НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

17 верасня – гэтую дату, калі гаварыць адкрыта, помніць не кожны. Хаця гэта значная падзея ў гісторыі нашай краіны, якая стала асновай стварэння сённяшніх граніц Беларусі. Якая роля даты 17 верасня ў станаўленні беларускай нацыі? З такім пытаннем звярнуліся да нашых рэспандэнтаў.

Людміла ЦУПА, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:
Мая прафесійная дзейнасць у школе была звязана з выкладаннем роднай мовы – мілагучнай, дасціпнай, прыгожай і непаўторнай. 17 верасня на ўроку мовы ці літаратуры звярталася да сваіх вучняў з пытаннем: «У нашым Століне ёсць плошча 17 Верасня. З якой па-дзеяй у гісторыі беларускага народа звязана гэта дата?». Прыемна было, калі гучалі правільныя адказы, вучні разважалі, што за гэтай датай – гістарычная справядлівасць для беларускага народа, дзень, калі пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. А часам і даводзілася тлумачыць, што азначае гэты дзень для беларускай нацыі або нават дзе ў Століне знаходзіцца плошча з такой назвай.
Час ідзе, змяняюцца гістарычныя рэаліі. І сёння дзень 17 верасня набыў статус дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства. Адзінства народа – гэта той фундамент, які дапаможа нам захаваць сённяшнія набыткі і дасягнуць новых вяршынь у будучыні. Чарговы лозунг? Не, не так. Няхай кожны з нас адкажа на пытанне: а што я зрабіў у гэтым жыцці? У чым мае ўласныя добрыя справы і дасягненні? Не ў маштабе сусвету, а пачнём з малога – роднага дома, вёскі ці горада, сям’і, блізкіх людзей. І тады ідэя народнага адзінства стане зразумелай і блізкай кожнаму.
А што класікі? Прывяду словы Янкі Купалы: «Беларус-католік ці беларус-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». У наш час гучыць актуальна. Няхай мы прытрымліваемся розных поглядаў, але веру ў тое, што мудрасць і разважлівасць, уласцівыя нашым людзям спрадвеку, дапамогуць захаваць адзінства нацыі, родную зямлю, незалежнасць нашай краіны.

Міхаіл ЛЕМЯЗА, дырэктар сярэдняй школы № 1 аграгарадка Альшаны, які 17 верасня адзначае свой дзень нараджэння:
Несумненна, 17 верасня 1939 года адбылася значная падзея для нашага народа. Беларусь атрымала права лічыцца нацыяй. Нават страшна ўявіць, што на працягу 18 гадоў патрэбна было звыкаць да чужой мовы, новага ўкладу жыцця, да іншых традыцый і рэлігіі. Прычым, звыкаць не па сваёй волі, а пад прымусам. Беларусы – гэта ўнікальныя людзі, добрыя і шчырыя, чым і карысталіся краіны-захопнікі.
Нашай краіне давялося прайсці праз столькі выпрабаванняў, каб, нарэшце, стаць незалежнай! Але гэта каштавала таго, бо менавіта ў незалежнасці і заключаецца сіла нацыі. Урэшце, мы заслужылі сваю Беларусь.
Пасля таго, як адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, людзі адчулі сябе людзьмі, а не рабамі. Няхай пэўны час жылося бедна, але ўжо не пад прыгнётам. Была будучыня. Пачала адраджацца беларуская мова, але потым вайна, цяжкі пасляваенны час, калектывізацыя, аднаўленне краіны, і ўжо не да мовы было. А патрэбна, каб на ёй размаўлялі з маленства, а не проста вывучалі ў школе.
Канешне, патрыятызм заключаецца не толькі ў валоданні роднай мовай. Ён павінен зараджацца ў сэрцах людзей. А для гэтага яны павінны адчуваць, што патрэбны сваёй краіне, сваёй уладзе, іх чуюць і разумеюць. Бо жыць хочацца там, дзе добра.
Усе, хто прыязджае ў Альшаны, дзівуюцца, адкуль столькі дыхтоўных дамоў. Усё проста: людзі многа працуюць на зямлі, якая тут самае большае багацце.
Але трэба думаць пра будучыню і развіваць гэты рэгіён. Трэба рухацца наперад, не спыняцца на дасягнутым. Абавязкова ствараць рабочыя месцы, каб нашым грамадзянам не даводзілася выязджаць на заробкі ў іншыя краіны. Чалавеку патрэбна ўпэўненасць у заўтрашнім дні, тады ён ніколі не дасць сваю краіну ў крыўду.
Нас ведаюць як міралюбівую нацыю, якая ніколі не была і не будзе агрэсарам. Нас паважаюць у іншых краінах. «О, беларусы», – вітаюцца замежныя грамадзяне. І гэта вельмі прыемна.
17 верасня мы афіцыйна сталі адной краінай, хоць былі ёй заўсёды. Таму гэтая дата, асабіста для мяне, сімвалізуе вялікую справядлівасць. І я, як дырэктар школы, хачу, каб яе вучні сталі сапраўднымі беларусамі, каб бераглі нашу гісторыю і рабілі ўсё для працвітання роднага краю. І памяталі, што Беларусь – гэта самадастатковая дзяржава, якая больш ніколі не будзе пакоранай.

Ірына ТАРЧЫЛА, старшыня прафкама раённага спажывецкага таварыства, член раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын»:
Зусім не дзіўна, што Дзень народнага адзінства мы будзем адзначаць менавіта 17 верасня, бо ў гэты дзень аднойчы ўжо адбылося знакавае аб’яднанне нацыі – Заходняй і Усходняй Беларусі.
Ці змогуць жыхары нашай агульнай краіны аб’яднацца дзеля міру і спакою? Я думаю, што змогуць. Я ў гэта веру. І гэты працэс залежыць ад кожнага з нас і пачынаецца нават не з палітыкі, а з сям’і. Я бачу ў гэтым вялікую ролю жанчыны – захавальніцы сямейнага ачагу, спакою ўнутры сям’і, пэўнага настрою ўнутры свайго калектыву. Мы мірная нацыя, якая проста жадае самастойнасці і незалежнасці.
Якія б палітычныя і эканамічныя падзеі ні чакалі Беларусь у будучыні, мы – жыхары адной краіны. Мы павінны быць адным цэлым. Веру, што такое свята на дзяржаўным узроўні дапаможа нам чарговы раз успомніць пра сваё мінулае; берагчы тое, што мы маем, і задумацца пра далейшы лёс беларусаў.

Сяргей ВЯЧОРКА, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Столінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:
Сярод нас жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, рэлігій і культур. Гэта разнастайнасць стала візітнай карткай Беларусі, бо кожны – беларус, расіянін, украінец, паляк… – прынёс нешта сваё і мы атрымалі ўнікальную спадчыну. І пра мінулае мы не павінны забываць, неабходна ведаць сваю гісторыю, карані, каб захаваць тое, што маем, дзеля міру і згоды ў грамадстве, дабрабыту і працвітання будучых пакаленняў.
Гэтая задача набывае асаблівую важнасць ва ўмовах працэсаў, якія адбываюцца на міжнароднай арэне, ды і ў самой Беларусі. У маім разуменні першаасновай усяму павінна стаць гістарычная памяць. І важнай датай у гэтым кірунку з’яўляецца 17 верасня. На прыкладзе аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі можна гаварыць пра гістарычную справядлівасць. Тэрыторыя адной краіны была па-дзелена мяжой як наступствы Рыжскага мірнага дагавора. Падзеі восені 1939 года маюць вялікае значэнне для гісторыі Беларусі і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. З гэтага моманту беларусы сталі жыць у адной дзяржаве – БССР. Таму і ўстанаўленне такога дня, на мой погляд, паспрыяе захаванню аб’ектыўнай гістарычнай памяці аб знакавых падзеях у жыцці ўсяго народа і дзяржавы. І гэта неабходна кожнаму з нас, бо сучасныя ўмовы інфармацыйнай вайны дыктуюць свае правілы. Узнікаюць спробы фальсіфікацыі і скажэння падзей таго далёкага часу. Нам, беларусам, спрабуюць расказаць тое, што выгадна іншым, але яно не адпавядае рэчаіснасці. І што нас чакае, калі мы забудзем пра рэальныя перадумовы падзелу краіны, пра падзеі ваенных ліхалеццяў і іх наступствы, якія да гэтага часу трывожаць людскія сэрцы? Толькі аб’ектыўнасць і яднанне дапаможа нам не дапусціць памылкі, кошт якой – будучыня народа, нашых дзяцей і ўнукаў. І згадваць пра гэта неабходна не толькі напярэдадні дзяржаўнага свята, а кожны дзень, кожную хвіліну, бо мы – адзіны народ.

Матэрыялы старонкі падрыхтавалі
Лілія ГУШЧА, Людміла Каспяровіч, Ганна Мельнік, Таццяна СЕГЕН
Фота аўтараў

Оставить комментарий

Похожие новости