• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    11C

    ААТ «Новая Прыпяць» як прыклад

    04.08.2023

    326

    0

    Rate this post

    Уборачная гарачая пара – насычаны перыяд у жыцці аграрыяў Століншчыны. Складаныя ўмовы надвор’я наклалі адбітак на аб’ёмах і тэмпах работы – даводзіцца не толькі хутка ўбіраць збожжавыя з палёў, каб не страціць ураджай, а і прыбіраць салому, каб падрыхтаваць глебу да азімага севу. Так-так, камусьці падасца дзіўным, але азімы ячмень і рапс пачынаюць сеяць з сярэдзіны жніўня.


    Працоўны дзень хлебаробаў пачынаецца з першымі промнямі сонца і заканчваецца з першымі кроплямі вячэрняй расы. Аграрыі Століншчыны гавораць, што ўраджай у палях сёлета атрымаўся на славу – пры тым, што вясной частку плошчаў падтапіла, частку засушыла. Хто забыў – месцамі па раёне вясной дажджу не было на пряцягу амаль 50 дзён і больш.
    Зараз галоўнае – своечасова ўсё ўбраць. А таму працаваць прыходзіцца не толькі днём, але нават да позняга вечара. З гэтай нагоды карэспандэнт «НП» накіраваўся на палі ААТ «Новая Прыпяць», каб паглядзець, як праходзіць вячэрняе жніво.
    Кампанію склаў упраўляючы ўчасткам № 2 Аляксандр Мазоль, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца старшынёй прафкама аднаго с самых буйных на сёння сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
    – На сёння ў гаспадарцы працуюць каля 600 чалавек, – гаворыць Аляксандр, умела кіруючы службовай «Нівай». – І ва ўсіх ёсць пытанні да кіраўніцтва. Трэба ўсіх выслухаць і дапамагчы. Калі гэтага не рабіць, то навошта ўвогуле працаваць?


    Аляксандр – карэнны альшанец. У гаспадарцы не так даўно, як магло падасца на першы погляд – крыху менш за 10 гадоў. Калісьці скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў спецыяльнасць інжынера-эканаміста на вытворчасці. Кажа, што да сельскай гаспадаркі не цягнула, нягледзячы на тое, што з дзяцінства быў заняты сялянскай работай – дапамагаў бацькам вырошчваць агародніну. Займаўся гэтым і пасля школы. Але былі прарочымі словы бацькі Міхаіла, які бачыў у сыне гаспадара і свайго прыемніка.
    – Бацька заўсёды казаў мне: «Сашка, пойдзеш працаваць на маё месца. Вось пабачыш!», – працягвае Аляксандр. – Але я не прыслухоўваўся спачатку, нават неяк скептычна да гэтага адносіўся. Але 10 гадоў таму бацькі не стала, і я ўсё ж адважыўся і працягнуў яго справу. І зараз адчуваю, што выбар быў правільным.
    Тым часам мы пад’ехалі да другой клеткі, дзе працавала «ўдарная моц» ААТ «Новая Прыпяць» – адразу ўсе 11 камбайнаў у полі і ўсе – вытворчасці ААТ «Гомсельмаш». А адвозіць збожжа ад камбайнаў ледзь паспявалі сем аўтамабіляў МАЗ.
    На гадзінніку было ўжо амаль 21 гадзіна – а гэта азначала, што працаваць камбайнам засталося не больш за паўгадзіны.
    – Паветра надта вільготнае, –уключылася ў размову галоўны аграном гаспадаркі Алёна Карповіч. – Было б больш суха, то працавалі б яшчэ якую гадзіну, таму што апошнія дажджы і так карэкціруюць планы. Бліжэй да 22 гадзін на палі кладзецца раса.
    Нячаста сустрэнеш як працуюць камбайны з уключаным святлом фар – а тут адразу каля дзясятка. Быццам тыя трансформеры ходзяць туды-сюды, час ад часу падпускаючы да сябе аўтамабілі, каб выгрузіць адразу ад 5 да 8 тон збожжа.
    – А як з ураджайнасцю? – пытаюся ў галоўнага агранома.
    – Вясной і думаць не маглі, што будзе так сыпаць у бункер – 63,1 ц/га, – адказвае Алёна Пятроўна. – Пры тым, што летась было ўсяго 44,1 ц/га. Асабліва радуе азімая пшаніца з ураджайнасцю 73,3 ц/га, якая ўбрана на плошчы 985 га з 1 200 га. Намалацілі больш за 7 200 тон. Добра ўрадзіла і жыта, якое ўжо цалкам убралі з палёў і атрымалі амаль 1 400 тон пры ўраджайнасці 46,5 ц/га.
    – Падчас паездкі 1 жніўня ў Камянецкі раён Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу аграрыяў на неабходнасць больш шырокага выкарыстання насення айчыннай селекцыі замест імпартных. Як з гэтым справы ў ААТ «Новая Прыпяць»?
    – Амаль усё насенне – айчыннай селекцыі, – кажа галоўны аграном. – Сеем эліту і максімум першай рэпрадукцыі. З імпартных – толькі невялікая частка жыта. І вось паглядзіце – можна са свайго насення выгадаваць добры ўраджай і ўбраць яго айчыннай тэхнікай. ААТ «Новая Прыпяць» – таму праклад.
    – Якія планы на бліжэйшы час?
    – Наша мэта – атрымать 13 тысяч тон збожжа і хутка пачаць сеў азімых культур.
    – Жадаю толькі поспехаў.
    Неўзабаве сцямнела, і ў небе над гарызонтам з’явіўся вялізны чырвоны Месяц. І толькі ў гэты момант поле пакінуў апошні камбайн пад кіраўніцтвам братоў Уладзіміра і Валерыя Буякоў, якія на КЗС-1218 убралі 198 га і намалацілі 1 228 тон збожжа, якое забраў малады вадзіцель Аляксандр Мамайка на МАЗ-650128. Усяго Аляксандр з пачатку жніва паспеў перавезці на новым аўтамабілі 1 270 тон збожжа.
    Па стане на 2 жніўся ў ААТ «Новая Прыпяць» убралі 66 працэнтаў агульнай плошчы збожжавых і зернебабовых культур, намалочана 10 236 тон збожжа.
    Аляксандр НІКІФАРЭНКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика