НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Часта чалавек працуе на адным месцы ўсё сваё жыццё. А бывае, што даводзіцца мяняць работу ў сувязі з абставінамі. Цікавы прафесійны шлях ва Уладзіміра Клімаўца – інжынера па лесанарыхтоўках і перапрацоўцы лесу Палескага лясгаса.
У дзень горада ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай Давыд-Гарадоцкага гарадскога выканаўчага камітэта за добрасумленную працу. І менавіта з лясгаса Уладзімір Фёдаравіч у верасні пойдзе на заслужаны адпачынак.

Сам сябе ён з жартам называе ўніверсальным салдатам. І вось чаму.
Нарадзіўся ў вёсцы Туры. Пасля школы хацеў стаць гісторыкам, але прамарудзіў з тэрмінамі паступлення ў педінстытут. Марнаваць год не хацеў, таму падаў дакументы ў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту на будаўнічы факультэт, цяперашні Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту ў Гомелі.
Вучыўся выдатна, пасля заканчэння падаў рапарт і ў 1981 годзе накіраваўся на службу ў чыгуначныя войскі пад Маскву. Служыць спадабалася, але ўмовы для маладых ваенных былі проста жудасныя. Пра жыллё і размовы не было, ды і заработная плата пакідала жадаць лепшага. У той час прафесія ваеннага была не такой прэстыжнай, як зараз.
Давялося вярнуцца на радзіму. У Давыд-Гарадку тады якраз будаваўся электрамеханічны завод. Была вялікая патрэба ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй, таму Уладзіміра забралі з «рукамі і нагамі». Спачатку ён працаваў інжынерам-будаўніком, потым начальнікам аддзела і начальнікам бюро. Завод з кожным годам буйнеў, яго работнікам будавалі жыллё, а зарплата была большай па раёне. Малады інжынер часта бываў у камандзіроўках, у асноўным у Маскве, што яму падабалася.
А потым быў распад СССР, калі ДГЭМЗ застаўся за бортам. Пачалося рэзкае скарачэнне магутнасці, а значыць і штату. Заробленыя грошы не выдаваліся месяцамі. Давялося пакінуць работу, бо трэба было карміць сям’ю. Хоць гэта было і няпростае рашэнне.
– І не толькі для мяне, – дадае Уладзімір Фёдаравіч. – У многіх душа балела, бо завод быў нашым домам. Мы жылі ім, хваляваліся, калі былі праблемы, радаваліся, калі з’яўлялася магчымасць адчыніць новы цэх. Разам будавалі памяшканні, як і звычайныя рабочыя, разам адпачывалі, нашы сем’і сябравалі. І раптам усё гэта знікла.
А далей Уладзімір Клімавец уладкаваўся на Давыд-Гарадоцкі хлебазавод, дзе працаваў амаль на ўсіх рабочых месцах: ад пекара да цеставода. Дарэчы, хлебазавод быў палачкай-выручалачкай для многіх людзей. Хоць была цяжкай работа, але за яе плацілі ў адрозненне ад іншых арганізацый.
Ладзілася ўсё на новым месцы, але адсюль прыйшлося пайсці па стане здароўя. Міжпазваночная грыжа дала пра сябе ведаць. Не мог ні устаць, ні хадзіць.
– Намучыўся я тады, што словамі не перадаць. І добра ўсвядоміў, што здароўе – самае галоўнае для чалавека. Усё астатняе – гэта дробязь. Бо яго не купіш ні за якія грошы, – кажа мой суразмоўца.
Калі трохі ачуняў, зноў пайшоў працаваць і цяпер у ДБПМК-32, праўда, толькі на год. Дарэчы, канвеер для соладу на Давыд-Городоцкім хлебазаводзе – яго рук справа.
А апошнія 10 гадоў аддаў Палескаму лясгасу. Ён адказвае за кантроль лясніцтваў, вывазку драўніны, яе перапрацоўку і рэалізацыю.
– Лес заўжды быў зялёным скарбам краіны. А ў апошні год ён значна падаражэў, паколькі падаражэў ва ўсім свеце. Таму ў нас кожнае дрэўца на ўліку, і без дазволу яго валіць нельга. Пакаранне вельмі сур’ёзнае, аж да крымінальнай адказнасці, – кажа Уладзімір Фёдаравіч.
– Цікава, а дзе ж вам больш за ўсё спадабалася працаваць? – пытаю яго.
– Ведаеце, мне ўсюды было добра, бо я цаніў кожную сваю работу. Не важна, дзе працаваць, а важна як. Я імкнуўся даводзіць свае справы да канца, каб потым, як кажа моладзь, не было «касякоў». Яшчэ люблю прымаўку: калі ўзяўся за гуж – не кажы, што не дуж. А вось чым магу ганарыцца, дык гэта колькасцю сваіх калег. Многа іх у мяне назбіралася з чатырох прадпрыемстваў, –усміхаецца мужчына.
З сямейным становішчам таксама ўсё добра. Жонка Марыя – настаўніца матэматыкі, разам ужо 37 гадоў. Старэйшая дачка Таццяна працягнула адзін з прафесійных шляхоў бацькі – працуе на Столінскім хлебазаводзе. А Кацярына стала першапраходцам у медыцыне – працуе ўрачом-гінеколагам. Часта бываюць у гасцях чатыры ўнукі.
– Чым жа плануеце займацца на заслужаным адпачынку? – гучыць апошняе пытанне.
– Пэўна, рыбаком заядлым зраблюся, накупляю розных рабалавецкіх рэчаў. Буду дадому з гасцінцамі прыходзіць з ракі. Але мне і зараз хапае заняткаў, з жонкай трымаем гаспадарку, бо хочацца, каб родныя натуральнымі прадуктамі харчаваліся. А можа яшчэ якое рамяство здужаю, а можа кніжку напішу. Пабачым! – усміхаючыся, кажа Уладзімір Клімавец.
Гэты матэрыял пра тое, што ніколі не трэба апускаць рукі і адступаць перад цяжкасцямі. Па-добраму зайздрошчу свайму суразмоўцу і раблю вывад: аптымістам заўсёды шанцуе.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости