• ru
  • by
  • 18 мая

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Выбіраем свой прадукт!

    17.03.2023

    322

    0

    5/5 - (1 голос)

    Забяспечыць унутраны рынак сваёй цяплічнай гароднінай – такую задачу паставіў Прэзідэнт у пачатку лютага на нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння.

    Асаблівая ўвага была ўдзелена забеспячэнню спажывецкага рынку ранняй гароднінай і бульбай. Звычайна ў міжсезонне на прылаўках засілле імпартных – з Закаўказзя, Турцыі, Егіпта і іншых краін. Дэфіцыт адбіваецца і на цане – гародніна даходзіць да 15 рублёў. Усё таму, што ў студзені-лютым гародніна ў нас амаль не вырошчваецца.
    Намеснік Прэм’ер-міністра Леанід Заяц прапанаваў, што для вырашэння праблемы трэба пабудаваць 100 гектараў цяпліц. У Аляксандра Лукашэнкі гэта выклікала здзіўленне: чаму дагэтуль не зрабілі, тым больш ёсць атамная электрастанцыя, электраэнергіі ў дастатку? «Давайце вылучым сродкі і вырашым гэтую праблему. Калі не хапае агуркоў і памідораў, пастаўце дадатковыя цяпліцы. Раз цэны растуць, давайце больш зробім. Гэта ж выгадна: танны газ, танная нафта. І пры нашай руплівасці мы ў тры разы больш можам вырабіць у цяпліцы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
    Даручэнне Прэзідэнта ўзята на кантроль. Вельмі своечасова пастаўлена задача, яе рашэнне – яшчэ адзін крок на шляху да актыўнага імпартазамяшчэння і павышэння дабрабыту людзей.
    З удзелам Леаніда Зайца ў пачатку сакавіка ў г. Століне абмеркавалі меры, неабходныя для стварэння дадатковых умоў забяспечанасці ўнутранага рынку агародніннай прадукцыяй за кошт фермерскага сектара. Наш раён быў выбраны не выпадкова – тут вырошчваецца амаль палова (!) усёй гародніны рэспублікі.


    Першую ў гэтым сезоне партыю таматаў новага ўраджаю ў пачатку сакавіка адправілі ў адну з гандлёвых сетак з фермерскай гаспадаркі «Альшаны-2», якая належыць Мікалаю Грыбу. Вырошчваюць іх у комп’ютарызаванай цяпліцы на плошчы 10 га.
    – Жаданне пабудаваць высокатэхналагічную сучасную аўтаматызаваную цяпліцу мы выношвалі даўно, – гаворыць кіраўнік фермерскай гаспадаркі Мікалай Грыб. – Рэалізаваць ідэю дапамагла дзяржава. Нам выдзелілі зямельны ўчастак паміж малочнатаварным комплексам і фермерскай гаспадаркай. Кожны гектар абсталяванай па апошнім слове тэхнікі цяпліцы абышоўся амаль у мільён еўра. Асноўная частка работ на будаўніцтве выконвалася сваімі сіламі, што дазволіла амаль у два з паловай разы скараціць фінансавыя выдаткі. Да нашай цяплічнай гаспадаркі быў падведзены газаправод.
    З вырошчваннем і рэалізацыяй гародніны праблем няма. Расаду мы пачынаем вырошчваць у лістападзе, праз месяц перасаджваем у цяпліцу і першы ўраджай атрымліваем у пачатку сакавіка. Сёння заключаныя доўгатэрміновыя кантракты з шэрагам буйных гандлёвых сетак краіны. Таму магу з упэўненнасцю сказаць, што альшанскія таматы едуць па ўсёй Беларусі.
    Падчас сустрэчы з Леанідам Зайцам фермер заявіў, што гатовы павялічыць цяплічную гаспадарку яшчэ амаль на пяць гектараў. Таксама ён выказаў патрэбу ў вялікай колькасці электраэнергіі, якая неабходна для вырошчвання расады – не менш за 2 МВт.
    Сваім меркаваннем падзяліўся і член Савета Рэспублікі, старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі:


    – Па рэалізацыі вынікаў сустрэчы з намеснікам Прэм’ер-міністра Леанідам Зайцам мы дэталёва прапрацавалі з фермерамі і спецыялістамі раёна план мерапрыемстваў. Можам узвесці цяплічныя комплексы агульнай плошчай звыш 30 га. Размесцяцца яны ў розных кропках раёна. Тры фермеры выказалі жаданне скааперавацца для будаўніцтва цяпліцы побач з райцэнтрам. Сёлета запланавана закальцаваць газаправод высокага ціску паміж Жыткавічамі і Столінам, каб атрымліваць газ для абагравання цяплічных памяшканняў. Паблізу Давыд-Гарадка вызначана 14 гектараў для будаўніцтва лагістычнага цэнтра. Амаль палова гародніны вырошчваецца ў асабістых падсобных гаспадарках. Наспела неабходнасць стварыць лагістычны цэнтр. Будавацца ён будзе на долевыя сродкі фермераў, там запланаваны комплекс інфраструктуры па перадпродажнай падрыхтоўцы прадукцыі.
    Асаблівая ўвага – захоўванню гародніны. Гэтае пытанне закраналася ў 2012 годзе падчас наведвання раёна кіраўніком дзяржавы. Тады Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Савету Міністраў садзейнічаць у будаўніцтве агароднінасховішчаў на восем тысяч тон прадукцыі. Цяпер у нас іх у дзесяць разоў больш. Фермерскія гаспадаркі, а іх у нас 66, атрымліваючы па 15 гектараў зямлі, узводзілі сховішчы для агародніны. Там летась заклалі ў Стабілізацыйны фонд пяць тысяч тон гародніны, палову якіх яшчэ не рэалізавалі. А гэта прамыя страты. Намечана пабудаваць сховішчы аб’ёмам 45 тысяч тон гародніны і бульбы пры ўмове дзяржпадтрымкі. У справе будаўніцтва цяпліц і агароднінасховішчаў важна энергазабеспячэнне. Ведамству, якое пастаўляе электраэнергію, Леанід Заяц на нарадзе ўказаў забяспечыць падвод электрасетак да аб’ектаў спажывання. Не цягнуць жа фермеру за свой кошт электралінію за дзясятак кіламетраў.


    Будаўніцтва цяпліц і сховішчаў дасць магчымасць стварыць дадатковыя працоўныя месцы і павялічыць валавы выхад прадукцыі. Фермерскія гаспадаркі раёна летась вырабілі прадукцыі на 94 мільёны рублёў. Гэта чацвёртая частка валавога прадукту раёна. Грамадскі сектар эканомікі развіваецца больш паспяхова. Увага дзяржавы ўмацоўвае ўпэўненасць у перспектывах развіцця аграрнага сектара. Ставім задачу забяспечыць патрэбнасці краіны ў ранняй гародніне, спадзяемся перасягнуць у канкурэнтнай барацьбе імпартных пастаўшчыкоў прадукцыі.
    Аляксандр
    НІКІФАРЭНКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика