• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    11C

    Шчаслівы, калі дзеці турбуюць пытаннямі

    21.10.2022

    622

    0

    5/5 - (1 голос)
    Дырэктара ААТ «Новая Прыпяць» Івана Слуцкага звыкла бачыць у ролі кіраўніка – строгага, дзелавога, які займаецца вытворчымі справамі гаспадаркі. Нядаўна ў мяне з’явілася магчымасць пазнаёміцца з ім як з бацькам шасцярых дзяцей.
    Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заснавана новае свята – Дзень бацькі, якое адзначаецца 21 кастрычніка.  Да таго ж Іван Іванавіч напярэдадні – 19 кастрычніка – сустрэў свой 45-гадовы юбілей!
    У доме юбіляра сустракаюць жонка Марыя, а таксама трое малодшых дзяцей. Сын Дзмітрый – зусім дарослы юнак – вучыцца ў 10 класе СШ № 2 г. Давыд-Гарадка. Марыць пайсці па бацькоўскім шляху і працаваць у сельскай гаспадарцы. Асабліва прываблівае яго тэхніка, таму хоча стаць інжынерам. Дачушка Насця вучыцца ў пятым, а самая малодшая і самая гаваркая Ульяна – у трэцім класе. Дзяўчынкі першымі павіншавалі бацьку з днём нараджэння і ўручылі свае падарункі – малюнкі і паветраныя шарыкі. А вось трое старэйшых дзяцей – ужо самастойныя і прыедуць на выхадныя, каб сабрацца ў сямейным коле.
    Старэйшая Дар’я – архітэктар, жыве з мужам у Мінску. У сталіцы і другая дачка Алеся, якая зараз на шостым курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яна таксама замужам і ў мінулым годзе надала свайму бацьку яшчэ адзін важны статус – дзядулі, нарадзіўшы дачку Сафію. Сын Ілья з’яўляецца студэнтам трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, у якім атрымлівае спецыяльнасць інжынера.
    – Мы з жонкай за тое, каб дзеці былі свабодныя ў сваім выбары, тым больш у прафесійным, – дзеліцца Іван Іванавіч. – Даша, напрыклад, заўсёды марыла стаць архітэктарам, таму зараз атрымлівае асалоду ад сваёй работы. І мы з жонкай рады.
    – Іван Іванавіч, калі ласка, адкажыце шчыра, ці лёгка сумяшчаць пасаду кіраўніка і ролю мнагадзетнага бацькі?
    – Я цвёрда ўпэўнены, што адно другому не павінна перашкаджаць, бо інакш праблем будзе вышэй за галаву. Работа, якая б яна ні была, не каштуе сям’і. І кропка. Дзяцей лічу сваім самым галоўным багаццем. А калі мужчына, прыкрываючыся работай, усе клопаты пра дзяцей перакладвае на плечы жонкі, то ён звычайны баязлівец. Якім бы я не быў стомленым, колькі б рабочых праблем не круцілася ў галаве, ніколі не адмоўлю ў дапамозе свайму дзіцяці, заўсёды выслухаю. Больш таго, шчыра скажу, я шчаслівы, калі дзеці турбуюць сваімі пытаннямі.  Значыць, яны бачаць ува мне дарадчыка, пацвярджаюць мой аўтарытэт, давяраюць. Так было ў маёй сям’і, у якой я старэйшы з 12-ці дзяцей. Бацька быў брыгадзірам у мясцовым калгасе, таксама заняты, але для нас знаходзіў час. Нават стаўшы дарослым, прыходзіў да яго па параду. Удзячны яму за гэта і хачу, каб мае дзеці маглі заўсёды на мяне спа-дзявацца. Асабіста я зразумеў адну важную рэч: не бацькі патрэбны дзецям, а дзеці – бацькам. Дзеці напаўняюць жыццё сэнсам, даюць стымул, дапамагаюць адчуваць сябе важнымі.
    – У вас чатыры дачкі і два сыны. Ці ёсць адрозненне ў выхаванні?
    – Канешне, ёсць. Дочкі – гэта мае брыльянты, я іх імкнуся аберагаць, каб яны адчувалі, што слабейшыя, а не станавіліся мужчынамі ў спадніцах. Жанчына павінна быць жанчынай. Няхай яна рэалізуецца ў прафесіі, кіруе калектывам, смела ездзіць на аўтамабілі, але ўсё роўна павінна быць пад абаронай. Таму для зяцёў у мяне спецыяльны кастынг (смяецца). А вось сваіх сыноў вучу быць сапраўднымі мужчынамі, каб яны бралі на сябе адказнасць, не баяліся цяжкасцяў, вырашалі праблемы, а не пазбягалі іх. У гэтым і заключаецца галоўнае адрозненне.
    – Значыць, у вас строгі бацька? – пытаю дзяцей, якія таксама прысутнічаюць пры нашай размове.
    – Хутчэй не, бо з бацькам можна дамовіцца, а вось з маці – не заўсёды, – чэсна адказваюць тыя. – Бацька вельмі добры, вось толькі падман ён не даруе, таму толькі праўду трэба расказваць яму.
    Але, як гаворыцца ў прымаўцы, мужчына – галава, а жонка шыя. Таму некалькі пытанняў адрасую і Марыі. Дарэчы, у наступным годзе на дзень закаханых будзе яшчэ адна нагода, каб сабрацца ўсім разам, – сярэбранае вяселле. Пазнаёміліся ў юным ўзросце, і першае каханне перарасло ў моцны шлюб. Па адукацыі Марыя – медыцынская сястра, але зараз працуе старшым аператарам на АЗС «Беларусьнафта». Дарэчы,  яна з’яўляецца ўладальніцай самай важнай узнагароды – ордэна Маці, які атрымала 10 гадоў таму.
    – Я шчасліва, што ў маіх дзяцей такі бацька, як Іван, – дадае жанчына. – Значыць, я не памылілася са  сваім самым галоўным выбарам у жыцці. І мне ў гэтым, лічу, пашанцавала.
    А мне пашанцавала пабываць у гасцях у сям’і Слуцкіх.  І чым больш такіх сем’яў, тым мацней наша дзяржава.
    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика