• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    СЁННЯ ДЗЕНЬ ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ: «Верасень» – прытулак маладой душы

    01.10.2019

    319

    0

    Rate this post

    Калі выраслі і разляцеліся па свету дзеці, калі не трэба спяшацца раніцай на работу, калі хваробы прымушаюць вывучыць увесь асартымент аптэкі – гэта старасць? Не, старасць надыходзіць тады, калі ты сам сябе лічыш старым і нямоглым. Калі ж душа ў цябе маладая і здаецца, што табе ўсё яшчэ -наццаць, то гэта толькі верасень жыцця – яркі і прыгожы, напоўнены смакам, асалодай і жаданнем.

    Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Верасень” быў створаны ў 1989 годзе. Ён займаецца вывучэннем і зберажэннем традыцыйнай песеннай культуры, прапагандуе яе, выконваючы аўтэнтычныя спевы сіламі ўдзельнікаў калектыву. У 2001 годзе «Верасень» атрымаў званне “народны”. Зараз ён налічвае 8 чалавек, гэта жанчыны ва ўзросце ад 64 да 89 гадоў.
    Рэпертуар “Верасня” ўключае ў сябе ў асноўным песні каляндарнага, сямейна-бытавога цыкла, сабраныя з розных вёсак: Фядор, Аўсямірава, Стругі, Глінкі, Бухліч, Гарадной і іншых,
    дзе нарадзіліся і пражывалі калісьці ўдзельніцы калектыву.

    30 гадоў назад на базе Рэчыцкага дома культуры быў створаны калектыў. Тады было вырашана назваць яго “Верасень”. І ён стаў вераснем жыцця напачатку для 30 чалавек. Зараз рады членаў калектыву значна парадзелі, але двойчы на тыдзень, нягледзячы на надвор’е, прыступ радыкуліту ці павышаны артэрыяльны ціск, удзельніцы спяшаюцца на рэпетыцыю.
    Калектыў стаў для іх прытулкам, адпачынкам, месцам пагутарыць, далучыцца да творчасці, знайсці родныя душы.
    Самая маладая па тэрміну знаходжання ў калектыве Ніна Пятроўна Цімановіч. Яна прыйшла ў маі 2019 года пасля смерці мужа, калі засталася сама. Ніна Пятроўна напісала ўжо словы для песні, якую выконвае калектыў.

    Вот пришла моя осень – паутинкой зависла. Бабье лето пришло. Я прошу: не спеши. Я ещё не успела испеть свою песню… А песні спяваюць штодня. Народная песня – гэта тое, што ў першую чаргу яднае ўсіх членаў калектыву.
    Зінаіда Васільеўна Вабішчэвіч прыйшла ў калектыў, калі не стала маці.
    – Народныя песні мне грэюць душу, да сэрца дастаюць, – дзеліцца жанчына.
    Нягледзячы на анкалагічнае захворванне, цяжкасці жыцця самой (выгадавала сама чацвёра дзяцей), яна не страціла прагу да жыцця. Наадварот, імкнецца ўвесь час заняць сябе работай, каб не заставацца сам на сам з думкамі аб хваробе.
    Вера Міхайлаўна Шарова прыйшла на адну з рэпетыцый за кампанію. Проста падтрымаць сяброўку ў ролі гледача. Пасля паспрабавала спяваць.
    – Слухала песні і мне здавалася, што я чую голас бабулі. Яна так спявала. Песні народныя пяшчотныя, душэўныя, прыгожыя, таму і засталася ў калектыве. А калі пачула голас нашага кіраўніка Алены Дубойскай, то ўлюбілася ў яе манеру спеваў і вырашыла застацца, – расказвае Вера Міхайлаўна, якая ў калектыве вось ужо два гады.
    71 год, некалькі аперацый, анкалагічнае захворванне мае за плячыма Лідзія Сямёнаўна Бязверхняя. Яна – жартаўніца, якая падыме настрой любому. Творчая душа жанчыны не можа жыць спакойна:
    – Захварэла цяжка. Упала духам. Ды выйшла на ганак, прысела, а ў думках, нібы кардыяграма, нараджаюцца радкі вершаў, – апавядае пра сваю творчасць і зачытвае вершы Лідзія Сямёнаўна.
    Жартуе, што рэцэпты салатаў не памятае, а вось анекдотаў ведае столькі, што можа без перапынку расказваць адзін за другім.
    – Тут, у калектыве, маладзее душа. Разам мы збіраемся, каб пагутарыць. І кожнаму з членаў калектыву, нашаму кіраўніку ўдзячна, што яны ёсць ці былі ў маім жыцці, – гучаць словы падзякі ад Лідзіі Сямёнаўны. Хаця практычна кожная з удзельніц гаварыла пра гэта сваімі словамі. Бо калектыў стаў для іх другім домам, другой ці нават для многіх ужо адзінай сям’ёй.
    Людміла Васільеўна Гарагляд вось ужо сем гадоў наведвае “Верасень”:
    – Хадзіла, хаджу і хадзіць буду! – гаворыць жанчына. – Дома я сама, а тут мы разам. Кожная рэпетыцыя пачынаецца ў нас з гутаркі. Пакуль не нагаворымся – не пачынаем спяваць. А яшчэ “Верасень” – гэта тое, што прымушае нас выходзіць з хаты. У любое надвор’е. Вось мы удзвюх, нам па 65 гадоў, а мы садзімся на веласіпеды і едзем у Дом культуры.
    Не бачыць сваё жыццё без творчасці і Вера Данілаўна Смірнова. Некалі яна была загадчыцай клуба ў пасёлку Лясны. Пасля клуб зачыніўся, калектыў, які там быў, распаўся. І вось яна ў “Верасні”, бо любіць спяваць усе песні, розных напрамкаў.
    Самы вялікі стаж у “Верасні” ў старасты калектыву Вольгі Дзмітрыеўны Сакевіч. Яна 30 гадоў назад прыйшла, каб ісці з песняй з дня ў дзень. Зараз узгадвае, як ездзілі з канцэртамі ў Польшчу і па Беларусі, як прымалі ўдзел у здымках тэлевізійных перадач.
    – У свае 79, без ныркі, але спяшаюся на рэпетыцыю, бо гэтым жыву, гэта мне патрэбна, – кажа Вольга Дзмітрыеўна.
    Не змаглі прыйсці на рэпетыцыю па стане здароўя Малання Навумаўна Бабіч і Галіна Нікіцічна Вярэніч.
    Кіруе калектывам ужо 22 гады Алена Мікалаеўна Дубойская. Яна ўжо звыкла да манеры зносін з пажылымі людзьмі, да кожнага знайшла свой падыход. Хаця прызнаецца, што напачатку было вельмі складана.
    «Верасень» выконвае аўтэнтычныя песні. На сёння такіх калектываў на Століншчыне толькі два – у Атвержычах і Рэчыцы. Носьбітаў народнай песні застаецца ўсё менш і менш. Але пакуль яны ёсць, пакуль у іх можна пераняць тое, што яны атрымалі ў спадчыну ад бабуль і прабабуль, гэтым патрэбна карыстацца. Удзельніцы “Верасня” запрашаюць да сябе ўсіх жадаючых. Проста першапачаткова прыйсці і пасядзець, а пры жаданні пачаць спяваць. І яны перакананы, што “Верасень” прыйдзецца па душы кожнаму, што захочацца застацца тут назаўжды.
    Асаблівасць калектыву яшчэ і ў тым, што яны не грэбуюць выконваць песні без сцэны, перад невялікай колькасцю гледачоў. Наадварот, узгадваюць выпадкі, калі спявалі для чатырох чалавек на Юнішчанскіх хутарах. Гледачы прынялі з вялізнай падзякай тое, што зрабілі для іх сама-дзейныя артысты.
    Яны ходзяць па хатах, каб павіншаваць песняй ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, зазіраюць у дамы інвалідаў і састарэлых.
    – Старасць патрэбна паважаць як у адносінах да сваіх членаў калектыву, так і да тых, для каго яны спяваюць, – кажа Алена Мікалаеўна Дубойская. – Так, іншым часам пасля канцэрта, пасля перажытых эмоцый і пачуццяў адыходзіш вельмі доўга, але ведаеш, што мы змаглі падарыць хвіліны радасці яшчэ некаму.
    Прыйшла акампаніятарам на работу ў 2007 годзе, а знайшла справу па душы і Алена Сцяпанаўна Стружко. Яна таксама з’ядналася з калектывам і стала ўжо адным цэлым з “Вераснем”.
    Дырэктар Рэчыцкага дома культуры Зоя Мікалаеўна Пашкевіч узгадвае, што “Верасень” ствараўся на яе вачах, што за гэтыя 30 гадоў стала менш членаў калектыву, але нязменным і асаблівым застаецца адно – веданне народнай песні.
    А яшчэ любоў да роднай, сваёй песні, якую спявалі бабулі. Гэтую песню, слова родных, яны пяшчотна нясуць гледачам, каб засталася, каб радавала, каб грэла яшчэ доўга-доўга.
    Таццяна
    СЕГЕН

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика