НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пасля таго, як Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, улады ўвялі на нашай тэрыторыі абавязковую адукацыю для дзяцей ад 7 да 14 гадоў.
Нягледзячы на тое, што існаваў закон, згодна з якім дазвалялася адкрыццё нацыянальных школ, іх не было.
Загадчык навучальна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама Валянціна Грэчка пазнаёміла з матэрыламі музея адукацыі. Там захаваліся дакументы, якія расказваюць пра спробы дабіцца выкладання на роднай мове. Напрыклад, у 1925-1927 гадах жыхары Беражнога напісалі заяву ў гміну Століна з такой просьбай. Але сялян-прасіцеляў пагрозамі прымусілі забраць сваю заяву.
Былі выпадкі, калі за размову не на польскай мове настаўнікаў звальнялі. Зафіксаваны выпадак мужа і жонкі Таланкіных. У школу да іх прыехаў строгі інспектар Новак. І муж у прысутнасці інспектара забыў і звярнуўся да сваёй жонкі на рускай мове. Гэта адразу і стала падставай для звальнення.
Аналагічны выпадак быў у Атвержычах, дзе настаўніку інспектар даў зразумець, што дапамагаць сялянам у гэтай справе не трэба.
Школы працавалі толькі ў тых вёсках, дзе было не менш за 40 дзяцей. Таму некаторыя дзеці не атрымлівалі адукацыю.
У 1934 годзе навучанне вялося ў 150 прыватных школьных будынках і 92 наёмных. Вялікая колькасць вучняў прымусіла магістрат Давыд-Гарадка хадайнічаць перад міністэрствам аб будаўніцтве школы, якая б адпавядала сучасным патрабаванням. Пры гэтым магістрат звярнуўся да палітычных матываў, сцвярджаючы, што «суседзі па мяжы з Савецкай Расіяй не шкадуюць сродкаў, каб паказаць сваю сілу і багацце і ў глухіх месцах Палесся для школ будуюць дамы з цэглы».
Новая школа з’явілася ў Давыд-Гарадку ў 1935 годзе, але вырашыць праблему ў горадзе не змагла нават пры занятках у дзве змены.
У 1938 годзе на Століншчыне працавала каля 200 настаўнікаў, з іх толькі 10 былі беларусамі, рускімі ці ўкраінцамі. Астатнія – палякамі. Для таго, каб застацца на рабоце, некаторыя настаўнікі прымалі каталіцкае веравызнанне.
Пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі школы пачалі адкрывацца ва ўсіх населеных пунктах. У Століне адкрыліся адразу тры школы – руская, беларуская і яўрэйская.
Не хапала настаўнікаў, таму для іх падрыхтоўкі наладжваліся курсы, прысылалі педагогаў з усходняй часткі Беларусі ці Расіі. Таксама працавалі настаўнікі, якія эвакуіраваліся з Варшавы. Аднак многія з іх не ведалі беларускую мову. Таму для навучання іх мовам стваралі гурткі рускай і беларускай мовы.
У 1940 годзе ў адным з будынкаў палаца Радзівілаў працаваў піянерскі лагер, а ў самім будынку – сельскагаспадарчы тэхнікум.
Актыўна ішла работа з малапісьменнымі. Было адчынена пяць вячэрніх школ для дарослых з ахопам 630 чалавек.
Час «пад Польшчай» значна паўплываў на нашу частку Беларусі. Паланізацыя была ў гістарычным плане нядоўгай, але яе хапіла, каб навучыць польскай грамаце дзяцей таго часу, каб зафіксаваць уплыў Польшчы на беларусаў.
Па матэрыялах музея адукацыі Столінскага
навучальна-метадычнага кабінета
падрыхтавала Таццяна СЕГЕН

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости