• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    10C

    Знайшла сваё прызванне — Алена Кажадуб з вёскі Сямігосцічы

    15.11.2019

    484

    0

    Rate this post

    Бываюць жанчыны, якія паспяхова сумяшчаюць работу і сям’ю. Адна з такіх – Алена Кажадуб з вёскі Сямігосцічы, якая працуе тэхнікам-асемянатарам у ААТ “Новая Прыпяць”. Зараз яе рабочае месца – малочнатаварны комплекс “Сямігосцічы”, на якім знаходзіцца 765 галоў.
    А прыйшла яна сюды 21 год назад. Прапанаваў бацька, які быў загадчыкам фермы. Алена толькі выйшла з дэкрэтнага водпуску па доглядзе свайго трэцяга дзіцяці, таму вопыту не было. І яе накіравалі на курсы ў Гродна, дзе яна больш-менш пазнаёмілася з гэтай прафесіяй. Але толькі з вопытам прыходзяць патрэбныя веды.
    Зараз Алена Іванаўна на вагу золата ў кіраўніцтва гаспадаркі, паколькі ад яе работы залежыць узнаўленне статка. Выхад цялят складае 97 працэнтаў, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам. Прафесіяналізм гэтай жанчыны неаспрэчны, таму яна неаднаразова адзначана граматамі і дыпломамі. А ў канцы жніўня гэтага года Алена Кажадуб стала трэцяй на абласным конкурсе майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёлы, узнаўленні статка і племянной рабоце, які праводзіла Брэстплемпрадпрыемства.
    Як расказвае Алена Іванаўна, у адрозненне ад мінулых гадоў, у гэтым конкурсе не было практычнай часткі. Патрэбна было адказаць толькі на канкрэтныя пытанні, з чым цудоўна справілася. Прызнаецца, што амаль не хвалявалася, паколькі ёй ужо даводзілася прымаць
    удзел у такога кшталту конкурсах.
    Вельмі спадабаўся прыём, які быў арганізаваны для ўсіх канкурсантаў. На экскурсію ездзілі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы. Быў час пазнаёміцца з калегамі, абмеркаваць тое-сёе. Але такія мерапрыемствы не часта бываюць, больш звыкла Алена Іванаўна працаваць не пакладаючы рук.
    Устае на работу на досвітку, вяртаецца ў 12 гадзін, а потым зноў спяшаецца на сваім верным сябры веласіпедзе і ў спёку, і ў мароз на комплекс, дзе працуе з 18 да 22 гадзін. За той час, пакуль яна дома, паспявае зрабіць усе хатнія справы, нагатаваць есці, пагаспадарыць у агародзе. Трэба дадаць, што ад яе дома і да рабочага месца каля трох кіламетраў. “Бясплатны фітнэс”, – смяецца мая суразмоўца. Але сваю работу любіць і на іншым месцы сябе не ўяўляе.
    Больш таго, Алена Іванаўна ў гаспадарцы яшчэ і выконвае ролю настаўніка, вучыць сваёй рабоце маладых спецыялістаў. Адна з падапечных – Валянціна Пінчук – зараз працуе на малочнатаварнай ферме “Лодыч”. Але жадаючых вучыцца ў яе не так многа. Каб працаваць тэхнікам-асемянатарам, трэба любіць жывёлагадоўлю, а гэта не кожнаму чалавеку дадзена. Без прызвання працаваць не атрымаецца, упэўнена жанчына.
    Але самае галоўнае дасягненне для маёй суразмоўцы – гэта яе сям’я – муж Аляксей і пяцёра дзяцей, за нараджэнне і выхаванне якіх Алена Кажадуб узнагароджана ордэнам Маці. Старэйшы Сяргей з жонкай падырылі ёй трох унукаў, якіх песціць клапатлівая бабуля. А яшчэ яна вельмі любіць спяваць. Валодаючы яскравым музычным талентам, вось ужо 19 гадоў з’яўляецца ўдзельніцай хору, які створаны пры Доме малітвы. Усе, хто хоць раз чуў Алену Іванаўну, засталіся зачараваны яе мілагучным голасам.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика