Сёлета раённыя дажынкі будзе прымаць аграгарадок Кароцічы, дзе поўным ходам ідуць прыгатаванні да свята. Але трэба дадаць, што рыхтуюцца да сустрэчы з гасцямі і іншыя населеныя пункты Вялікамалешаўскага сельсавета – Вялікае Малешава, Альгомель, Талмачава.
Папрасіла старшыню сельвыканкама Таццяну Васюхневіч скласці ёй кампанію, каб на свае вочы пабачыць, як ідуць справы па падрыхтоўцы да святкавання. А яно, дарэчы, адбудзецца даволі хутка – у жніўні. Падрабязна спыніліся на кожным пытанні.
Агароджы
Таццяна Мікалаеўна не хавае, што складаней за ўсё давялося з жыхарамі, якім «пашанцавала» жыць на цэнтральных вуліцах. Дакладней з тымі, у якіх агаро-джы альбо не было, альбо ад яе засталася толькі назва. Таксама ўзнікалі праблемы з уласнікамі занядбаных дамоў, якія толькі фармальна з’яўляюцца гаспадарамі, а на самай справе не даглядаюць маёмасць.
– Давялося папярэджваць, расказваць пра адказнасць, – дзеліцца метадамі работы старшыня. – Але мэта была дасягнута – старыя будынкі былі знесены, а каля тых, якія ўласнікі вырашылі пакінуць, наведзены больш-менш парадак. Розная рэакцыя была на просьбу прыбраць каля сябе. Хтосьці пачынаў патрабаваць грошы на гэта, хтосьці казаў, што мой двор – мае праблемы і гэтак далей. Таму я ўдзячна тым жыхарам, якія пайшлі насустрач.
І сапраўды, толькі ў дзень нашага візіту адразу некалькі гаспадароў завіхаліся каля сваіх сядзіб. Віктар Юнчыц з Вялікага Малешава ў зялёна-белы колер фарбаў агароджу, даўжыня якой 75 метраў. Калі спытала, ці не надакучыла, ён з усмешкай адказаў: «А я пад настрой працую, тады справа шпарчэй ідзе».
У вёсцы Альгомель вы-мошчваў пліткай двор Аляксандр Бандаравец.
А вось сям’я Вяргун з вёскі Талмачава ў складзе бацькі Рыгора і сыноў Дзяніса і Дзмітрыя якраз займалася ўстаноўкай новай агароджы. Вырашылі рабіць яе са штыкетніку. Пад адзін памер яго падганяў Дзіма і ўзрадаваўся, што будзе ў Інстаграме «Навіны Століна».
Таццяна Мікалаеўна паказвае на тыя агароджы, якія былі пафарбаваны альбо ўсталяваны літаральна днямі. Некалькі жыхароў, якія не маюць магчымасці самастойна абгарадзіцца, заключылі дагаворы з мясцовымі гаспадаркамі, якія выканаюць работу за вызначаны кошт.
Дарогі
Для жыхароў Талмачава – свята: на дарозе праз усю вёску з’явіўся новы асфальт. Як удакладніў прараб Столінскага ДРБУ-141 Іван Козел, новае асфальтавае пакрыццё пакладзена на адлегласці 1 660 метраў.
Таксама праводзіўся рамонт дарог у іншых населеных пунктах, у тым ліку і саміх Кароцічах.
Будынкі
і тэрыторыі
Зараз поўным ходам ідуць работы каля Дома культуры ў Кароцічах, за якім і будзе адбывацца святочная праграма. А самая вялікая будоўля разгарнулася каля сярэдняй школы, дзе будзе адчынены новы дзіцячы садок. Зараз рабочыя ДБПМК-32 укладваюць плітку, вядуць унутраныя і вонкавыя работы. Частку з іх выконвае Столінская ПМК-24.
Рабочыя Альшанскага філіяла Столінскага райспа-жыўтаварыства надаюць новы выгляд магазіну «Родны кут».
Ідэальны парадак каля храма Мікалая Цудатворца, што з’яўляецца справай увішных прыхаджан.
Пераўтварылася памяшканне праўлення ААТ «Кароцічы», а таксама тэрыторыя каля яго. На гэта былі выдаткаваны сродкі з бюджэту арганізацыі ў памеры каля 200 тысяч рублёў. Таксама за кошт ААТ былі праведзены меліярацыйныя работы і зразанне дрэў паабапал дарогі.
Дрэвы
Калі зайшла размова пра старыя дрэвы, то Таццяна Мікалаеўна тлумачыць, што пазбавіцца да зараснікаў і старых аварыйных дрэў стала магчымым дзякуючы адразу некалькім арганізацыям. Частку спілавалі самі жыхары, якія забралі матэрыял дадому. Таксама прымаў у гэтай справе ўдзел Палескі лясгас. А самыя высокія і цяжкадаступныя дрэвы спілоўвалі работнікі ЖКГ.
Як бачым, справы па падрыхтоўцы да дажынак ідуць бойка. Таму няма сумнення, што Кароцічы сустрэнуць гасцей пры поўным парадзе.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара