• ru
  • by
  • 17 мая

    USD

    EUR

    Столин

    14C

    Спачатку быў мёд…

    23.12.2022

    597

    0

    Rate this post
    Пра тое, што настаўніца нямецкай мовы Алена Сямейка з вёскі Аздамічы паспяхова займаецца вырабам свечак з воску і вашчыны, даведалася з… суботняга выпуску «Нашай раніцы» на АНТ за 10 снежня. І шчыра скажу, мяне, як карэспандэнта мясцовай раённай газеты, засмуціла: чаму агульнацыянальнае тэлебачанне расказала пра нашу зямлячку, а мы не. Таму паспяшалася выправіць гэтую несправядлівасць і звязалася з Аленай Сямейка. 
    Цяпер ёсць сацыяльныя сеткі, таму з пошукам кантактаў праблем не з’явілася. Заадно пазнаёмілася  з творчасцю сваёй будучай суразмоўцы. А вось чаму яна апынулася на тэлебачанні, мінуўшы раённую прэсу, патлумачыла  сама Алена.
    – Прапанавала прыняць удзел у  перадачы «Наша раніца» мая аднавяскоўца Святлана Андалюкевіч (у дзявоцтве Коваль), якая зараз працуе на нацыянальным тэлебачанні. І зусім не пакінула мне часу на роздум: у аўторак патэлефанавала, а ў чацвер мяне ўжо грыміравалі да эфіру. Скажу як на духу, вельмі нервавалася, паколькі нязвыклая да вялікай увагі. Адна справа – настаўнічаць, а другая – перад тысячнай аўдыторыяй штосьці гаварыць. Але, калі трапіла ў студыю, мае хваляванні як рукой зняло. Вядучыя і рэжысёры ўмеюць выклікаць схільнасць і супакоіць чалавека, які ў эфіры ўпершыню.
    – Алена, віншую Вас з тэледэбютам. А цяпер, калі ласка, раскажыце чытачам «Навін Палесся» пра сваё захапленне.
    – Спачатку быў мёд, –  пачала яна. – Ці лепш сказаць, пчалярства, якім з асалодай займаецца мой муж Уладзімір. Гэты промысел перадаўся яму ў спадчыну, і я яго падтрымала. А цяпер памочнікі на пасецы і нашы старэйшыя сыны Уладзіслаў і Іван, якім 13 і 12 гадоў. Як вядома, прадуктамі пчалярства з’яўляецца не толькі мёд, але і воск, які мы абменьваем на вашчыну, неабходную пчолам для будаўніцтва сотаў. Дык вось, аднойчы трэба было прыдумаць, што падарыць
    знаёмаму. Да мяне прыйшла ідэя: а чаму б не падарыць зробленую сваімі рукамі свечку? Па-першае, гэта сапраўды душэўны падарунак, а па-другое, свечкі – гэта не толькі эстэтычна, але і практычна.
    – Цікава, колькі часу спатрэбілася на выраб Вашай першай свечкі?
    – О, гісторыя пра гэта маўчыць (смяецца). Але скажу адно, намнога больш, чым зараз. Паколькі на той час я знаходзілася ў дэкрэтным водпуску па догляду за малодшым сынам Захарыем, то часу ў мяне, канешне, было больш. Спачатку на дапамогу прыйшоў усемагутны інтэрнэт, а пасля метадам спробаў і памылак на свет з’явілася мая першая свечка. Гэта было мінулагодняй восенню, і за гэты час маё хобі ператварылася ў невялікі бізнес. Таксама я раблю свечкі з воску, які застаецца пасля таго, як адкачалі мёд. У мяне ёсць спецыяльныя формы ў выглядзе пасхальнага зайца, навагодняй цацкі, савы і многіх іншых.
    – Але ж мы таксама ведаем, што Вы настаўнічаеце ў школе. Хапае часу на ўсё?
    – Безумоўна, у прыярытэце – работа. Замежную мову для сваёй будучай прафесіі я выбрала не проста так. Пабываўшы ў дзяцінстве ў Шатландыі па Чарнобыльскай праграме, паставіла сабе мэту: абавязкова авалодаць англійскай мовай. Таму пасля заканчэння Кароціцкай сярэдняй школы паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымала спецыяльнасць «выкладчык нямецкай і англійскай моваў».
    – А ці не было жадання  паехаць жыць у вялікі горад ці іншае месца?
    – Прызнаюся, магчымасць была, паколькі я адносілася да руплівых студэнтаў. Толькі я вельмі люблю свой палескі куточак. Аграгарадок Кароцічы і вёска Аздамічы знаходзяцца побач, таму яшчэ ў школьныя гады пазнаёмілася са сваім мужам Уладзімірам, які з’яўляецца намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Аздаміцкай СШ. Мы разам і на рабоце, і дома, і на пасецы, і любімы занятак у нас, так мовіць, на адным падмурку пабудаваны. Маем трох сыноў і вельмі ганарумся іх поспехамі. Яны ў нас добрыя хлопцы, працавітыя
     А вось пападарожнічаць – чаму б не? Ды і ў нашай краіне многа месцаў, дзе я б хацела пабываць. Галоўнае, каб здароўе было і мір над галавой. А недасягальных мэтаў няма.
    – Дзякую за размову.
    На прыкладзе Алены разу-мею, што няма межаў для дасканаласці. Галоўнае – жаданне. А якое хобі ў вас, паважаныя чытачы? Смела дзяліцеся з раённай газетай, мы з задавальннем раскажам і пра вас.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота з архіва А. Сямейка

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика