• ru
  • by
  • 6 мая

    USD

    EUR

    Столин

    13C

    Раённы этап конкурсу “Сям’я года” прайшоў на мінулым тыдні ў Століне.

    05.04.2019

    140

    0

    Rate this post

    На сцэне кінатэатра “Экран” разгарнулася цікавае дзейства, галоўнымі героямі якога былі тры мнагадзетныя сям’і: Сяргея і Галіны Федарчукоў з Вулька-Араі, Рыгора і Наталлі Літвін з Гарадца і Мікалая і Людмілы Бараноўскіх з Манькавіч.
    На працягу конкурснай праграмы гледачы і члены журы даведаліся шмат рознабаковай інфармацыі пра ўдзельнікаў. Гэта і гісторыя роду, і візітная картка кожнага члена сям’і, і творчыя здольнасці, захапленні, а таксама кулінарныя прыхільнасці.
    Трэба адзначыць, што сем’і правялі глабальную работу, каб расказаць пра сваё генеалагічнае дрэва. Актыўна ў гэтым працэсе былі задзейнічаны і дзеці. Фотаздымкі, вершы, музычнае суправаджэнне – усё гэта дало магчымасць акунуцца ў мінулае нашых канкурсантаў. А часам і ўзгадаць часы ліхалецця праз лёсы родных, якім давялося прайсці пекла Вялікай Айчыннай вайны.
    Пра дасягненні ў рабоце і вучобе кожнага прадстаўніка ячэйкі грамадства сведчылі шматлікія граматы, дыпломы, кубкі. Карацей кажучы, цяга да ведаў і здаровы лад жыцця – прыярытэт нашых мнагадзетных сем’яў.
    І з жартамі, і ўсур’ёз падышлі канкурсанты да творчага конкурсу. Скажу, што гледачам сумна не было.
    Журы пад началам старшыні Столінскага райсавета дэпутатаў Аляксандра Ярашэвіча прыйшлося цяжкавата ў вызначэнні пераможцаў. Таму што па колькасці балаў адрыў быў мінімальным паміж удзельнікамі.
    Тым не менш званне “Сям’я года” атрымала сям’я Федарчукоў, званне “Самая творчая сям’я” – сям’я Літвін і званне “Самая дружная сям’я” – сям’я Бараноўскіх. Усе атрымалі дыпломы і прызы.
    Арганізатары мерапрыемства – тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – шчыра дзякуюць за падтрымку і дапамогу ў правядзенні конкурсу прафсаюзным камітэтам ДРБУ-141, КСУП “Прыгарынскі-2012” і Беларусбанка (менавіта тут працуюць мужчыны з сем’яў-канкурсантаў), а таксама старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Міхаілу Карплюку, кіраўнікам Столінскага і Давыд-Гарадоцкага хлебазаводаў, настаяцелю храма аг. Дубай айцу Васілію, Дому культуры в. Манькавічы і іншым. Асаблівыя словы ўдзячнасці наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў за цудоўныя музычныя нумары ў ходзе конкурсу.

    Тэкст і фота
    Алены КЛІМУШКА

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика