НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

За мінулы год гэтая дзяўчынка з аграгарадка Альшаны сабрала шмат узнагарод. Знаёмцеся: Дар’я Супрунчык – таленавітая баяністка, якая ходзіць у трэці клас Альшанскай дзіцячай музычнай школы. Яна, у адрозненне ад большасці вучняў, сама выказала жаданне займацца музыкай і папрасіла бацьку, каб ён яе прывёў у школу.
Настаўнік дзяўчынкі Валянцін Шасцюк успамінае гэты момант у дэталях:
– Перада мной стаяла маленькая дзяўчынка, якая глядзела на мяне вялікімі цікаўнымі вачыма. Я адразу зразумеў, што ў нас з ёй атрымаецца працаваць паспяхова. Бо, чаго хаваць, часцей сваіх дзяцей прыводзяць бацькі ў школу, а не наадварот. Даша – гэта ўнікальнае спалучэнне таленту, заахвочанасці і працаздольнасці.
Пацвярджае словы настаўніка і тое, што літаральна праз некалькі месяцаў навучання дзяўчынка распачала лік сваім узнагародам. Іх столькі, што нават у рукі не ўсе ўмяшчаюцца. У 2020 годзе Дар’я стала лаўрэатам дыплома ІІІ ступені Міжнароднага фестывалю «Белавежская зорка» і дыплома ІІІ ступені адкрытага анлайн-конкурсу «МузыкалкаЛіда». А ўжо на наступны год звярнула на сябе ўвагу новымі дасягненнямі. Дыплом І ступені Міжнароднага конкурсу «Вясеннія таленты», які праводзіўся пры інфармацыйнай падтрымцы Дэпартамента культуры г. Масквы. Таксама стала лаўрэатам дыплома ІІ ступені Міжнароднага фестывалю «GOMEL FEST» і дыплома ІІ ступені «Гарэзлівыя гармонікі». Настаўнік Валянцін Леанідавіч робіць важную рэмарку: старшынёй журы быў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар кафедры баяна і акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалай Іванавіч Сеўрукоў.
– Для баяністаў гэты чалавек – легенда, сапраўдная глыба. Ён атрымаў сусветную знакамітасць, падрыхтаваў цэлую плеяду выдатных музыкантаў, якія выступаюць па ўсім свеце, – кажа Валянцін. – І тое, што ён так высока ацаніў нашу Дашу, для мяне, як для спецыяліста і яе настаўніка, дорага каштуе. Тым больш, што ў конкурсе прымалі ўдзел вучні музычных школ з усёй рэспублікі. Я ганаруся сваёй вучаніцай.
– Даша, за два з паловай гады ты стала мясцовай зоркай, але ж высокую планку цяжка трымаць. Як у цябе атрымліваецца гэта рабіць?
– Ігра на баяне прыносіць задавальненне, я нічога не заўважаю вакол. Паколькі конкурсы ў сваёй большасці праводзіліся ў завочным фармаце, па некалькі разоў з Вялянцінам Леанідавічам запісвалі выступленне ў відэафармаце. Чэсна прызнаюся, зусім не з-за дыпломаў я ўдзельнічаю. Мне проста хочацца чарговы раз упэўніцца, што нездарма выбрала музыку, – адказвае дзяўчынка.
Праўду кажуць, што таленавітыя людзі заўсёды сціплыя. Дар’я – не выключэнне, таму сваімі марамі дзяліцца не захацела. Дома за яе радуюцца бацькі і шасцёра братоў. Калі родныя не выбралі музыку, то вось дваюрадныя – Рыгор, Марыя і Ганна Кірыловіч – таксама моцная сямейная каманда баяністаў. Чыё з гэтых імёнаў стане найбольш знакамітым, пакажа час. А пакуль жадаем Дар’і новых дасягненняў у гэтым годзе.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
За баранкой 45 лет

За баранкой 45 лет

25 октября, 2024
Ответственность – за плечами
Покупатель как друг

Покупатель как друг

25 октября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости