• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    10C

    Стаўлю мэты

    17.06.2022

    214

    0

    Rate this post

    Будучыня за моладдзю. І яе дастойным прадстаўніком з’яўляецца Мікалай Кардаш, які сёлета закончыў 10-ы клас Сямігосціцкай сярэдняй школы. І закончыў паспяхова. На лінейцы, прысвечанай апошняму званку,
    ён сабраў калекцыю дыпломаў і грамат.
    Пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў «Зялёная школа», уладальнік падзячнага ліста аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 77-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, выдатнік вучобы і многія іншыя.
    Больш таго, Мікалай з’яўляецца нязменным вядучым школьных мерапрыемстваў, і ў гэтай ролі адчувае сябе на сваім месцы. Пра такіх, як Мікалай Кардаш, можна сказаць – гонар школы. Што і стала падставай для інтэрв’ю.
    – Мікалай, як ты ўсё паспяваеш?
    – Калі я бачу мэту, то для мяне няма перашкод, – дзеліцца сакрэтам. – Мне цікава развівацца ў розных накірунках. Асабліва цікава біялогія і хімія, паколькі буду здаваць іспыты па гэтых прадметах. Мару паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Зараз у ім на стаматалагічным факультэце вучыцца старэйшы брат Уладзімір. Пайшоў па бацькавым шляху, які працуе стаматолагам у Альшанскай амбулаторыі. Мне таксама цікава гэтая спецыялізацыя, а яшчэ хірургія. Пакуль дакладна не вызначыўся. Але тое, што хачу стаць урачом, – дакладна. Хачу дапамагаць людзям, бачу ў гэтым свой сэнс.
    – Зараз вельмі цяжкая навучальная праграма. Па кожным прадмеце многа патрабаванняў. Ці не складана табе?
    – Калі веды сістэматычныя, то складанасцяў не можа быць. Наадварот, я прагну вучыцца, даведвацца пра штосьці новае. Калі я пачаў удзельнічаць у праекце «Зялёная школа», з задавальненнем рыхтаваў даследаванне. Хачу выказаць словы ўдзячнасці настаўніку біялогіі Аляксандру Альгамцу, які паверыў у мяне і даручыў мне гэтае заданне. Увогуле, на мой погляд, зацікаўленасць вучня ў прадмеце залежыць ад настаўніка. І, карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім педагогам сваёй школы за іх працу.
    – Наперадзе лета. Якія ў цябе планы?
    – Я вельмі хацеў бы пападарожнічаць па нашай краіне. Хачу пабываць у Мазыры і Мінску. Увогуле, лічу, што падарожжы больш развіваюць, чым кнігі ці інтэрнэт. Нездарма ёсць выказванне, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. У будучыні планую і ў іншых краінах пабываць, калі з’явіцца такая магчымасць. А вось працаваць хачу толькі ў сваёй краіне, прыносіць карысць Радзіме. Я ганаруся сваёй вёскай, у якой нарадзіўся. І хацеў бы, каб яна квітнела.
    Жадаю юнаку здзяйснення мар і менш перашкод на жыццёвым шляху.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика