• ru
  • by
  • 18 мая

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Прывіваць любоў да радзімы

    06.10.2023

    276

    0

    5/5 - (1 голос)

    З Таццянай Дзеніскавец мы ўпершыню пазнаёміліся сем гадоў таму ў вёсцы Туры.

    Таццяна разам з сям’ёй жыве ў Гомелі, але часта бывае ў роднай вёсцы, якую вельмі любіць.
    Пасля заканчэння Хорскай сярэдняй школы атрымала адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Выкладчык беларускай мовы і літаратуры, гісторыі». І ў 2011 годзе ўладкавалася на работу ў Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж.
    За гэтыя гады яна атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэте імя І. П. Шамякіна па спецыяльнасці «адукацыйны менеджмент».
    З 2022 года Таццяна Дзеніска-вец з’яўляецца ўдзельнікам абласнога літаратурнага аб’яднання «Пралеска», мае публікацыі ў літаратурна-мастацкім часопісе «Метамарфозы». У мінулым годзе заняла трэцяе месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу-эсэ «Залатое пяро Белай Русі». Таксама ў гэтым годзе яна заняла трэцяе месца ў Міжнародным літаратурным конкурсе «Славянскі калейдаскоп» у намінацыі «Публіцыстыка». Падрыхтавала навучэнца да ўдзелу ў конкурсе чытальнікаў «Ода настаўніку», які праводзіўся Дзмітроўскім тэхнікумам (Расія). З 40 прадстаўленых работ праца ўвайшла ў васьмёрку лепшых і была адзначана спецыяльным дыпломам «За сапраўдную адданасць і любоў да роднай мовы».
    Ужо ў пачатку гэтага навучальнага года Таццяна разам з навучэнцамі прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі-свяце «Славянскія літаратурныя дажынкі». А яшчэ яе чакаў прыемны сюрпрыз на педагагічным савеце: ёй уручылі грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у навучанні і выхаванні моладзі.
    Жанчына заўсёды ў курсе ўсіх навін Столінскага раёна, а вершы яе аўтарства неаднаразова друкаваліся на старонках газеты «Навіны Палесся».
    – Таццяна, рада вітаць цябе ў родных мясцінах. Ведаю з тваіх сацыяльных сетак, што ты даволі паспяхова праводзіш вялікую работу па захаванню культурнай спадчыны. Калі ласка, падзяліся з чытачамі.
    – Сапраўды, разам з навучэн-цамі многа працуем над гэтай тэмай. Я імкнуся данесці ім, што толькі ведаючы мінулае свайго народа, ашчадна захоўваючы яго, мы будзем упэўнена крочыць наперад у сваім развіцці як нацыя. Бо калі чалавек цураецца сваіх каранёў, калі не шануе здабыткі нашых продкаў, ён паддаецца ўплыву іншых. Мая задача, як выкладчыка, не толькі навучыць прадмету, але і навучыць быць грамадзянінам краіны. І тут мала гаварыць, трэба дзейнічаць. У мінулым навучальным годзе я выступіла ў якасці навуковага кіраўніка працы «Вясельныя абрады», прадстаўленай на вучэбна-даследчай канферэнцыі навучэнцаў «У свеце пошуку, у свеце навукі», якая заняла трэцяе месца. А сёлета мы сталі пераможцамі ў гэтай жа канферэнцыі з працай «Прымхі». Сабралі шмат матэрыялу і, што самае галоўнае, навучэнцам было цікава. У нас вельмі многа абрадаў і традыцый, якія, упэўнена, трэба захоўваць. Можна, канешне, перайначваць на сучасны лад, галоўнае, каб яны не зніклі. Але ўсё пачынаецца з сям’і, у якой нарадзіўся. Вельмі важна з маленства прывіваць любоў да радзімы, да роднага куточка, да прыроды, і ў гэтым вялікую ролю маюць бацькі, бабулі і дзядулі. Мне ў гэтым сэнсе моцна пашанцавала, бо маё дзяцінства было вельмі цікавым і насычаным.
    – Дарэчы, акрамя выкладчыцкай дзейнасці, ты яшчэ паэт і пісьменнік! Што цябе падштурхнула да напісання вершаў, і што асабліва натхняе?
    – Першым быў верш «Бывай, школа», які я прысвяціла сваёй роднай школе, і які, да слова, быў надрукаваны ў маёй любімай газеце «Навіны Палесся». Ён узнік, як парыў душы, ды і ўсе мае вершы – ад сэрца. Я вельмі люблю занатоўваць у кніжныя старонкі само жыццё, бо надта яно хуткаплыннае. Здаецца, нядаўна з бабуляй і дзядулем цэлай кампаніяй унукаў ездзілі нарыхтоўваць сена. А вось з’явіўся верш, як з начлегам на Прыпяць едзіла я ўжо са сваёй сям’ёй… Я ашчадна захоўваю вышыванку сваёй прабабулі Ганны, у якой яна сустракала Дзень Перамогі ў 1945 годзе. І абавязкова перадам яе сваёй дачцэ, бо гэта не проста сукенка, гэта сувязь пакаленняў. Зерне, якое мы сеем сёння, у будучыні давядзецца збіраць. Хочацца, каб той ураджай быў лепшага гатунку і складаўся з любові, павагі і адданасці сваёй Радзіме.
    – Большасць сваіх вершаў і твораў ты пішаш на беларускай мове. І яе выкладаеш у каледжы.
    – Ведаеце, я нават думаю на роднай мове. Дзякую сваёй настаўніцы Таісіі Іванаўне Прыка за гэта. Увогуле, беларуская мова – гэта як цёплая коўдра, якую накідаеш на плечы, і адразу ўтульна робіцца. Каб яна гучала, трэба на ёй размаўляць. Добра, што навучанне ў вясковых школах адбываецца на беларускай мове, і добра было б, каб так працягвалася і ў гарадскіх школах, ліцэях, каледжах, універсітэтах. Нічога не маю супраць рускай мовы, на якой гавораць мільёны людзей, але мы, беларусы, павінны захаваць сваю. Не так даўно здзейснілася адна з маіх мараў – выйшлі зборнікі вершаў для дзяцей «Ад лета да лета», «Дзіцячыя забавы», «Біблітэка». Буду вельмі задаволена, калі творы з іх будуць вучыць на памяць маленькія беларусы (усміхаецца).
    – Таццяна, а як атрым-ліваецца сумяшчаць актыўную прафесійную дзейнасць і ролю мамы, жонкі?
    – Бывае складана. Думаю, чаму ў сутках так мала гадзін (смяецца). Але для мяне важна штосьці рабіць, дасягаць, імкнуцца. У гэтым бачу сваё прызначэнне і, паверце, ляжаць на канапе, нават, калі хварэю, не магу. Мой муж Віктар, які працуе на АЗС, здзіўляецца, што ноччу ў мяне можа быць другая змена. А вось дзеці ўжо звыклі, што ў іх такая маці. Яраслаў – неаднаразовы пераможца і прызёр конкурсаў па танцавальным спорце, аб’яднанне юных журналістаў наведвае. Лія займаецца мастацкай гімнастыкай, скрыпкай, маляваннем. Я хачу, каб у іх быў выбар і яны знайшлі для сябе тое, што ім будзе па душы і стане справай іх жыцця. А вось адпачынак у нас толькі сумесны. І самы любімы з іх, канешне, на Прыпяці.
    Гутарыла
    Ганна МЕЛЬНІК

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика