўны Пашкевіч, гераіні майго аповеду, пачалося з любові да кнігі. Але ж і любоў да кнігі прыйшла ад бацькоў.
    Бацька Георгій Раманавіч працаваў загадчыкам клуба. Пасля пайшоў вучыцца ў Гомельскае музычнае вучылішча, якое закончыў у 1967 годзе. Але яшчэ раней яго запрасілі ў школу ў якасці настаўніка музыкі. Трыццаць пяць гадоў аддаў Георгій Раманавіч рабоце ў школе. Маці Вольга Мартынаўна працавала буфетчыцай, паляводам і, як клапатлівая маці і жонка, была добрай хатняй гаспадыняй: стварала мужу і дзецям умовы для працы і вучобы.
    Галіна Георгіеўна, успамінаючы дзіцячыя гады, гаворыць, што лепшым падарункам для яе і брата Міхаіла была кніга. З кнігай, калі прыйшоў час выбару прафесійнага шляху, яна вырашыла звязаць сваё жыццё. Галіна паступіла і паспяхова закончыла Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці бібліятэкар і бібліёграф. Тры гады адпрацавала ў дзіцячай бібліятэцы ў вёсцы Белавуша. Калі ўзніклі праблемы са здароўем, пераехала на радзіму ў вёску Рамель.
    Работу па спецыяльнасці цяжка было знайсці. Прапанавалі працаваць выхавальнікам групы падоўжанага дня ў Альшанскай СШ. Гэтай справай займалася шэсць гадоў. З 1991 года, па словах Галіны Георгіеўны, ёй даверылі клас. Нехта, магчыма, глядзеў коса: яна ж не спецыяліст. Але Галіна старанна і сумленна выконвала свае абавязкі, заўсёды з увагай і любоўю ставілася да маленькіх выхаванцаў. Чаго не ведала – імкнулася навучыцца. Добрай падтрымкай, парадамі маладая настаўніца карысталася старэйшых калег Ванды Адамаўны Серадзіной, Надзеі Кузьмінічны Мазоль і Марыі Аляксандраўны Тарасевіч.
    У 2008 годзе перавялася ў Рамельскую школу, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Усяго трыццаць чатыры гады адпрацавала на педагагічнай ніве. Няхай па дыпломе і не спецыяліст, але цёплымі словамі ўспамінаюць Галіну Георгіеўну яе выпускнікі і іх бацькі. Атрыманая вышэйшая настаўніцкая катэгорыя, узнагароды раённага, абласнога аддзелаў і Міністэрства адукацыі Беларусі таксама сведчаць, што чалавек быў на сваім месцы.
    Брат гераіні майго аповеду Уладзімір – загадчык кафедры фізічнага выхавання ў Пінскім аграрным тэхналагічным каледжы. Яго жонка выкладае рускую мову і літаратуру ў гэтай жа навучальнай установе. Стрыечная сястра Галіны Георгіеўны, пра якую гаварылася раней, Ванда Адамаўна – настаўніца пачатковых класаў (цяпер ужо на пенсіі) спачатку ў Альшанскай СШ № 1, пасля ў Рамельскай СШ. Муж Ванды Адамаўны і іх дачка таксама педагогі. Стрыечныя сёстры Марына і Ларыса (дочкі дзядзькі Аркадзія) атрымалі спецыяльнасці біёлагаў.
    Яшчэ адна стрыечная сястра (дачка бацькавай сястры Лізаветы) працавала ў пачатковых класах г. Пінска, яе муж – настаўнік фізічнай культуры, а сын і нявестка – спартыўныя трэнеры. Сын цёткі Лізаветы атрымаў дыплом настаўніка працоўнага навучання, а яго сын – выкладчык інфарматыкі.
    Жонка (брата Вольгі Мартынаўны – Мікалая) Паўліна Васільеўна Сядляр многа гадоў працавала настаўніцай матэматыкі ў Рамельскай сярэдняй школе. Яе сын Уладзімір Мікалаевіч – настаўнік гісторыі СШ № 1 аграгарадка Альшаны, а дачка Надзея Мікалаеўна – настаўніца біялогіі ў Гараднянскай СШ. Дачка Надзеі Мікалаеўны – студэнтка Баранавіцкага ўніверсітэта, атрымоўвае спецыяльнасць настаўнік англійскай і беларускай мовы. Яшчэ адна стрыечная сястра Галіны Георгіеўны Алена Фёдараўна Богуш выкладае гісторыю ў Рамельскай СШ. Галіна Георгіеўна смяецца: «Настаўнікаў нашага роду хапіла б, каб выкладаць усе прадметы ў адной школе, бо сярод радні ёсць прадстаўнікі ўсіх педагагічных спецыяльнасцяў».
    Ад сябе хочацца дадаць: няхай у школу прыходзяць людзі, якія любяць дзяцей, любяць настаўніцкую працу. Няхай працягваюцца педагагічныя дынастыі. Ад гэтага жыццё будзе толькі прыгажэць. І яшчэ. У маі Галіна Георгіеўна адзначае 60-гадовы юбілей. Пажадаем ёй здароўя на доўгія гады жыцця.
    Галіна Бабарыка

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика