• ru
  • by
  • 19 мая

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Пункт погляду: А я веру!

    22.04.2022

    323

    0

    Rate this post

    Яшчэ Арыстоцель папярэджваў: «Калі забываюць вайну, пачынаецца новая. Памяць – галоўны вораг вайны…»
    На жаль, гэтыя прарочыя словы здзяйсняюцца. Напярэдадні Дня Перамогі натыкаюся ў інтэрнэце на загалоўкі, якія адпавядаюць сучаснай рэальнасці:
    «Тры помнікі савецкім салдатам знясуць у Польшчы ў сераду, 20 красавіка. Пра гэта паведамляе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы».
    «Міністр культуры Літвы Сімонас Кайрыс падпісаў загад, згодна з якім будзе дазволена дэманціраваць савецкія помнікі, паведамляе прэс-служба ведамства балтыйскай рэспублікі».
    «У Эстоніі прадставілі законапраект аб дэмантажы помнікаў савецкім салдатам».
    «У Балгарыі заклікаюць знесці знакаміты помнік «Алёша».
    «3 красавіка 2020 года раённыя ўлады Прагі знеслі помнік маршалу Савецкага Саюза Коневу Івану Сцяпанавічу».
    «У Харкаве дэманціраваны помнік савецкаму палкаводцу маршалу Жукаву. Як паведаміў лідар Харкаўскага Нацкорпуса Канстанцін Немічаў, гэта зрабіла спецпадраздзяленне «Кракен».
    Чытаю і не веру, што гэта адбываецца на самай справе. Што ж гэта за сусветная істэрыя? Каму перашкаджаюць помнікі подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне? Як, увогуле, можа рука падняцца на такія дзеянні? Чаму так бязлітасна чалавецтва пазбаўляецца ад свайго мінулага?
    Пытанняў – безліч. І ўсе яны застаюцца без адказу. Мне дзіўна глядзець, як дарослыя людзі, з пенай на губах даказваюць, што Вялікая Перамога – гэта міф, альбо па-моднаму «фэйк». Адкажыце, як атрымалася, што нашчадкі тых салдатаў, якія гінулі на палях баёў, так лёгка адхрэшчваюцца?
    Нядаўна гутарыла са знаёмым. Абмяркоўвалі сітуацыю ў суседняй краіне – тэму нумар адзін ва ўсім свеце. Пункты погляду нашы не супадалі, але дыскусія была даволі спакойнай, не пераходзілі межы. А калі размова зайшла пра Дзень Перамогі, ён заявіў: «А я не веру нашым дзядам. Усё пра вайну – хлусня. Па-іншаму было ўсё. Хто яны такія – савецкія салдаты?».
    Ведаеце, у мяне быў шок. Здзівіла нават не тое, што, а як ён гэта сказаў: з упэўненасцю на 100 працэнтаў. І гэта той чалавек, які нарадзіўся ў краіне, кожны трэці жыхар якой загінуў у вайне!
    Я не стала спрачацца. Я проста не бачыла ў гэтым сэнсу і не хацела траціць свае эмоцыі на пустую сварку. Такое пачуццё, быццам выбілі глебу з-пад ног. Паспяшалася перавесці тэму на нейтральную, маўляў, агарод трэба садзіць, а цяпла няма і штосьці ў такім родзе.
    А потым мне стала страшна. Калі ў такім узросце можна так лёгка адмовіцца ад свайго мінулага, то што будзе, калі выхоўваць дзяцей на такой «праўдзе»?
    А я веру сваім дзядам! Веру і шаную іх памяць. Мне пашчасціла прыйсці ў прафесію, калі яшчэ былі жывыя ветэраны. Кожную сустрэчу з імі я ўспрымала як падарунак, і прагна слухала кожнае слова. Не проста слухала, а і ўяўляла тое, што давялося перажыць ім. І як маладзенькая медыцынская сястра Ліда Башнікава, толькі што скончыўшая вучылішча, асісціравала на аперацыі, у якой такому ж маладзенькаму хлопцу адразалі параненую нагу ледзь не пад адкрытым небам. Як яна выцягвала з поля бою мужчын, удвая цяжэйшых за сябе. І як маладосць пад кулямі праходзіла.
    Як, ужо будучы сямейным чалавекам, пайшоў на фронт Аляксандр Міхлюк з вёскі Аздамічы. І як ён хутка звык да смерці. Як разам з сябрам дабіраўся да шпіталя, губляючы прытомнасць пасля ранення ў руку, якой ён трымаў кулямёт.
    Як выжывала ў канцэнтрацыйных лагерах Штутхофе, Равенсбруку, Бухенвальдзе жыхарка Вялікага Малешава Ефрасіння Хамляк.
    Як Пётр Бруцкі-Сцямпкоўскі з Альпеня распісаўся на сценах Рэйхстага і верыў, што іконка Божай Маці, падораная матуляй, ратавала яго ад смерці ў час Вісла-Одэрскай аперацыі.
    А колькі пра вайну расказвала мне мая нябожчыца бабуля Алена, якая ў 17 гадоў разам з 14-гадовай сястрой Наталкай была вывезена ў Германію. Родны брат якой Уладзімір як пайшоў у армію ў 1939 годзе, так дадому вярнуўся толькі ў 1947 годзе. Быў у палоне, вазваляў Польшчу і яшчэ на Японію пайшоў. Мне не ім верыць, а міністру Эстоніі? Што за бязглуздзіца?
    Многія сябры ведаюць, што 9 Мая – маё самае любімае свята. У нас з бабуляй была традыцыя: кожны год у гэты дзень я прыходзіла да яе, яна ставіла на стол «чакушку» з гарэлкай (іншага спіртнога напою баба не прызнавала), каўбасу, яечню і іншыя стравы. Спачатку памінала ўсіх, хто не прыйшоў з вайны, а потым пачынала расказваць. 15 гадоў кожны Дзень Перамогі мы зноў і зноў пераносіліся ў мінулае. Як чакалі лістоў ад сваіх сыноў маці, як жонкі заставаліся ўдовамі з дзецьмі на руках, як родная цётка пахавала двух сыноў і двух зяцёў. Як радаваліся Перамозе і як ганарыліся ёй. Як мужчыны-ветэраны збірался каля клуба і пачыналі дзяліцца сваімі ўспамінамі за чаркай на свята. Часта паўтарала, што беларусы здабывалі Перамогу, таму і палегла іх так многа. Раіла хлопчыкаў Васілямі называць, бо мужчын з такім іменем найбольш вярнулася з вайны.
    І ці магла падумаць бабуля, што зараз такіх, як яна, палічаць падманшчыкамі? Прабач мне за іх.
    А ім няхай прабачыць Бог…
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика