Гэтым жалезным слупом палякі пазначалі сваю тэрыторыю.
А зараз ён як напамін пра тое, наколькі важна цаніць сваю незалежнасць
Як вядома, да 1939 года па тэрыторыі Столінскага раёна праходзіла мяжа паміж Заходняй і Усходняй часткамі Беларусі. Тэрыторыя Вялікага Малешава была пад уладай Польшчы, а ўжо Малое Малешава – Савецкага Саюза.
17 верасня 1939 года СССР пачаў далучэнне да сваёй тэрыторыі беларускіх зямель, якія былі польскімі практычна 20 гадоў. Сёлета гэта дата прызначана афіцыйным Днём народнага адзінства, паколькі сімвалізуе аб’яднанне беларусаў у межах адзінай дзяржавы. У рамках гэтай парадыгмы Заходняя Беларусь была вызвалена ад прыгнёту памешчыкаў і паланізацыі, беларускі народ стаў жыць у беларускай савецкай рэспубліцы, і гэтае шчаслівае жыццё перапыніла толькі вайна СССР з Германіяй у чэрвені 1941 года.
Прайшло ўжо многа гадоў, таму жывых сведкаў – людзей, якія жылі ў той час, засталіся адзінкі. Мая бабуля Алена Сцяпанаўна Траццякевіч, 1924 года нараджэння, царства ёй нябеснае, часта расказвала, як жылі «пры Польшчы». Расказвала з сумам, паколькі людзі былі ў рабстве.
– Мы не адчувалі сябе асобнай нацыяй. Самае страшнае, што мы вымушаны былі скарыцца, паколькі іншага выйсця не было. Усёй душой ненавідзелі тых, хто быў, па сутнасці, нашымі гаспадарамі. Была беспрасветная бяднота, нават кавалак хлеба быў за шчасце. Нам, беларусам, не давалі зарабіць, каб мы, не дай Божа, не адчулі сябе незалежнымі, – казала бабуля.
Вучыліся толькі на польскай мове, і мая бабуля да скону жыцця пісала па-польску. У яе памяці назаўсёды застаўся выпадак, калі польскі настаўнік за тое, што яна пажартавала, прымусіў яе цэлы ўрок стаяць на каленях на гаросе. І часта біў лінейках па пальцах іншых вучняў.
Добра памятала, што на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца турыстычная база «Прыпяцкі стан», раней была сядзіба польскага пана Ота. Многія мужчыны з вёскі працавалі ў яго рыбакамі. Пасля таго, як прыйшла савецкая ўлада, пан уцёк.
Увогуле, у той час было жыць складана, людзі жылі з кавалачка зямлі. А каб набыць больш, прадавалі сваю маёмасць. Зямля была адзіным спосабам пракарміць сям’ю. Таму бабуля, пабачыўшы, што я пасадзіла газон перад домам, доўга абуралася, быццам я злачынства якое ўчыніла. Маўляў, не жылі вы пры Польшчы.
Засталіся занатаваныя ўспаміны жыхара вёскі Талмачава Аляксея Паўлавіча Талмачэўца, 1926 года нараджэння, якія захоўваюцца ў Вялікамалешаўскім сельвыканкаме:
– Жылі мы за два кіламетры ад таго, што палякі называлі «пас памежны». З польскага боку цягнулася нейтральная паласа шырынёй восем метраў з вышкамі-стражніцамі праз кожныя тры кіламетры. Калі польскія салдаты адлучаліся ад службы (абедалі або пралі бялізну), мы залазілі на бліжэйшую 30-метровую стражніцу і разглядалі з яе Тураў.
Неяк мы сена прыбіралі, а за сто метраў ад нас – «на тым баку» – калгас на палянцы проса высяваў. І мая аднавяскоўка разгледзела сярод калгаснікаў сваячку. Узрадавалася, кінулася да нейтральнай паласы, патруль з крыкамі – за ёй. Яна ў паласе спынілася, крычыць: «Параска, ходь сюды!». Калгаснікаў як ветрам здула.
Ва ўрочышчы Кострыцкае быў панскі двор, дзе жылі памешчыкі. У іх маёнтак уваходзілі землі Церабліч, Талмачава і Кароціч. Гэтая тэрыторыя называлася «Мерлін». Жыхары павінны былі працаваць, а ўзамен пан даваў невялікія кавалкі ворнай зямлі і сенажаці. Мужчыну тры дні на тыдзень трэба было працаваць у пана, а тры ў сябе. А калі ў сям’і два мужчыны, то адзін з іх штодзень парабкаваў.
Пан вырашаў, адпускаць ці не хлопца ў армію, меў права прадаць чалавека альбо абмяняць. Нават жаніцца можна было толькі з дазволу пана. У іншы маёнтак дзяўчат замуж не адпускалі, каб не скарачаць рабочых. Пан мог не толькі прадаваць, але і проста выгнаць людзей са свайго маёнтка.
Паны з Кострыцкага ў параўнанні з іншымі панамі былі беднаватыя, таму ўвесь час прадавалі маёнтак. Апошнім уладальнікам быў пан Былінскі.
У Аздамічах была царкоўна-прыхадская школа, якую я наведваў. Заняткі праходзілі ў яўрэйскай хаце, у якой жыў і настаўнік граматы з Беластока. Ён працаваў у дзве змены. Два разы на тыдзень вучылі рэлігію, спецыяльна прыязджаў дзяк. Кожны вучэбны дзень абавязкова пачынаўся з малітвы выключна на польскай мове.
Хаты былі вельмі маленькія. Не больш чым 7 на 9 аршын (1 аршын –72 см).
Кузня стаяла, але свайго каваля не было. Па сезоне прыходзілі яўрэі з Кароціч па прозвішчы Воўк. У Лутках каля мужыцкіх могілак знаходзіліся панскія, на якіх хавалі паноў з усёй ваколіцы.
Вось такім яно было – жыццё пры Польшчы. Беларуская зямля была калоніяй. Народу не давалі развівацца, каб ён не стаў моцным. З дакладной запіскі Беластоцкага ваяводы Асташэўскага ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы было напісана: «Рана ці позна беларускае насельніцтва падлягае паланізацыі. Яно ўяўляе сабой пасіўную масу, без шырокай народнай свядомасці, без уласных дзяржаўных традыцый. Жадаючы гэты працэс паскорыць, мы павінны адолець старажытную беларускую культуру. У сельскіх валасцях павінна быць паднятая да вышэйшага ўзроўню матэрыяльная культура палякаў. Гэта адно з прынцыповых умоў польскай экспансіі».
У верасні 1939 года ў Заходняй Беларусі большасць насельніцтва з надзеяй вітала савецкія войскі. Палітыка нацыянальнага прыгнёту з боку Польшчы была відавочным фактам для ўсіх, а з-за савецкай мяжы прыходзіла ў асноўным камуністычная прапаганда аб радасным жыцці працоўных у свабоднай савецкай Беларусі. Тыя, хто ў пошуках шчасця пераходзіў мяжу ў СССР, практычна ніколі не вяртаўся.
Не ўсё было проста пачынаць. Цяжка ствараліся калгасы. Потым вайна. Але беларусы ўжо жылі ў СВАЁЙ краіне. Людзі нарэшце пачалі адчуваць сваю значнасць, адбывалася нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Звыклыя да дысцыпліны і ашчадных адносін да зямлі, жыхары Столінскага раёна нарэшце адчулі сябе гаспадарамі СВАЁЙ зямлі. А мяжа, якая раней была паміж Вялікім і Малым Малешавам, ужо не раздзяляе дзве розныя краіны, а толькі вобласці. Жыццё расставіла ўсё на свае месцы. А мы павінны разумець, што жыць у незалежнай краіне – вялікае шчасце. І больш ніколі не перад кім не скарацца.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара