• ru
  • by
  • 4 мая

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Прырода – лепшы мастак

    15.12.2023

    352

    0

    Rate this post

    – Аглядзіцеся навокал! Якая прыгажосць! – кажа Любоў Стрыга. – Усё можна зрабіць з прыродных матэрыялаў – адрэзкаў дошак, галінак, шышак ці старой бабулінай фіранкі… У ход можа ісці любая рэч – ад вінтажнай да сучаснай. Патрэбна толькі жаданне ствараць, фантазія і крышачку цярпення. Таму што ствараць нейкую цацку, асабліва навагоднюю ці калядную, сваімі рукамі – гэта справа даволі працяглая.
    Мы прапанавалі Любові Стрыга паўдзельнічаць у новым конкурсе ад нашага выдання, таму што яна на працягу двух дзясяткаў гадоў «круціцца» ў гэтай галіне.
    Калісьці настаў той момант, калі захапленне перарасло ў бізнес, але прага да мастацтва ўзяла сваё – жанчына вярнулася да вытокаў і перш за ўсё лічыць гэта сваім хобі.

    – Гэта асэнсавана я займаюся стварэннем інсталяцый і лялек на працягу 23 гадоў, – гаворыць Любоў Уладзіміраўна. – А пачалося ўсё, здаецца, у першым класе, калі я наведвала гурток пры Доме піянераў у Століне. У нас была вельмі таленавітая настаўніца, якая нават апраналася вельмі стыльна на той час. Яна навучыла мяне і вышываць, і вязаць кручком. Таксама ў гэтым мне дапамагалі мае маці і бабуля.
    Нейкі час таму Любоў Стрыга ўдзельнічала ў майстар-класах па фларыстыцы, а потым на сваім хутары вучыла і другіх людзей, хто захацеў атрымаць новыя веды. Але, як прызналася жанчына, апошнім часам многія пайшлі ў інтэрнэт і сабраць людзей для асабістай сустрэчы даволі складана.
    Што тычыцца апошніх інсталяцый на навагоднюю і калядную тэматыкі, то Любоў Уладзіміраўна рабіла ўсё на працягу ўсяго лістапада, таму што дакладна ведае, колькі патрэбна часу. Дасі сабе слабінку – і не паспееш зрабіць.
    – Я і раней, і зараз выкарыстоўваю ў сваіх вырабах усё тое, што, як кажуць, перакідаецца пад нагамі. Вось у мужа ёсць невялічкая сталярная майстэрня, і ён мне збірае там адрэзкі ўсялякія. Зайду я да яго, трымаю ўсё ў руках – ну, не тое. Мне патрэбны дошкі больш мудрагелістыя, свілаватыя, з сучкамі і расколінамі. І вось я адразу ўяўляю, што тут будзе рачулка, а тут – масток ці дрэва. Прырода сама «малюе» карцінку – трэба только заўважыць і паспрабаваць ажыццявіць усё тое, што паказалася ў думках. Прырода – лепшы мастак.
    P. S. Калі вы творчы чалавек і адным з хобі для вас з’яўляецца стварэнне інсталяцый, цацак ці лялек, дык гэты конкурс «Новы год з «НП» для вас. Што патрабуецца? Зрабіць (асабіста ці калектыўна) навагодняе ўпрыгожванне (ляльку, цацку, інсталяцыю) і даслаць фота ў рэдакцыю «Навіны Палесся» з кароткім апісаннем і ўказаннем аўтарства і нумара тэлефона (для сувязі). Магчыма, менавіта вы – будучы пераможца ці прызёр! Жадаем поспехаў!
    Аляксандр НІКІФАРЭНКА
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика