Таццяна Карняйчук – аператар машыннага даення і цялятніца ААТ «Палессе АВМ» – узнагароджана Падзячным лістом раённага прафсаюза работнікаў АПК.
Загадчык фермы Уладзімір Васюхневіч не шкадаваў прыемных слоў на адрас жанчыны:
– Наша Таццяна – незаменны работнік. Паколькі працуе яна ў радзільным аддзяленні, самастойна раздойвае кароў першым цялём. А гэта вельмі адказная работа, бо ад яе выканання залежыць будучая прадукцыйнасць жывёлы. Таццяна даглядае цялятак з моманту нараджэння да 20 дзён. На яе ўскладаюцца такія абавязкі, як прыём нованароджаных цялятак, падрыхтоўка і раздача кармоў, кантроль за прыбаўленнем у вазе і інш. Таццяна сочыць за тэмпературным рэжымам і дэзінфекцыяй памяшканняў. А яшчэ яна не горш за ветэрынарнага ўрача разбіраецца ў хваробах жывёлы.
Засталі мы жанчыну якраз за работай: яна карміла цялятак. А іх тут 89 і яшчэ адно прывезлі ў той час, пакуль мы размаўлялі. Таццяна любоўна пагладзіла яго і сказала: «Хутка захоча есці». Відавочна, што работа прыносіць ёй задавальненне.
Прыйшла ў мясцовую гаспадарку яна ў 2002 годзе па парадзе свекрыві.
– Была спачатку даяркай, але дапамагала ў радзільным аддзяленні, таму за кароткі час ведала ўсю спецыфіку работы. У мяне тут усё даведзена да аўтаматызму, – гаворыць Таццяна.
Цікавяцца справамі на мамінай рабоце яе меншыя дачушкі Эвеліна, якая пойдзе ў першы клас, і трохгадовая Мілана. Самаму старэйшаму сыну Дзмітрыю 20 гадоў, зараз служыць у арміі. Дачка Рэвэка закончыла школу, будзе паступаць. Яўген пойдзе ў 11-ы клас, а Уладзіслаў – у пяты. Працуе жывёлаводам на ферме «Вялікае Малешава» і муж Таццяны Іван.
– Значыць, дома многа размоў пра работу? – пытаю жанчыну.
– Зусім не, – кажа яна. – Дома ў нас хапае свайго занятку, гаспадарку трымаем вялікую – парнікі, палі з агароднінай. А як жа па-іншаму? Трэба дбаць пра дзяцей, пра іх будучыню. Я люблю працаваць хутка і якасна і дзяцей вучу, каб яны не пераносілі на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. І ніколі не адмаўляліся ад работы, бо хто звык да яе, той і мець будзе.
Паколькі ў Таццяны ўсё па графіку, яна пабегла даіць кароў, а мы з загадчыкам фермы пайшлі, каб не пера-шкаджаць.
– Толькі добра пра яе напішыце. Бо вельмі хвалявалася, мне некалькі разоў патэлефанавала, пытала, ці адмовіцца можна. Вось такая яна – сарамлівая, хоць і заслугоўвае ўвагі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
1 Комментарии
[…] Падрабязнасцi ў матэрыяле Навiны Палесся. […]