НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Гэты загаловак мне падказаў Васіль Пятровіч Кудласевіч – дырэктар ААТ «Кароцічы». Сюды мы прыехалі нездарма, бо ў гаспадарцы цудоўна ідуць справы па нарыхтоўцы сенажу.

– Камбайна амаль не відаць – такая кукуруза ў гэтым годзе вымахала! І яна вельмі нас выручыла, паколькі не ўрадзілі азімыя, асабліва пшаніца пацярпела. Пэўна, надвор’е адчула сваю віну і дагадзіла з кукурузай. Таму мы вырашылі скарыстацца такім падарункам і нарыхтаваць 50 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, тым самым забяспечыць двухгадовы запас травяністых кармоў. Бо хто яго ведае, чаго ў наступным годзе чакаць. Будзе лішак, тады прададзім. А запас, як кажуць, бяды не чыніць, – разважае Васіль Пятровіч.

Лепшае пацвярджэнне – лічбы. У гаспадарцы пасеяна 450 гектараў кукурузы, а прыбрана з палёў амаль 300 гектараў. Чакаюць свайго часу 50 гектараў кукурузы, пасеяных на зерне. Ураджайнасць на дадзены момант складае 580 цэнтнераў з гектара, што практычна ўдвая большая, чым у мінулым годзе.

Самая галоўная прычына такога выніку – цёплае надвор’е і дастатковая колькасць ападкаў. А калі ўлічыць, што большасць сельскагаспадарчых угоддзяў гаспадаркі – гэта супясчасная глеба, то такі высокі ўраджай можна лічыць ледзь не фантастыкай.

Паглядзець за працэсам разам з дырэктарам едзем ва ўрочышча Сямунь. Тут расце 14 гектараў кукурузы, якую на КВК-800 убірае адзін з вопытных механізатараў Васіль Серадзін. За дзень перамалочвае да 700 тон.

– Сапраўды, даўно не памятаю, каб кукуруза была такая высокая, прычым і катахі добрыя, цяжкія. Калі ёсць кармы ў гаспадарцы, то і грошы будуць, – усміхаецца Васіль Фёдаравіч.

Каб далёка не адвозіць, вырашылі запоўніць траншэю ва ўрочышчы Бор. На трамбоўцы працуюць два Валерыі і два Леські, толькі адзін Фёдаравіч, а другі – Рыгоравіч.

– Прырода вакол, прыемна працаваць, – жартуюць хлопцы.

На адвозцы задзейнічаны тры трактары і тры МАЗы, кіруюць якімі Сяргей Леська, Сяргей Круг, Аляксей Кудласевіч, Валерый Леська і Васіль Ракавец. За дзень хлопцы робяць па 10-15 рэйсаў. На спякотны верасень не наракаюць, хаця і здзіўляюцца, што лета ніяк не здаецца.

А вось якраз па гэтай прычыне – адсутнасці вільгаці – у гаспадарцы на паўзу паставілі сяўбу азімых. Іх запланавана пасеяць 315 гектараў, з якіх 200 – пшаніцы, 100 – трыцікале і 15 – жыта.

У гэтым годзе ўпершыню плануюць пасеяць гібрыднае жыта, якое набылі ў кампаніі ВСБ «РАПС». Гэтая культура ўяўляе сабой аптымальнае спалучэнне высокай ураджайнасці і вельмі моцнай адаптыўнасці да знешніх умоў, дае высокі ўраджай з меншымі затратамі на сродкі аховы і мінеральныя ўгнаенні. Зерне гібрыднага жыта можна выкарыстоўваць як на хлебапякарныя мэты, так і ў кармленні сельскагаспадарчых жывёл.

А які будзе яго ўраджай, пабачым у наступным годзе.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Оставить комментарий

Похожие новости